У Туркменістане адзін блогер крытыкаваў улады. Неўзабаве знайшлі яго магілу
Журналісты туркменскай службы «Радыё Свабода» знайшлі месца пахавання зніклага паўтара месяца таму блогера Дзідара Амансахатава, пацвердзіўшы тым самым інфармацыю пра яго смерць, піша «Радыё Свабода».

34‑гадовы Дзідар Амансахатаў публікаваў матэрыялы ў сацыяльных сетках пад псеўданімам Хітроўскі. Ён крытыкаваў у тыктоку ўлады Туркменістана, эканамічную сітуацыю ў краіне і высокія цэны на прадукты харчавання.
Амансахатаў знік у канцы лістапада 2025 года. 18 снежня журналісты туркменскай службы Радыё Свабода са сваіх крыніц даведаліся пра затрыманне Амансахатава супрацоўнікамі сілавых структур Туркменістана і пра яго верагодную смерць у выніку катаванняў сілавікамі. Аднак улады не каментавалі месцазнаходжанне блогера і прычыны яго затрымання.
Жыхар Туркменістана, які пажадаў застацца невядомым, расказаў «Радыё Свабода», што яго самога забралі на допыт — пасля таго, як ён выказаў спачуванні на старонцы Хітроўскага ў сувязі са смерцю блогера. Супрацоўнік Службы бяспекі Туркменістана на допыце прыгразіў мужчыну, заявіўшы, што лёс блогера павінен паслужыць урокам для любога крытыка туркменскага ўрада.
У адным з апошніх відэа Хітроўскі, у прыватнасці, раскрытыкаваў рэзкае павышэнне цэн на мяса, напісаўшы, што гэты прадукт недаступны для жыхароў Туркменістана. Пра тое, што ў краіне харчовы крызіс, раней паведамлялі і «Радыё Свабода», і іншыя незалежныя СМІ. Пры гэтым улады Туркменістана ніколі не каментуюць цэны на прадукты харчавання ў краіне, а таксама пытанні беспрацоўя ці нізкага ўзроўню жыцця насельніцтва.
Праваабарончыя арганізацыі называюць Туркменістан адной з самых закрытых і рэпрэсіўных краін свету, у якой няма палітычных і асабістых свабод, а таксама свабоды прэсы.
«Абыякавасць і нянавісць». Як жыве Туркменістан — краіна, палітычную сістэму якой капіюе Лукашэнка
Пуцін у Туркменістане двойчы не змог правільна вымавіць прозвішча лідараў гэтай краіны
У Туркменістане цяжарная жанчына памерла, бо яе аўтамабіль не пусцілі праз картэж Бердымухамедава
Аксакалы Туркменістана папрасілі ў прэзідэнта больш не павышаць заробкі, пенсіі і дапамогі
«Духоўныя скрэпы» па-туркменску. Забараняецца трымацца ў публічных месцах за рукі, а жанчынам наносіць макіяж
Каментары
Но, всему своё время.
Прыблізна, як беларусы ў Грузіі.