Грамадства1010

«Не пазнала сваё дзіця». У Гомелі бяздомныя сабакі пакусалі 11‑гадовую дзяўчынку

8 мая ў Гомелі бяздомныя сабакі напалі на 11‑гадовую дзяўчынку. «Яны ўсю яе проста пакусалі: ногі, рукі, спіну, галаву. Калі ўбачыла дачку ў рэанімацыі — не пазнала», — расказала яе мама Юлія. Сабак ад школьніцы змог адагнаць матацыкліст, які ў той момант выпадкова аказаўся паблізу. Афіцыйна пра інцыдэнт паведаміў старшыня Гомельскага гарвыканкама і запэўніў, што профільныя службы горада ўзмоцняць працу па адлове бяздомных жывёл. Выданне «Анлайнер» расказала, што вядома на гэты момант.

«Не пазнала сваё дзіця»

Сям'я пацярпелай дзяўчынкі жыве ў мікрараёне Шведская Горка. Гэта дастаткова малады раён, які суседнічае з ракой Сож і лесапаркавай зонай.

Днём 8 мая, па словах Юліі, яе дачка гуляла разам з сяброўкамі. Прыблізна а чацвёртай гадзіне дня жанчыне з тэлефона дачкі патэлефанаваў незнаёмы мужчына.

«Вы толькі не хвалюйцеся, кажа, вашу дачку пакусалі сабакі, — успамінае дрыготкім голасам Юлія. — Я адразу ж кінулася туды…»

Першым на месца прымчаўся тата дзяўчынкі. Яго машына якраз стаяла пад домам: ён працуе ў таксі і заехаў паабедаць.

«Муж прыехаў, калі дачку, усю акрываўленую, неслі на пакрывале ў машыну хуткай дапамогі. У бальніцы яе адразу ж адправілі на аперацыйны стол, а пасля — у рэанімацыю».

У першыя дні, па словах Юліі, яе дачка Лідзія амаль нічога не памятала.

«Калі я зайшла ў рэанімацыю, проста не пазнала сваё дзіця. Яна ўся была ў бінтах, у масцы, абвешаная кучай датчыкаў. Укусы былі па ўсім целе, асабліва былі пашкоджаныя ногі. Адзінае, што ацалела, — твар: Ліда да апошняга закрывала яго рукамі».

Калі дзяўчынка ачуняла, яна расказала, што ў той дзень гуляла з трыма сяброўкамі. Прыблізна а чацвёртай гадзіне дня Лідзія развіталася з сяброўкамі і накіравалася дадому. Ёй трэба было прайсці па сцежцы ў лесапаласе. Па словах яе мамы, гэта дастаткова люднае месца: тут шпацыруюць мясцовыя, смажаць шашлыкі.

«Па дарозе Ліда ўбачыла чатырох вялікіх сабак і спалохалася. Яна ў мяне панічна баіцца іх, і калі бачыць, то заўсёды або за мяне хаваецца, або пераходзіць на другі бок вуліцы. Але ў гэты момант нікога побач не было і дачка, спалохаўшыся, спатыкнулася і ўпала. Сабакі наляцелі на яе і ўжо не далі ёй падняцца, хоць яна спрабавала».

Па словах Юліі, усё, што змагла Ліда, — гэта ткнуцца ў зямлю тварам і закрыць галаву рукамі.

«І тады яны проста пачалі яе рваць. Укусаў было шмат па ўсім целе, у тым ліку гематом, ран, драпін ад кіпцюроў».

На крыкі дзяўчынкі прыбеглі яе сяброўкі і паклікалі на дапамогу матацыкліста, які праязджаў непадалёк.

«У яго гараж у раёне вуліцы Пенязькова. Аляксандр, як мы даведаліся пасля, ехаў адтуль дадому, але ўспомніў, што забыўся (ці згубіў) тэлефон, і вырашыў вярнуцца, — кажа Юлія. — І тут на дарогу выбеглі тры яе сяброўкі і крычаць: «Калі ласка, дапамажыце, там дзяўчынка: на яе напалі сабакі». Ён пабег да дачкі, адагнаў сабак і з яе тэлефона патэлефанаваў мне і ў хуткую дапамогу».

Сёння Лідзію павінны перавесці з рэанімацыі ў аддзяленне.

«Мы вельмі перажываем, як яна справіцца з усім гэтым болем і стрэсам, — кажа Юлія. — Доктар казаў, што ў рэанімацыі дачка дакраналася да сваіх ран, ківала галавой і ціха гаварыла: «Ох…»

Матацыкліст, які выратаваў дзяўчынку: «Учора бачыў тых сабак»

Хлопца, які выратаваў Лідзію, завуць Аляксандр. Ён ехаў па лесапаласе, калі пачуў крыкі дзіцяці, але спачатку не надаў ім увагі.

«Спыніўся, калі выбеглі яе сяброўкі і сталі крычаць, каб павярнуўся направа. Гэта дапамагло зарыентавацца. Калі прыбег, дзяўчынка ляжала на зямлі ўніз тварам, каля яе былі два сабакі. Трэцяга заўважыў пазней — ён трымаўся непадалёк».

Па памерах жывёлы былі крыху меншымі за лабрадора, прыкладна 35—40 см у карку. Учора Аляксандр зноў заўважыў гэтых сабак непадалёк ад месца інцыдэнту.

«Папрацаваў над мапедам і вырашыў праехацца. Там ёсць месца, заселенае бамжамі. Мяркую, гэта яны падгаварылі гэтых сабак ахоўваць іх «жыллё». Адзін з іх сапраўды агрэсіўны, усё імкнуўся ўкусіць, але я быў у экіпіроўцы».

Аляксандр адзначае, што гэта не тая «зграя з васьмі сабак», пра якую пасля гісторыі з дзяўчынкай пісалі ў сацсетках. Тыя сабакі ўчора яшчэ былі на ранейшым месцы. Свой учынак ён не лічыць гераізмам і просіць «не раздзьмуваць гэтую тэму далей».

Кіраўнік горада: «Настойліва звяртаюся да кожнага жыхара …»

На наступную раніцу, 9 мая, пра інцыдэнт напісаў старшыня Гомельскага гарвыканкама ў тэлеграм-канале «Владимир Привалов. Официально». Там гаварылася, што дзяўчынка пад назіраннем медыкаў, «яе жыццю нічога не пагражае». Таксама паведамлялася, што ў сувязі з інцыдэнтам профільныя службы горада «значна ўзмацнілі працу па вылаве бяздомных жывёл».

Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Дзяўчынку з Гомеля пакусалі іншыя сабакі

«Настойліва звяртаюся да кожнага жыхара Гомеля: калі вы сталі сведкам скаплення беспрытульных сабак — неадкладна інфармуйце пра гэта рэгіянальную дыспетчарскую службу па нумары 115 або праз чат-бот Гомельскага гарвыканкама @Gorod_Gomel_bot@», — гаварылася ў паведамленні.

Пазней стала вядома, што два бяздомныя сабакі былі злоўленыя, і работы па вылаве працягнуцца ў панядзелак.

За выхадныя навіна пра пакусаную бяздомнымі сабакамі гамяльчанку разляцелася па сацсетках і выклікала не толькі вялікі рэзананс, але і гарачыя спрэчкі: сутыкнуліся звычайныя карыстальнікі і зааабаронцы. Апошнія пісалі, што дзяўчынка нібыта толькі спалохалася, «а сабак шкада і яны не вінаватыя». Галоўная думка была такой: інцыдэнт падштурхнуў улады горада да вылаву. Некаторыя зааабаронцы адкрыта называлі ініцыятыву ганьбай:

«Хачу спытаць: адлоў будзе са стэрылізацыямі, прышчэпкамі, біркамі? А потым сабакі накіруюцца ў прытулак з 3‑разовым харчаваннем? На што ідуць нашы падаткі на сабак? На адлоў і іх забойства? Такая цудоўная краіна — і такое быдляцкае стаўленне да жывёл?»

Некаторыя таксама абвінавацілі дзяўчынку ў тым, што «не там хадзіла».

Вось што даслала ў рэдакцыю сваячка адной з аднакласніц пацярпелай Лідзіі:

«Я ў жаху з каментарыяў. Асабліва як некаторыя пісалі, што ўсё гэта фэйк, каб проста справакаваць агрэсію ў адносінах да сабак. Колькі <…> лілося адносна дзяцей, што яны самі правакуюць сабак, забываючы пра тое, што ўсе дзеці розныя і не трэба ўсіх пад адзін грабеньчык. <…> Як гаварылася, тут рашэнне толькі адно: дзікіх сабак трэба прыбраць з жылых раёнаў. Вядома, іх шкада, але ўсіх не перашкадуеш. Хай тады зааабаронцы адкрываюць прыватныя прытулкі для бяздомных сабак, адкрываюць зборы на лячэнне, харчаванне, догляд. Я думаю, многія неабыякавыя людзі будуць уносіць ахвяраванні. Тады і сабакі будуць пад наглядам, і дзеці ў бяспецы».

Цяпер уся ўвага бацькоў Лідзіі засяроджана на стане дачкі.

«Столькі людзей напісалі нам словы падтрымкі! — кажа Юлія. — Нават не думала, што ў нас у Гомелі столькі добрых людзей».

Каментары10

  • Олег
    11.05.2026
    Когда волк нападает на человека, вызывают егерей и отсреливают, здесь всё должно быть так-же, ни какой приют уже этих собак не исправит.
  • Жах
    11.05.2026
    Добра, што дзіцё выжыла. Але колькі яшчэ павінна адбыцца няшчасных выпадках перш чым прыбяруць самавыгул сабак ды бадзяжных жывёл.
  • Кен
    11.05.2026
    Памятью у 80-х міліцыя па начах адстрэльвала сабак якія цягаліся па вуліцы…

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

«Прафесійныя спартсмены кансультуюцца са мной». Беларускі тэлекаментатар схуднеў на 50 кілаграмаў7

Ва Удмурціі адбіваюць самую масіраваную атаку БПЛА2

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч36

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць