Памятаеце ўкраінскага скандальнага палітыка Алега Ляшко? Вось дзе ён цяпер
Экс-дэпутата Вярхоўнай рады Украіны Алега Ляшко прызначылі камандзірам 432‑га асобнага палка беспілотных сістэм 11‑га армейскага корпуса «Усход», паведамілі інфармаваныя суразмоўцы «Украінскай праўды» ва Узброеных сілах Украіны.

Па словах крыніцы выдання, 6 мая 2026 года рашэннем камандавання Сухапутных войскаў УСУ старшага лейтэнанта Алега Ляшко вызвалілі з пасады камандзіра батальёна беспілотных сістэм 63‑й асобнай механізаванай брыгады 3‑га армейскага корпуса аператыўнага камандавання «Усход» са штатна-пасаднай катэгорыяй «падпалкоўнік».
Адначасова Ляшко прызначылі камандзірам 432‑га асобнага палка беспілотных сістэм 11‑га армейскага корпуса аператыўнага камандавання «Усход» са штатна-пасаднай катэгорыяй «палкоўнік». Аднак пра атрыманне Ляшко вайсковага звання палкоўніка гаворка не ідзе.
Перад гэтым у канцы красавіка 2026 года ў СМІ з'явілася інфармацыя, што батальён беспілотных сістэм 63‑й асобнай механізаванай брыгады, які ўзначальвае Ляшко, будзе пашыраны да палка.
Алег Ляшко — адзін з самых эпатажных палітыкаў сучаснай Украіны, былы лідар Радыкальнай партыі і дэпутат Вярхоўнай Рады некалькіх скліканняў. Як палітычная фігура ён ствараў сабе вобраз «чалавека з народа», які змагаецца супраць алігархаў і эліт. Ляшко запомніўся выбаршчыкам сваімі эксцэнтрычнымі выхадкамі: ён прыходзіў у Вярхоўную Раду з віламі (якія сталі сімвалам яго партыі), еў зямлю на трыбуне і часта ўступаў у жорсткія вербальныя (а часам і фізічныя) сутычкі з апанентамі.
Ацэнкі Ляшко як палітыка даволі супярэчлівыя. З аднаго боку, яго заўсёды крытыкавалі за папулізм і радыкальную рыторыку, але з іншага — адзначалі яго вялікую харызму і ўменне працаваць з электаратам у глыбінцы. Праўда, на апошніх парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў чэрвені 2019 года, гэта ўсё яму не дапамагло: Радыкальная партыя Алега Ляшко набрала на іх толькі каля 4% галасоў і ў Вярхоўную раду не трапіла.
Пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў 2022 годзе Ляшко адышоў ад актыўнай публічнай палітыкі і далучыўся да шэрагаў Узброеных сіл Украіны, дзе праходзіць службу. 11 кастрычніка 2024 года яго прызначылі камандзірам батальёна беспілотных сістэм кіравання асобнай механізаванай брыгады.
Каментары
Честь Алегу!!!
Слава ЗСУ 👍💪