Школьная рэформа ў Вільні можа прывесці да закрыцця беларускай гімназіі імя Скарыны
Намеснік мэра Вільні Вітаўтас Міталас унёс на разгляд Віленскай гарадской рады рашэнне, паводле якога дзеці замежнікаў, што зноў прыязджаюць у краіну, будуць прымацца толькі ў школы з навучаннем на літоўскай мове, пачынаючы з пачатковай адукацыі.

Гэта можа прывесці да закрыцця ў перспектыве адзінай у сталіцы Літвы беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны, піша Reform.news.
«Даследаванні і практыка паказваюць: менавіта ў пачатковых класах мова засвойваецца найхутчэй. У той жа час высокая канцэнтрацыя прыезджых у школах з навучаннем на рускай мове ўскладняе магчымасці паляпшэння вынікаў па літоўскай мове — на гэта ўказваюць і самі школы», — напісаў літоўскі палітык у сваім блогу ў Facebook.
На думку Вітаўтаса Міталаса, сістэма інтэграцыі буксуе.
«Аднак праблема яшчэ глыбейшая — наша міграцыйная палітыка больш не прыстасаваная да сучаснай сітуацыі. Міграцыя не можа быць працэсам, які проста адбываецца. Мы абавязаныя ёю кіраваць», — лічыць ён.
Намеснік мэра Вільні перакананы, што калі мігрант прымае рашэнне застацца, ён павінен выконваць выразныя інтэграцыйныя абавязацельствы, асновай якіх з’яўляецца мова.
«За апошнія гады ў Вільні было зроблена шмат для ўмацавання вывучэння літоўскай мовы: скарачаецца колькасць груп у дзіцячых садках з навучаннем на рускай мове, уводзіцца двухмоўнае навучанне, усё больш школ выкладаюць прадметы на літоўскай мове, павялічваюць колькасць урокаў літоўскай мовы або адкрываюць класы з навучаннем на літоўскай мове. Я вельмі ганаруся школамі, якія пры адсутнасці падтрымкі з боку дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі смела бяруцца за пераўтварэнні. Таму я заклікаю віленскія школы з навучаннем на рускай мове замацаваць літоўскую мову ў сваіх статутах і паказаць, як можна сумясціць якасную адукацыю, інтэграцыю і захаванне роднай мовы», — напісаў Вітаўтас Міталас.
Калі рашэнне ўладамі Вільні будзе прынятае, пад пагрозай апынецца дзейнасць адзінай у сталіцы Літвы беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны. Такое меркаванне выказалі Reform.news бацькі дзяцей, якія навучаюцца ў гэтай беларускамоўнай навучальнай установе.
Як адзначыў адзін з беларусаў, які папрасіў не называць свайго імя, да 2020 года гімназія паступова ператваралася ў навучальную ўстанову, дзе беларусы амаль не вучыліся, а беларуская мова практычна не выкарыстоўвалася. Новая хваля палітычнай міграцыі беларусаў прывяла да таго, што ў гімназію прыйшлі беларускія дзеці, якія хацелі вучыцца па-беларуску.
«Нарэшце дастаткова беларусаў у Літве. Нарэшце пачала вяртацца беларуская ў Скарынаўку. Давучацца тыя, хто ўжо там, і ўсё», — наракае суразмоўца.
Ён лічыць, што беларусы не з’яўляюцца пагрозай для Літвы, а беларускамоўныя беларусы толькі ўмацуюць яе бяспеку.
«Але трэба даваць беларусам магчымасць захоўваць сваю мову ў момант, калі, нарэшце, яны да яе павярнуліся. Гэта спрыяе бяспецы і Літвы ў рэшце рэшт», — упэўнены бацька дзяцей, якія ходзяць у Скарынаўку.
Ён лічыць, што Літва не павінна забараняць беларусам вучыцца на сваёй роднай мове.
«Маем адзіную ў свеце школу такую за межамі Беларусі. І ў момант беспрэцэдэнтнай сітуацыі ўнутры Беларусі пазбавіць беларусаў магчымасці вучыцца на сваёй мове?»
У каментарыях да свайго допісу Вітаўтас Міталас адзначыў, што ў гарадской радзе існуюць меркаванні пра неабходнасць зрабіць выключэнне для польскай мовы як адной з моў Еўрапейскага саюза.
Каментары
Дзе такое бывае, каб народ не мог прачытаць уласныя законы, па якіх жыў стагоддзямі?
У Літве ўжо ёсць такія, забыўшыя сваіх продкаў Барткевічы, Раманоўскія, Бараноўскія, якія ў фб Жыльвінаса Світоюся выказваюць ненавісць да беларусаў і ўсяго беларускага
Няведанне мовы сваіх продкаў вядзе да павальнага манкуртызму.