Вайна22

Вайна ва Украіне моцна паўплывала на сабак — мяняюцца нават вушы і хвост

Новыя навуковыя даныя паказваюць: сабакі, якія апынуліся паблізу лініі фронту, усяго за некалькі гадоў пачалі нагадваць сваіх дзікіх родзічаў. З падрабязнасцямі знаёміць The New York Times.

Бадзяжны сабака ў Канстанцінаўцы, Данецкая вобласць. 1 лістапада 2025 года. Фота: Yan Dobronosov / Global Images Ukraine via Getty Images

Поўнамаштабная вайна прынесла разбурэнні не толькі гарадам і чалавечым лёсам — яна радыкальна змяніла і жыццё жывёл. Толькі частка ўладальнікаў змагла забраць сваіх гадаванцаў з сабой. У выніку сабакі, яшчэ ўчора хатнія і цалкам залежныя ад чалавека, масава станавіліся бадзяжнымі, вымушанымі выжываць у асяроддзі пастаяннай небяспекі, голаду і выбухаў.

Каманда навукоўцаў з Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта і Гданьскага ўніверсітэта задалася пытаннем: што адбываецца з сабакамі, калі вайна рэзка абрывае іх сувязь з чалавекам?

Даследчыкі сабралі даныя пра 763 сабакі з дзевяці рэгіёнаў Украіны. Інфармацыя паступала з прытулкаў, а таксама ад ветэрынараў і валанцёраў, якія назіралі за жывёламі як у адносна бяспечных раёнах, так і паблізу лініі фронту.

Асабліва складанай была праца непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў. Яе каардынаваў заолаг Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франко Ігар Дзікі. З 2022 года на працягу двух гадоў ён служыў добраахвотнікам у складзе Узброеных сіл Украіны — спачатку каля Лімана ў Данецкай вобласці, а потым пад Харкавам.

«Многія бяздомныя сабакі жылі з намі ў вёсцы Зарэчнае. Яны былі напалоханыя, некаторыя пакутавалі ад кантузій. У аднаго маленькага сабакі была зламаная лапа, якая няправільна зраслася, з-за чаго ён назаўжды застаўся кульгавым. Іншы быў сляпы на адно вока, страціўшы яго падчас выбуху», — успамінае доктар Дзікі. Ён дадае, што саслужыўцы кармілі іх усіх, давалі прытулак і па магчымасці аказвалі медыцынскую дапамогу.

Большасць высноў даследавання, апублікаванага ў часопісе Evolutionary Applications, сведчаць: сабакі на лініі фронту за надзвычай кароткі час сталі больш падобнымі да дзікіх відаў — ваўкоў, каётаў ці сабак дынга.

Прыкладаў такой трансфармацыі мноства: у франтавых сабак рэдка сустракаюцца пысы альбо занадта кароткія (як у французскага бульдога), альбо падоўжаныя (як у таксы). Многія страцілі лішнюю масу цела. Нават іх вушы змяніліся: стаячыя сустракаюцца значна часцей, чым вісячыя.

Як тлумачаць аўтары, вайна дзейнічае як магутны фільтр, аддаючы перавагу рысам, якія паляпшаюць выжыванне. На перадавой часцей выжываюць сабакі з прыкметамі «дзікага» фенатыпу: прамымі вушамі, прамым хвастом і меншай колькасцю белага колеру ў афарбоўцы.

У зонах канфлікту выявіліся і іншыя характэрныя рысы: стала менш старых, хворых і параненых жывёл. Пры гэтым сабакі пачалі часцей трымацца зграямі.

Што найбольш здзівіла навукоўцаў, дык гэта хуткасць змен: адрозненні паміж франтавымі сабакамі і астатнімі папуляцыямі сталі відавочнымі ўжо праз два гады пасля пачатку вялікай вайны.

Фота: Artem Gvozdkov / Global Images Ukraine via Getty Images

Пры гэтым даследчыкі падкрэсліваюць: гаворка не ідзе пра паскораную эвалюцыю ў генетычным сэнсе. Змены адбываюцца занадта хутка, каб іх можна было патлумачыць мутацыямі і натуральным адборам на малекулярным узроўні. Фактычна вайна стварае ўмовы, у якіх выжываюць асобіны з пэўным наборам рыс. Напрыклад, маленькі сабака мае менш шанцаў падарвацца на міне, яму прасцей схавацца ў вузкай прасторы, і ён з’яўляецца меншай мішэнню для асколкаў.

Нягледзячы на «дзікія» рысы, большасць сабак усё яшчэ залежаць ад людзей у пошуках ежы, дапаўняючы рацыён раслінамі ці паляваннем. Часам яны выжывалі, сілкуючыся целамі загінулых. Многіх прыручылі ўкраінскія вайскоўцы.

Аднак навукоўцы зафіксавалі і з’яўленне асобін, якія цалкам перасталі залежаць ад чалавека.

Такую з’яву біёлагі называюць фералізацыяй — вяртаннем да самастойнага існавання.

Даследаванне сабак стала толькі адным з прыкладаў таго, як вайна трансфармуе навакольнае асяроддзе. Жахі вайны, што так моцна ўплываюць на сабак, з’яўляюцца трывожным сігналам для іншых відаў жывёл, якія менш мабільныя і больш патрабавальныя да рацыёну і асяроддзя.

Войны — гэта не толькі трагедыі для людзей. Гэта маштабныя экалагічныя катастрофы, наступствы якіх будуць адчувацца яшчэ доўгія гады пасля таго, як сціхнуць стрэлы.

Каментары2

  • Федзя
    13.02.2026
    О что путин и лукашенко вытворили
  • буба
    13.02.2026
    Замала для эвалюцыі. Проста заўважныя белыя сабакі і слабыя здароўем, меньш адаптаваныя, там ня выжылі.

Цяпер чытаюць

Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай8

Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай

Усе навіны →
Усе навіны

Рэдактарку дзяржаўнага выдавецтва асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

Гамяльчук закруціў у слоікі скрадзеныя грошы і закапаў іх2

Польская авіякампанія LOT патлумачыла залёт свайго самалёта ў Беларусь11

У Расіі верталёт з прапагандыстамі і членам ЦВК жорстка сеў проста на аўтадарогу ВІДЭА3

З Польшчы выслалі беларуса, які п’яным кіраваў гарадскім аўтобусам5

Telegram выдаліў свой афіцыйны беларускі канал — верагодна, каб не падстаўляць людзей. Але многія паспелі падставіцца10

У Кіеве адбылася перастрэлка паміж СБУ і вайскоўцамі ГУР. Ёсць параненыя17

У мінскім спальным раёне нанеслі на асфальт такую разметку, каб яе было немагчыма не заўважыць2

Маці знайшла ў сына і выкінула чужы вэйп. За гэта хлопчыка абстралялі з пнеўматыкі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай8

Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць