Грамадства1313

Чаму беларускія дзеці гінуць на занятках па фізвыхаванні?

Тры юнацкія смерці ў канцы красавіка—пачатку мая — страшныя лічбы для маленькай Беларусі. Расследаванне газеты «Звязда».

18‑гадовы Глеб памёр у мінскім Парку Горкага падчас лёгкай прабежкі. 16‑гадовы Паша і 21‑гадовы Вадзім загінулі пасля стаметровак.Тры юнацкія смерці ў канцы красавіка—пачатку мая — страшныя лічбы для маленькай Беларусі. «Звязда» правяла сваё журналісцкае расследаванне і даведалася пра абставіны гібелі хлопцаў, якія не паведамляліся афіцыйна.

Ці магчыма было пазбегнуць трагедый? Cпецыяльны карэспандэнт высвятляў гэта пытанне.

Пра смерці на ўроках фізкультуры «Звязда» пісала яшчэ сёлета ў лютым. Тады мы расказалі гісторыю трэцякурсніка Мінскага інстытута кіравання Мішы Зырко, які ў пачатку навучальнага года загінуў падчас звычайнай прабежкі. Паваліўся на баскетбольнай пляцоўцы, «хуткая», па словах відавочцаў, прыехала праз 15 хвілін, дэфібрылятара ў ёй не аказалася, Мішу не выратавалі.

Пракуратура высветліла, што ў хлопца былі шматлікія парокі, але ў медыцынскіх дакументах гэтага не пазначылі. За смерць Мішы ніхто не адказваў.

Тады мы папярэджвалі бацькоў, дактароў і настаўнікаў пра выключную важнасць медаглядаў, пра тое, якім павінен быць правільны падыход да выкладання фізкультуры.

Ад моманту публікацыі не прайшло і трох месяцаў. І як толькі пачаліся цёплыя дзянькі — у краіне здарылася чарговая хваля недарэчных смерцяў. Дзеці пачалі здаваць нарматывы і займацца бегам на доўгія дыстанцыі.

У «хуткай дапамозе» не аказалася дэфібрылятара

Раніцай 3 мая ў мінскім Парку Горкага рабілі прабежку студэнты лінгвістычнага ўніверсітэта. 18‑гадовы першакурснік Глеб Пашкевіч нечакана паваліўся, пасінеў. «Хуткая» прыехала своечасова, але медыкі не змаглі ўратаваць хлопца. Прычына смерці — раптоўнае спыненне сэрца. Так гучыць афіцыйная версія смерці Глеба. Яе агучылі інфармацыйныя агенцтвы.

Дакладную карціну той трагічнай раніцы склаў Юрый Уладзіміравіч, дзядзька Глеба Пашкевіча. На пахаванні пляменніка ён меў размову з непасрэдным відавочцам трагедыі — выкладчыкам фізкультуры.

— Прыкладна ў 9.45 група прыйшла займацца ў Парк Горкага. Нарматываў не здавалі, працавалі ў так званым вольным рэжыме. Глеб пабег уздоўж Свіслачы разам з аднагрупніцай Юляй, так прабеглі адзін круг. Аднагрупніца спынілася, перайшла на крок, а пляменнік пабег далей. І праз 50—70 метраў паваліўся. Пачалі крычаць: «Хлопцу кепска!» Глеб ляжаў на жываце, як бы абапёршыся на руку, ссінеў. Пачалі аказваць першую дапамогу. «Хуткая», па словах выкладчыка фізкультуры, прыехала праз 5‑7 хвілін.

У машыне «хуткай» не аказалася дэфібрылятара, а гэта, верагодна, магло выратаваць пляменніку жыццё. Так званы рэанімабіль прыбыў яшчэ праз дзесяць хвілін, але было позна.

Праз нейкі час мы даведаліся, што ў падобных выпадках усё вырашаюць першыя хвіліны. Магчыма, Глеба ўдалося б уратаваць, калі б медыкі першай «хуткай» мелі дэфібрылятар. Гэта абурае! Мы ж не Афрыка, а краіна ў цэнтры Еўропы.

На дварэ ХХІ стагоддзе, а медыкі не маюць такога важнага рэанімацыйнага абсталявання!..

— Чаму Глеб займаўся фізкультурай разам з іншымі дзецьмі? Няўжо пра хворае сэрца ніхто не ведаў?

— У старэйшых класах школы пляменнік займаўся фізкультурай абмежавана, у яго скакаў ціск. Калі ж прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, то Глеба перавялі ў асноўную групу. Ціск скакаць перастаў, сказалі, што гэта было ўзроставае.

І ўявіце, на першым курсе лінгвістычнага ўніверсітэта студэнты не праходзілі медагляду
,

у іх проста спыталіся: «Ці ёсць у вас праблемы са здароўем?» Гэта натуральна, што пляменнік мог пасаромецца сказаць перад дзяўчатамі пра нейкія праблемы. Медагляд павінен быў праводзіцца на другім курсе, выявіць праблемы Глеба з сэрцам не было магчымасці. Медыкі нам патлумачылі, што худыя і высокія хлопцы ва ўзросце 16—18 гадоў (такім быў Глеб) знаходзяцца ў зоне рызыкі. Некаторыя органы, у тым ліку і сэрца, не паспяваюць расці за целам. Але бацькоў пра гэта ніхто не папярэдзіў.

Бацькі нават не падазравалі, што існуе небяспека…

Карэспандэнт «Звязды» паспрабаваў датэлефанавацца да кіраўніцтва Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта — чаму медагляды праводзяцца толькі з другога курса? Ці зробіць кіраўніцтва ВНУ нейкія высновы пасля гібелі свайго студэнта?

Ці знойдуць вінаватых у смерці Глеба Пашкевіча? Пытанняў узнікае нямала. Праверка па факце гібелі студэнта працягнутая да 4 чэрвеня.

За пяць дзён да смерці Глеба Пашкевіча на Случчыне падчас здачы нарматываў па бегу памёр 20‑гадовы салдат тэрміновай службы Вадзім Непачаловіч. Гісторыя развівалася па падобным сцэнары. Паралелі напрошваюцца самі сабой.

— Яму павінен быў споўніцца 21 год, маці паехала ў вайсковую часць, віншаваць, — распавядае Паша Радзіч, блізкі сябар загінулага салдата Вадзіма Непачаловіча. —

Пабачыцца не змаглі: мама спазнілася на 10 хвілін, і Вадзім ёй пазваніў: «Не паспееш, у нас спаборніцтвы, трэба бегчы…»

Вадзім бег 100‑метроўку. Упаў, падняўся і зноўку ўпаў. Маці ад КПП бачыла, як яго спрабавалі ўратаваць, але не выратавалі…

Прычына смерці Вадзіма Непачаловіча такая ж, як і ў Глеба Пашкевіча, — раптоўнае спыненне сэрца. Пытаемся у Пашы Радзіча, ці былі ў сябра праблемы са здароўем?

— Не, ён на сэрца ніколі не жаліўся. І ў войску нармальна сябе адчуваў, ніхто яго там не біў. Казаў, што грошы бралі за тое, каб званіць дамоў, і ўсё, нармальна служыў. Яму, калі прызывалі ў армію, тры разы давалі адтэрміноўку. Але не з‑за сэрца. Памятаю, як Вадзім сказаў: «Калі ў гэты раз адтэрміноўку не дадуць, пайду служыць». І пайшоў, пасля Новага года. За тыдзень да смерці прыязджаў, быў такі бадзёры, казаў: «Мяне яшчэ на два дні ў Старыя Дарогі адпусцяць, памагчы па хатняй гаспадарцы, прыеду, і пагуляем…» Але не вярнуўся. У яго была дзяўчына, вяселле планавалі рабіць.

Харошы быў хлопец, меў шмат сяброў, толькі сарамлівы дужа.

Якім чынам чалавек з праблемамі сэрца апынуўся ў войску? Няўжо медыцынскі агляд не паказаў цяжкае захворванне? І ці не з‑за праблем з сэрцам Вадзіму Непачаловічу давалі адтэрміноўку раней?

— Адтэрміноўка давалася па пытаннях эмацыйна‑валявой устойлівасці. А што датычыцца фізічных паказчыкаў, сэрца і іншых органаў, праблем не было, — паведамляе слуцкі міжгарнізонны вайсковы пракурор Сяргей Патапаў. — Я кіруюся звесткамі карты прызыўніка. Вельмі шмат размоў ходзіць, чутак, пытанне сур’ёзнае, будзем з усімі гэтымі абставінамі разбірацца. У гэтым выпадку заведзена крымінальная справа па факце смерці, правяраюцца ўсе магчымыя версіі. Трэба правесці шэраг экспертыз.

У старадарожскай школе, якую скончыў Вадзім Непачаловіч, пра сардэчнае захворванне былога вучня нават не падазравалі. Нармальны здаровы хлопец.

— Вадзім скончыў у нас 9 класаў і сышоў. Па фізічным стане заўваг ніколі не было, — узгадвае былога вучня Валерый Сакаў, дырэктар старадарожскай школы №1. — Прыязджалі з ваеннай пракуратуры, глядзелі дакументы, размаўлялі з фельчарам.

У Старых Дарогах дагэтуль абмяркоўваюць гібель Вадзіма Непачаловіча. Нехта наракае на цяжкія армейскія нагрузкі, нехта выказвае версію, што Вадзім не хацеў звяртацца да медыкаў, а тыя ў сваю чаргу фармальна правялі медагляд. Нехта проста кажа, што такі Божы лёс, і смерць Вадзіма Непачаловіча — выпадак, якіх адзін на мільёны.

І калі б не шэраг падобных смерцяў, якія нядаўна здарыліся ў краіне, можна было б з такой думкай пагадзіцца…

«Медагляд можа не выявіць фактары, што прывядуць да смерці»

У Міністэрстве аховы здароўя папярэджваюць, што застрахавацца ад раптоўнай каранарнай смерці (раптоўнага спынення сэрца) на 100 % немагчыма. Здараецца, нават скрупулёзныя медагляды не выяўляюць сардэчна‑сасудзістых захворванняў, якія ў выніку прыводзяць да гібелі.

— Часам нават анатаміраванне не паказвае праблемы, толькі даследаванне на клетачным узроўні можа выявіць паталогію і рызыку раптоўнай каранарнай смерці, — працягвае Людміла Жылевіч. — У чалавека могуць быць нармальная кардыяграма, нармальныя паказчыкі ўльтрагукавога даследавання — на першы погляд, здаровы чалавек. І толькі падчас звышмоцных нагрузак адбываецца збой. Раптоўную смерць можа выклікаць нават высокі псіхаэмацыйны стрэс. А таксама іншыя фактары рызыкі — алкагольная інтаксікацыя, атручэнне і іншае.

Погляд збоку

Зразумела, што раптоўнае спыненне сэрца ў маладых людзей медыкі маглі і не папярэдзіць. Генетычныя схільнасці, трагічныя супадзенні і гэтак далей…

Аднак ці не занадта шмат выпадкаў здараецца ў маленькай Беларусі? Чатыры смерці за навучальны год. Вось лічба, пра якую даведаліся журналісты.

Для параўнання,

у суседняй Украіне прэса, якая працуе там вельмі някепска, даведалася толькі пра адну гібель на ўроку фізкультуры ў гэтым навучальным годзе.

15‑гадовы хлопец з Адэскай вобласці раптоўна памёр, гуляючы ў футбол на школьным стадыёне. Кровазліццё ў ствол галаўнога мозга.

Якім чынам у 46‑мільённай Украіне ўдалося звесці выпадкі смерцяў да мінімуму?

Усё проста. У 2008 годзе ў краіне здарылася сем трагедый на ўроках фізкультуры.

Пасля гэтага тагачасны прэм’ер‑міністр Юлія Цімашэнка ўвяла мараторый на здачу стаметровак і іншых бегавых нарматываў. Цяпер вучню дазвалялі бегаць на час толькі пасля скрупулёзнага медыцынскага абследавання.

І гэта дало плён.

У Беларусі ж, дзе насельніцтва ў пяць разоў меншае, паказчыкі смяротнасці песімістычныя. Прыйшоў час публічна абмяркоўваць праблему.

Працяг у наступным нумары Звязды.

Каментары13

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі4

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі

Усе навіны →
Усе навіны

Ці могуць старшакласнікі адмовіцца ад вучэбна-палявых збораў?

Куды цяпер едуць вучыцца беларускія студэнты — топ краін і тэндэнцый14

У ЗША пацвердзілі выпадак заражэння хантавірусам

Брытанец з падазрэннем на хантавірус высадзіўся на самы аддалены востраў свету. Лондан адправіў яму на дапамогу медыкаў-парашутыстаў3

Атамныя мары Савецкай Беларусі: Браслаў, Віцебск, Лукомль ці Палессе? Чаму на Беларусі так і не з’явілася маштабная сетка АЭС4

Прэм'ер Індыі заклікаў грамадзян ашчаджаць паліва і не купляць золата

«Мяч на іх баку». Рыжанкоў распавёў пра адносіны з Польшчай21

Трамп двума словамі ацаніў ідэі Ірана аб завяршэнні вайны2

Даследчыкі абверглі папулярнае меркаванне пра эфект гарызантальных ці вертыкальных палосак на адзенні3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі4

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць