Грамадства1515

Ці з’явяцца ў Баранавічах вуліцы Лосіка і газеты Intex-press? Даследчыца — пра «забароненую» памяць горада

Аляксандра Рагоцкая — баранавічанка ў трэцім пакаленні. У дзяцінстве яна даведвалася пра Баранавічы больш ад бабулі, чым з гарадскіх шыльдаў ці школьных падручнікаў. З гэтага вырасла даследаванне пра назвы вуліц горада, які вырас на скрыжаванні шляхоў.

Чыгуначны вакзал у Баранавічах. Фота: zarya.by

Бабуля як інстытут памяці

Бабуля Алі распавядала пра могілкі ў цэнтры горада — там, дзе цяпер гарвыканкам. Пра польскія і габрэйскія Баранавічы. Пра чыгунку, якая для мясцовых беларусаў стала сацыяльным ліфтам.

«У нас у сям’і захавальнікам памяці была мая бабуля. Мая сям’я па адной лініі — чыгуначнікі. І гэта сэрца Баранавічаў, бо горад паўстаў на чыгунцы», — кажа дзяўчына.

Потым Аля вырасла і паехала вучыцца ў Польшчу. Аднойчы, калі яна спрабавала патлумачыць сябру дарогу па родным горадзе, раптам спынілася на паўслове:

«Я кажу: «Вось там скрыжаванне Леніна і Камсамольскай, потым па Савецкай…» І тут да мяне дайшло: што гэта за назвы? Яны ж не пра горад. Што там нашага ёсць?»

З гэтага пытання і вырасла магістарская праца Алі ў Варшаўскім універсітэце пра ўрбананімію Баранавічаў — пра тое, як назвы вуліц фармуюць памяць пра горад і яго гісторыю.

Аляксандра Рагоцкая

Баранавічы, якіх больш няма

Баранавічы часта ўспрымаюць як горад без вялікай гісторыі: малады горад, чыгуначны вузел, савецкая прамысловасць, два вакзалы — і нібыта ўсё. Але Аляксандра кажа: гэта падманлівае ўражанне. Сто гадоў таму Баранавічы былі зусім іншымі.

«Баранавічы паўсталі ў 1871 годзе як паселішча пры скрыжаванні чыгунак і пачалі расці з неверагоднай хуткасцю. З маленькай вёскі за некалькі дзесяцігоддзяў яны ператварыліся ў горад на дзясяткі тысяч чалавек. У міжваеннай Польшчы іх нават называлі «Гдыняй Усходу» — сімвалам хуткага развіцця на фоне занядбанай Навагрудчыны. Гэта быў нейкі цуд для нашых тэрыторый», — кажа яна.

Да вайны амаль палову насельніцтва Баранавічаў складалі яўрэі. Значную частку — палякі. Беларусы былі меншасцю — толькі 10—15%.

«Там была проста шалёная палітычная і культурная актыўнасць. Газет выдавалася больш, чым цяпер. У горадзе дзейнічалі партыі, прафсаюзы, друкарні, тэатры, радыё. Габрэі былі прадстаўленыя ва ўладзе. Польская супольнасць стварала свае інстытуты», — распавядае Аляксандра.

Беларускія жыхары, паводле даследчыцы, часта заставаліся ў слабейшай пазіцыі — без беларускіх школ і шырокага прадстаўніцтва, але са сваімі формамі супраціву: страйкамі чыгуначнікаў, падпольнымі структурамі, «Грамадой».

«Але з афіцыйных крыніц складаецца ўражанне, што гісторыя горада пачалася ў 1944 годзе», — адзначае Аляксандра.

Памяць праз маўчанне

На думку Аляксандры, гэта не выпадковасць. Улада працуе не толькі праз забароны, рэпрэсіі і спісы «экстрэмісцкага». Яна можа дзейнічаць значна цішэй — праз маўчанне. Не трэба абавязкова забараняць памяць, дастаткова проста не рабіць яе часткай афіцыйнага гарадскога аповеду.

За гэтай мяжой афіцыйнай памяці ў Баранавічах апынуліся польскі перыяд, яўрэйская супольнасць, сталінскія рэпрэсіі.

Нават старая Кладбішчанская вуліца, якая нагадвала пра могілкі ў цэнтры, знікла: яе перайменавалі ў вуліцу Леніна «за адсутнасцю іншай назвы».

«Горад пра гэта не расказвае. І многія людзі нават не ведаюць, што гэтыя старонкі былі», — кажа даследчыца.

З савецкага часу — 240 вуліц, з польскага — 15

У сваім даследаванні Аляксандра прааналізавала 421 назву вуліц Баранавічаў. Вынік быў вельмі красамоўным.

З часоў Расійскай імперыі засталіся некалькі нейтральных назваў. З міжваеннай Польшчы — толькі 15 вуліц. З савецкага часу — каля 240.

«Калі прыйшоў СССР, усё папярэдняе проста перапісалі. Пакінулі толькі тое, што пасавала новаму парадку», — кажа яна.

Пасля 1991 года ў Беларусі не адбылося маштабнай дэкамунізацыі, як ва Украіне ці краінах Балтыі. У Баранавічах савецкі пласт застаўся некранутым, новыя назвы дадаваліся ў новых раёнах, але старое ядро не перапісвалася.

Асабліва выразна гэта бачна ў цэнтры: вуліцы Леніна, Савецкая, Камсамольская. А польскія, яўрэйскія, даваенныя, рэпрэсаваныя Баранавічы застаюцца недзе па-за галоўным маршрутам гарадской памяці.

Аляксандра ўпэўненая: калі ў горадзе застаецца Савецкая, то побач павінна быць месца і для іншых эпох.

Акрамя гэтага, на яе думку, варта было б ушанаваць у гарадской прасторы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Напрыклад, праз «Крывое кола» — так называлася сетка баранавіцкіх вязніц, якая стала сімвалам рэпрэсій. Там катавалі і расстрэльвалі тысячы людзей, там сядзелі ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну, палітычныя дзеячы, паэты.

У 1940 годзе з Баранавічаў высылалі польскія сем’і землеўладальнікаў, афіцэраў, паліцэйскіх — каля шасці тысяч чалавек за некалькі месяцаў. У чэрвені 1941‑га падчас нямецкага бамбавання быў разбураны турэмны мур — і вязні змаглі ўцячы.

Пазней актывісты спрабавалі зрабіць помнік ахвярам рэпрэсій у цэнтры горада, але ён апынуўся ў скверы, куды амаль ніхто не заходзіць. Людзі, якія прыносілі туды кветкі, заўважалі за сабой сачэнне. А факты вандалізму ўлады ніколі не расследавалі.

Аляксандра Рагоцкая ў Нью-Ёрку ў цішотцы з Баранавічамі

«А дзе вуліца яго жонкі?»

Яшчэ адна «адсутная памяць» — жанчыны.

У Баранавічах сотні вуліц, названых у гонар людзей, але жаночых імёнаў — адзінкі: Крупская, Зоя Касмадзям’янская, Ліза Чайкіна, Роза Люксембург, Асіпенка, некалькі гераінь сацыялістычнай працы. І ўсё.

Пры гэтым зямля, на якой паўстаў горад, належала не Яну Развадоўскаму, якога лічаць заснавальнікам Баранавічаў, а ягонай жонцы.

«І вось у гарвыканкаме вісіць партрэт Развадоўскага. А дзе вуліца ягонай жонкі? Калі ў горадзе 421 вуліца, а жанчын там восем ці дзевяць, гэта ж вельмі дрэнна», — перакананая Аляксандра.

Самалёты над горадам

Асобная тэма — авіяцыя. 

«Баранавічы гістарычна былі месцам, дзе заўсёды базаваліся войскі — літаральна ад з'яўлення горада. Асабліва важнай для горада стала авіяцыя, у тым ліку авіябаза і авіярамонтны завод, якія цяпер дапамагаюць расіянам у вайне супраць Украіны. Дарэчы, у дзяцінстве многія баранавіцкія дзеці мелі свой «парад»: калі самалёты ляцелі ў Мінск на афіцыйнае святкаванне, яны праляталі над Баранавічамі і паказвалі фігуры ў небе», — распавядае Аляксандра.

Гэтая лінія праходзіць і праз назвы вуліц — у горадзе ёсць вуліцы Карвата, Марфіцкага, Жураўлевіча.

Але і тут памяць становіцца палітычнай:

«Пасля катастрофы лётчыкаў Андрэя Нічыпарчыка і Мікіты Куканенкі ўлады хутка ўвекавечылі іх у назвах вуліц. Пры гэтым шмат людзей атрымалі пакаранні за каментары ў інтэрнэце пра гэтую трагедыю».

Лосік, Варашкевіч, газета Intex-press

Для Аляксандры праблема не столькі ў савецкіх назвах, а ў тым, што яны часта не маюць ніякай сувязі з самім горадам.

«Я жыла на вуліцы Фядзько. І яшчэ ў школе спрабавала знайсці, хто гэта. Потым у Вікіпедыі адкапала, што гэта нейкі ўкраінскі савецкі ваеначальнік. І ёсць вуліцы ў яго гонар у Малдове, Украіне — і ў Баранавічах. І я думаю: пры чым тут Баранавічы?»

На яе думку, горад павінен расказваць пра сябе праз уласных герояў.

«У нас ёсць свае людзі, свае героі. І памяць мусіць канцэнтравацца на тых, хто нешта зрабіў для баранавіцкай зямлі».

Для Аляксандры сярод такіх людзей — краязнаўца Станіслаў Шчарбакоў, які шмат пісаў пра Баранавічы і выдаваў кнігі фактычна ўласнымі сіламі. Віктар Сырыца — яе першы настаўнік гісторыі. Блогер Ігар Лосік — як адзін з самых вядомых сучасных баранавіцкіх імёнаў.

У горадзе магла б з’явіцца нават вуліца газеты Intex-press.

«Праўда, спачатку трэба аднавіць саму газету, якая зрабіла сапраўды шмат для Баранавічаў, а потым ужо можна і вуліцу», — усміхаецца дзяўчына.

На думку Аляксандры, горад недаацэньвае і сваю нядаўнюю культурную гісторыю:

«З 1990‑х у Баранавічах была вельмі моцная рок-, панк– і метал-сцэна. Фестывалі, канцэрты, туры гуртоў, супольнасць, якая існавала асобна ад афіцыйнай культуры, але вельмі ўстойліва».

З Баранавічаў паходзіць, напрыклад, Ігар Варашкевіч з «Крамы».

«Горад навучылі гаварыць толькі дазволенымі словамі»

Вуліца, на думку Аляксандры, гэта не толькі таблічка на доме, гэта адказ на пытанне: хто тут свой герой, каго горад хоча памятаць і каму ён дазваляе быць часткай сябе?

Галоўнае, кажа яна, — вярнуць гораду права на поўную біяграфію:

«Сёння Баранавічы выглядаюць як кніга, у якой засталіся не ўсе старонкі. Савецкая частка добра прашытая, падкрэсленая і вынесеная ў змест. А побач — вырваныя раздзелы пра яўрэяў, палякаў, жанчын, рэпрэсаваных, даваенны горад, нефармальную культуру, сямейныя гісторыі.

Горад нібыта маўчыць пра ўсё гэта. Але насамрэч ён не забыў. Проста яго навучылі гаварыць толькі дазволенымі словамі».

Каментары15

  • Kkk
    06.07.2026
    А як жа Алесь Родзін? Гэты ж глыба! Сорам не ўзгадаць яго
  • вуліца Родзіна
    06.07.2026
    Дзякуй Аляксандры, слушныя думкі! Яшчэ ў Баранавічах абавязкова мае быць вуліца, названая ў гонар геніяльнага мастака Алеся Родзіна.
  • Колхоз детектид
    06.07.2026
    Самый колхозный город Беларуси. Когда приезжаю, сразу портится настроение. А названия улиц! Проспект советский. Улица Чапаева. Улица 50 год БССР. Комсомольская, Ленина. Это какой-то ужас.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

«Лена 20 рублёў» узялася за старое: знакамітая махлярка зноў разводзіць даверлівых беларусаў10

«Лена 20 рублёў» узялася за старое: знакамітая махлярка зноў разводзіць даверлівых беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп гатовы дазволіць Украіне вырабляць у сябе ракеты для Patriot9

У мінскае метро не пусцілі мужчыну з рулонам лінолеуму. Ці законна гэта?4

У Беларусі распрацавалі рэцэпт марозіва са смакам піва

Залужны: Не варта лічыць, што Расія ўжо прайграла вайну7

«Найгоршы ва ўсёй Беларусі». Жыхары Слоніма раскрытыкавалі адказ райвыканкама пра чыгуначны пераезд1

Прапагандыстка Сіманьян заклікала расіян супакоіцца наконт дэфіцыту бензіну і нагадала, што ёсць яшчэ прадуктовыя карткі13

У Светлагорскім раёне малое дзіця з’ела бабуліну таблетку і памерла8

Каранік заклікаў ездзіць на метро і паказаў прыклад13

Асудзілі па крыміналцы мінчаніна, які ў трэдсах усумніўся ў існаванні гітлераўскага плана «Ост»31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Лена 20 рублёў» узялася за старое: знакамітая махлярка зноў разводзіць даверлівых беларусаў10

«Лена 20 рублёў» узялася за старое: знакамітая махлярка зноў разводзіць даверлівых беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць