Грамадства22

Колькі каштуе беларуская прапаганда для Польшчы і хто яе робіць

Як беглыя грамадзяне ЕС з крымінальным бэкграўндам працуюць на беларускую прапаганду, расказвае «Бюро». 

Томаш Шміт. Крыніца: sb.by

У 2024 годзе міжнароднае радыё «Беларусь», якое ўваходзіць у структуру прадзяржаўнага медыяхолдынга «Белтэлерадыёкампанія», пачало вяшчанне на польскай мове — у эфіры з’явіўся інфармацыйна-аналітычны мультымедыйны праект «Вольнае слова для Польшчы», у якім па шэсць гадзін расказваюць палякам, як добра жыць у Беларусі пры Аляксандры Лукашэнку.

«Палякі былі проста пазбаўленыя аб’ектыўнага погляду на тое, што адбываецца ў Беларусі», — патлумачыў матывацыю запуску праекта генеральны дырэктар Беларускага радыё Антон Васюкевіч.

«Бюро» высветліла, што да вытворчасці гэтай прапагандысцкай радыёпраграмы маюць дачыненне ў тым ліку грамадзяне Еўрасаюза, якія з-за крымінальнага пераследу на радзіме знайшлі прыстанак пад крылом Лукашэнкі.

Сярод суаўтараў «Вольнага слова для Польшчы» — былы польскі суддзя Томаш Шміт.

У маі 2024 года ён папрасіў палітычнага прыстанку ў Беларусі, абвінаваціўшы Польшчу ў абмежаванні свабоды слова і ў агрэсіўным стаўленні да лукашэнкаўскай і пуцінскай палітыкі. Польская пракуратура распачала супраць беглага экс-суддзі крымінальную справу за шпіянаж і абвясціла яго ў нацыянальны вышук.

У Беларусі ён атрымаў працу ў дзяржаўным агенцтве навін БелТА і пачаў супрацоўніцтва з міжнародным радыё «Беларусь», якое якраз і займаецца вытворчасцю «Вольнага слова для Польшчы». У 2024 годзе ён «выйграў» тэндар «Белтэлерадыёкампаніі» (закупка з адной крыніцы) на стварэнне 110 сцэнарыяў у суаўтарстве на польскай мове — хронаметраж кожнага выпуску 360 хвілін. За гэтую працу ён атрымаў ад прарэжымнага медыяхолдынга 22 тысячы беларускіх рублёў (каля 6,3 тысячы еўра). У 2025 годзе яму заплацілі ўжо 54,6 тысячы рублёў (амаль 15,3 тысячы еўра) за 273 сцэнарыі «Вольнага слова для Польшчы».

Сярод аўтарскай групы радыёперадачы журналісты знайшлі таксама літоўца Эдзікаса Ягелавічуса.

Эдзікас Ягелавічус. Крыніца: sb.by

У 2024 годзе «Белтэлерадыёкампанія» заплаціла яму 37 тысяч беларускіх рублёў (10,5 тысячы еўра) за стварэнне 185 сцэнарыяў «Вольнага слова для Польшчы». Яшчэ 54,6 тысячы (амаль 15,3 тысячы еўра) ён атрымаў за 273 праграмы ў 2025 годзе.

На радзіме Ягелавічус абвешчаны ў крымінальны вышук і праходзіць падазраваным у справе пра дапамогу іншым краінам у дзеяннях супраць Літвы. У 2022 годзе літовец быў «назіральнікам» на расійскім «рэферэндуме» на акупаваных тэрыторыях Украіны — паездка была арганізаваная Мінабароны РФ, а сам «рэферэндум» праходзіў пад узброеным кантролем расійскіх ваенных, якія прымушалі мясцовых жыхароў галасаваць «за прыяднанне да Масквы».

Акрамя таго, Ягелавічус быў членам арганізацыі «Міжнародны форум добрасуседства» і паплечнікам асуджанага за шпіянаж на карысць Расіі Альгірдаса Палецкіса. У 2025 годзе Ягелавічус адзначыўся на сёмых выбарах Лукашэнкі — БелТА прадставіла яго як «незалежнага міжнароднага назіральніка з Літвы».

У адным з інтэрв’ю Ягелавічус расказаў, што жыве ў Беларусі з ліпеня 2022 года — імаверна, быў вымушаны выехаць за межы ЕС адразу пасля візіту на расійскі «рэферэндум». Гэты каментар ён даў у праграме Рамана Самуля — беглага латвійца, які з нядаўніх часоў таксама атабарыўся ў Беларусі.

Раман Самуль. Крыніца: belta.by

У Латвіі Самуль быў сярод заснавальнікаў тэлеграм-канала «Антыфашысты Прыбалтыкі» — у лістападзе 2022 года Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі распачала ў яго дачыненні крымінальную справу. Паводле звестак ведамства, аб’яднанне «Антыфашысты Прыбалтыкі» дзейнічала супраць інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Латвіі, у тым ліку збірала інфармацыю, якая не падлягае разгалошванню, з мэтай перадачы яе расійскім спецслужбам. У кастрычніку 2023 года латвійская пракуратура выставіла абвінавачванне ў шпіянажы на карысць Расіі шасці заснавальнікам «Антыфашыстаў Прыбалтыкі», сярод якіх быў і Раман Самуль.

У Беларусі дзяржпрапаганда пазіцыянуе Самуля як блогера і грамадскага дзеяча. Аднак, як стала вядома «Бюро», латвійскі шпіён таксама падпрацоўвае напісаннем сцэнарыяў для радыёпраграмы «Вольнае слова для Польшчы». Сумарна за два гады з-пад пяра Рамана Самуля выйшла 304 сцэнарыі, за якія яму заплацілі 60,8 тысячы беларускіх рублёў (17 тысяч еўра).

Ад «Белтэлерадыёкампаніі» ганарары атрымлівае яшчэ адзін замежны крымінальнік — італьянец Давідэ Карбанара.

Давідэ Карбанара. Крыніца: sb.by

За два гады па працэдуры дзяржзакупкі з адной крыніцы ён «выйграў» тэндары сумарна на 76 тысяч беларускіх рублёў (без малога 21,5 тысячы еўра). За гэтыя грошы ён абавязаўся напісаць ажно 313 сцэнарыяў на польскай мове.

Паводле словаў самога італьянца, ён, ураджэнец Мілана, пераехаў у Польшчу 20 год таму, каб узначаліць філіял італьянскай фірмы, у якой працаваў. «Белсат» высветліў, што ў Польшчы Карбанара «назбіраў цэлы букет крымінальных справаў». Напрыклад, у 2020 годзе яго абвінавачвалі ў махлярстве і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Сваю віну ён прызнаў і атрымаў паўтара года ўмоўна.

У ліпені 2024 года ён дамогся адмены забароны на выезд і паехаў у Італію, пасля чаго збег у Беларусь і заявіў, што плануе прасіць у Лукашэнкі палітычнага прыстанку, бо «пацярпеў ад сваёй журналісцкай дзейнасці», спасылаючыся на супрацоўніцтва з праектам Wbrew Cenzurze («Насуперак цэнзуры») — YouTube-каналам з 24 тысячамі падпісчыкаў. Там апублікаваныя інтэрв’ю з ідэолагам «рускага свету» Аляксандрам Дугіным, спікерам МЗС Расіі Марыяй Захаравай, Томашам Шмітам і прапагандыстам Аляксеем Дзермантам.

Аляксей Дзермант. Крыніца: sb.by

Дзерманта журналісты, дарэчы, таксама знайшлі ў складзе аўтарскай групы «Вольнага слова для Польшчы». Ён супрацоўнічаў з радыёпраграмай у 2024 годзе і зарабіў на напісанні сцэнарыяў 50 тысяч беларускіх рублёў (14,2 тысячы еўра).

Сваю руку да «Вольнага слова для Польшчы» прыклалі і іншыя вядомыя прапагандысты «Белтэлерадыёкампаніі» — Радзівон Попель, Пётр Пятроўскі, Алег Кухальскі, а таксама польскія «дысідэнты» Павел Янскі і Даніэль Мікусек, «журналісты» праўладнага выдання «Беларусь сегодня» Марыя Крушэўская і Аркадзь Гартунг і нават протаіерэй Юрый Залоска.

Згодна са звесткамі сайта дзяржзакупак, за два гады «Белтэлерадыёкампанія» ўжо выдаткавала без малога 1,5 мільёна беларускіх рублёў (амаль 410 тысяч еўра) з дзяржаўнага бюджэту на ганарары праўладным сцэнарыстам за тое, што яны распаўсюджваюць на польскую аўдыторыю прапагандысцкія наратывы.

Акрамя «Вольнага слова для Польшчы» міжнароднае радыё «Беларусь» з 2020 года вырабляе праграмы «Ваш сябар — Беларусь» на кітайскай мове і «Знаёмцеся: Беларусь» на арабскай, а з 2024-га — «Беларусь у сусветнай супольнасці» на французскай. Яны сумарна абышліся казне яшчэ ў 155 тысяч беларускіх рублёў (больш як 40 тысяч еўра).

Каментары2

  • dfdf
    10.06.2025
    а говорят в Беларуси плохо живут и нельзя заработать собственным языком.....
  • вещы алех
    10.06.2025
    И кстати, не так и дорого обходятся эти....

Цяпер чытаюць

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

«Прачнуліся ад аглушальнага хлапка, а потым зразумелі, што гарым». У Мінску маланка трапіла ў прыватны дом5

Лукашэнка пра «Беларусьфільм»: Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць, не — да пабачэння8

Ізраіль дэпартаваў Грэту Тунберг. Яе пасадзілі ў самалёт13

«Паспрабуйце гады праз тры». Менеджар выехаў у ЗША з беларускім офісам пасля 2020 года. Паўтараць (пакуль) не раіць8

Гайдукевіч параіў выкладваць у тыкток «не дупу»16

Беларуска падзялілася ўражаннямі ад аўтобуснага тура ў Дагестан — 32 гадзіны да першага начлега2

Ахматавец у Курскай вобласці расстраляў краму з гранатамёта. Z-каналы заклікалі пакараць яго, але позна2

Новы фільм з «дзіцём Беларусі». Як «Балерына» працягвае справу Джона Уіка7

У жанчыны ў Германіі нарадзіўся 100-ы праўнук

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць