Брытанец з падазрэннем на хантавірус высадзіўся на самы аддалены востраў свету. Лондан адправіў яму на дапамогу медыкаў-парашутыстаў
На архіпелаг Трыстан-да-Кунья былі дэсантаваны шэсць вайскоўцаў-дэсантнікаў і двое медыкаў з 16‑й дэсантна-штурмавой брыгады.

Вайсковыя медыкі брытанскай арміі дэсантаваліся на парашутах на аддалены востраў Трыстан-да-Кунья ў Атлантычным акіяне, каб аказаць дапамогу грамадзяніну Вялікабрытаніі з падазрэннем на хантавірус, піша Бі-бі-сі.
Мужчына пакінуў круізнае судна MV Hondius, на борце якога ў сярэдзіне красавіка адбылася ўспышка віруса. Ён вярнуўся на Трыстан-да-Кунью, дзе гэты чалавек жыве.
Гэты архіпелаг у паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна — самая аддаленая брытанская заморская тэрыторыя. Нароўні з востравам Вялікадня, ён таксама з'яўляецца самай аддаленай ад мацерыкоў тэрыторыяй свету з пастаянным насельніцтвам.
На Трыстан-да-Куньі пражывае 221 грамадзянін Вялікабрытаніі. Аэрадрома там няма, таму дабрацца на яго можна толькі па моры.
Але ў гэтым выпадку гэты варыянт не падыходзіў, паколькі ў хворага заканчваліся запасы кіслароду, распавёў Бі-бі-сі каардынатар аперацыі Эд Картрайт, камандуючы 16‑й дэсантна-штурмавой брыгадай.
Што вядома пра хворага
Першыя сімптомы ў яго з'явіліся праз два тыдні пасля высадкі з судна. Паведамляецца, што стан мужчыны застаецца стабільным, ён самаізалюецца.
СААЗ пацвердзіла шэсць выпадкаў заражэння хантавірусам, а таксама яшчэ два меркаваных выпадкі — уключаючы брытанца на Трыстан-да-Куньі. Двое брытанцаў з пацверджаным дыягназам праходзяць лячэнне ў Нідэрландах і Паўднёвай Афрыцы.
Круізны лайнер MV Hondius 1 красавіка адправіўся ў круіз з Аргенціны да Антарктыды. У выніку ўспышкі захворвання на борце памерлі тры чалавекі — пажылая пара сужэнцаў з Нідэрландаў і грамадзянка Германіі.
У суботу з брытанскага самалёта RAF A400M на востраў таксама скінулі кісларод, паколькі яго запасы там знаходзіліся на «крытычна нізкім узроўні», паведамілі ў Міністэрстве абароны Вялікабрытаніі.
Хантавірус — гэта група вірусаў, пераносчыкамі якіх з'яўляюцца грызуны. Большасць разнавіднасцяў не перадаюцца ад чалавека да чалавека, аднак гэта магчыма ў выпадку з'яўлення андскага штаму, які быў выяўлены ў некалькіх пасажыраў нідэрландскага круізнага судна.
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), брытанец, які пражывае на Трыстан-да-Куньі, пакінуў судна 14 красавіка.
28 красавіка ў яго з'явілася дыярэя, а праз два дні — тэмпература. Зараз ён знаходзіцца ў стабільным стане.
На архіпелаг Трыстан-да-Кунья былі дэсантаваныя шэсць вайскоўцаў-дэсантнікаў і двое медыкаў з 16‑й дэсантна-штурмавой брыгады.
Ваенна-транспартны самалёт RAF A400M пры падтрымцы самалёта-запраўшчыка RAF Voyager вылецеў з базы Брайз-Нортан у Оксфардшыры на востраў Узнясення ў паўднёвай Атлантыцы, а затым накіраваўся да Трыстан-да-Куньі.
Двое дэсантнікаў скокнулі разам з лекарам інтэнсіўнай тэрапіі і медсястрой рэанімацыі, якія будуць дапамагаць мясцовай сістэме аховы здароўя — звычайна на востраве працуюць толькі два медыкі.
Па словах Эда Картрайта, дэсантнікам прыйшлося выконваць «надзвычай складаны тэхнічны скачок» з-за моцнага ветру і невялікіх памераў вострава. Як паведамілі ў Мінабароны, сярэдняя хуткасць ветру на востраве часта перавышае 40 км/г.
Брыгадзір Картрайт распавёў, што дэсантаванне адбывалася з вышыні каля 5 км над паўднёвай Атлантыкай, пасля чаго парашутысты развярнуліся па ветры, праляцелі назад над востравам і здзейснілі пасадку на яго ўскраіне.
«Памылка ў такой сітуацыі азначала б, што вы апынецеся ў Атлантычным акіяне», — дадаў ён.
Першы падобны выпадак
Па даных Мінабароны Брытаніі, гэта першы выпадак, калі брытанскія ваенныя дэсантавалі медыцынскі персанал для аказання гуманітарнай дапамогі.
Пасадка адбылася на полі для гольфа, гаворыцца на сайце мясцовых уладаў. Улады таксама паведамілі, што для мясцовай бальніцы было дастаўлена 3,3 тоны медыцынскіх прылад.
Картрайт адзначыў, што аперацыя была накіравана не толькі на дапамогу мужчыну з падазрэннем на хантавірус, але і на падтрымку астатніх жыхароў вострава, асабліва тых, хто мог кантактаваць з ім.
Міністр па справах узброеных сіл Эл Карнс адзначыў, што аперацыя праходзіла ў «надзвычай складаных умовах». «Я хачу выказаць велізарную ўдзячнасць нашым вайскоўцам за тое, што яны выканалі задачу з максімальным прафесіяналізмам і вытрымкай у цяжкіх умовах», — дадаў ён.
Брыгадзір Картрайт паведаміў, што дэсантнікаў пазней эвакуююць з вострава на караблі. Паводле яго слоў, гэты працэс старанна плануецца «з улікам медыцынскай сітуацыі».
Каментары
Обьясни своими словами.