Свет11

Палітык, які не браў удзелу ў выбарах, шматразова судзімы. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадач БТ

Апошнімі днямі ў Літве асудзілі двух літоўскіх грамадзян, якія стаяць на прарасійскіх пазіцыях і рэгулярна ўдзельнічалі ў праграмах дзяржаўных прапагандысцкіх СМІ Беларусі — Лаўрынаса Рагельскіса і Эрыку Швенчонене. Цяпер жа ў праграмы БТ, прынамсі, Гродзенскай абласной тэлекампаніі найчасцей запрашаюць яшчэ аднаго літоўца — Антанаса Кандротаса. Яго там называюць «вядомым літоўскім палітыкам». «Радыё Свабода» паглядзела, як і чым ён вядомы.

Антанас Кандротас, удзельнік прапагандысцкіх праграм БТ. Скрын з відэазапісу тэлеканала Беларусь-4

Палітык, які ніколі не ўдзельнічаў у выбарах

Антанас Кандротас нарадзіўся ў Коўне 28 снежня 1980 года. Ён вядомы таксама пад мянушкай Цэлафан, у літоўскіх медыя фігуруе як Kandrotas-Celofanas.

У 2020 годзе ён збіраўся ісці на выбары ў парламент з партыяй «Саюз змагароў за Літву», але партыя не заплаціла ўнёсак, не сабрала подпісы, а таму яе не зарэгістравалі для ўдзелу ў выбарах.

Гэта невялікая ультраправая партыя, якую ўзначальваў скандальны мэр Коўна Вітаўтас Шустаўскас (памёр у 2023 годзе), што заяўляў пра намер прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі — яго некалькі разоў затрымлівалі за знявагу паліцэйскіх. Меў прарасійскія погляды, выступаў супраць інтэграцыі Літвы ў Еўрасаюз і НАТА, адзін раз абіраўся ў парламент, а вядомасць яму прынёс так званы Баль жабракоў, які ён зладзіў у 1999 годзе для народа перад віленскай Ратушай, дзе тады першыя асобы дзяржавы праводзілі дабрачынны «Венскі баль».

У 2024 годзе Антанас Кандротас заяўляў пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах ад узначаленай ім партыі «Мы — Літва» («Mes Lietuva»), але яго не зарэгістравалі, бо ён не падаў усіх патрэбных дакументаў.

Шмаразова асуджаны за фінансавае махлярства і не толькі

У 2013 годзе Віленскі акруговы суд упершыню асудзіў Кандротаса за фінансавае махлярства. Тады яго пакаралі пазбаўленнем волі на адзін год і 7 месяцаў. У 2007 годзе ён стварыў фіктыўную кампанію, якая набывала актывы ў доўг, а потым знік.

Другі раз на такі ж тэрмін яго асудзілі ў 2017 годзе — ён не сплаціў 700 тысяч еўра падаткаў за дзейнасць фіктыўнай кампаніі, якая займалася набыццём і продажам бензіну.

Старонка ў Facebook Celofanas LIVE, якую вядзе Антанас Кандротас.

У лістападзе 2023 года яго асудзілі на чатыры гады зняволення за фінансавае махлярства, але ў 2025 годзе датэрмінова вызвалілі.

У верасні 2025 года Антанаса Кандротаса асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі за ўдзел у беспарадках каля літоўскага парламента. Прысуд пакуль не набыў юрыдычную сілу, бо Кандротас яго абскардзіў і працэс пакуль не завершаны.

Сёлета ў лютым суд разглядаў справу супраць яго за абразу былога дэпутата і распальванне нянавісці на глебе сэксуальнай арыентацыі. Абвінавачанне прасіла суд пакараць яго адным годам пазбаўлення волі.

Удзельнік антыглабалісцкіх пратэстаў

Кандротас быў удзельнікам акцый пратэсту супраць абмежаванняў праз пандэмію COVID-19. На іх ён справакаваў сутыкненні з паліцыяй, суд абмежаваў яго ў магчымасці ўдзельнічаць у далейшых пратэстах. На судовых пасяджэннях ён у знак пратэсту супраць нашэння масак заклейваў рот скотчам.

«Палітычны эксперт» прапаганды ў Беларусі быў адным з арганізатараў «Вялікага маршу ў абарону сям’і» ў маі 2021 года супраць прапанаванага ўрадам праекта закона аб грамадзянскім партнёрстве.

Удзельнічаў у антыўкраінскіх акцыях пасля расійскага ўварвання ва Украіну.

Сувязі з Беларуссю

У 2021 годзе яго заўважылі за рулём аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпламатычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх медыя, аўтамабіль мог належаць пасольству Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта абвяргаў і сцвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта з’яўляўся. Мальтыйскі ордэн гэта адхіліў і афіцыйна ад Кандротаса дыстанцыяваўся.

На сваёй старонцы ў Facebook Celofanas LIVE Антанас Кандротас публікаваў допісы супраць Святланы Ціханоўскай.

У студзені 2022 года Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам з іншымі ўдзельнікамі антыеўрапейскай партыі «Зара справядлівасці» (яе ўзначальваў Альгірдас Палецкіс, асуджаны за шпіянаж на карысць Расіі) і ўдзельнічаў у сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасці» і на сустрэчах абураліся палітыкай урада Літвы ў дачыненні да Беларусі пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць сваіх еўрапейскіх суседзяў.

У жніўні 2025 года Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасці Святланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.

Каментары1

  • Пачаканкі
    13.03.2026
    Было б цікава пачытаць пра палітыка Сверняліса, які падтрымліваў Ціханоўскую і зараз пераследуецца за карупцыю.

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе20

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Найбуйнейшы тэрмінал Расіі на Чорным моры спыніў экспарт нафты пасля атакі ўкраінскіх дронаў2

Каля Егіпта на фоне іранскага крызісу знайшлі вялікае радовішча прыроднага газу

Пад Гроднам нарадзілася авечка-панда ФОТЫ1

Рыбак злавіў на Нёмане сазана памерам з парася ФОТА4

Самая паспяховая беларуская бізнэсвумен удвая павялічыла прыбытковасць здабычы рыбы на Далёкім Усходзе5

Амаль паўтары тысячы гектараў на Гомельшчыне больш не будуць лічыцца радыяцыйна небяспечнымі5

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну3

У Будапешт для ратавання Орбана перад самымі выбарамі прыехаў Джэй Дзі Вэнс31

Рэкордная паездка расіяніна па Беларусі — сем парушэнняў за адну дарогу8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе20

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць