Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год
Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год. Прэмія, заснаваная ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам», пяты раз уручаецца не ў Беларусі.

Прэмія ў 2025 годзе ўручалася па чатырох намінацыях:
- «Праваабаронца года»;
- «Журналіст года»;
- «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года»;
- «Праваабарончая салідарнасць года».
«Праваабаронца года-2025»
Тут першы раз за ўсю гісторыю прэміі галасы падзяліліся пароўну паміж трыма намінантамі, і ўсе яны сталі лаўрэатамі.
Павел Левінаў — праваабаронца, пачаў дзейнасць у Беларускім хельсінкскім камітэце ў 2000 годзе, прасоўвае правы чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Аўтар 161 індывідуальнага паведамлення ў Камітэт ААН па правах чалавека, актыўна супрацоўнічае з КПЧ і спецдакладчыкамі. У кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» прасоўваў на ўсіх узроўнях стандарты права на жыццё. Актыўна ўдзельнічаў як назіральнік у выбарчых кампаніях усіх узроўняў. За праваабарончую дзейнасць шмат разоў цярпеў адміністратыўны і крымінальны пераслед. Пасля ператрусаў 16 лютага 2021 года быў вымушаны пакінуць Беларусь, але працягнуў актыўную абарону правоў чалавека і ў выгнанні.
Алена Маслюкова — праваабаронца і экалагічная актывістка; узначальвала Светлагорскую філію «Вясны», была адной з лідарак барацьбы жыхароў Светлагорска супраць завода бялёнай цэлюлозы, неаднаразова падвяргалася ператрусам, допытам і адміністрацыйным штрафам. Удзельнічала ў кампаніях «Вясны» супраць смяротнага пакарання і за свабодныя выбары, была абраная ў кіраўнічы склад Асамблеі НДА, а пасля вымушанага выезду з Беларусі ў 2021 годзе працягвае праваабарончую дзейнасць у выгнанні; у кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі ў Беларусі да трох гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за яе публічную і праваабарончую актыўнасць.
Таццяна Нядбай — літаратарка, праваабаронца, менеджарка культурных праектаў. Як старшыня Беларускага ПЭНа наладзіла сістэмную праваабарончую дзейнасць, прадуктам якой стаў першы маштабны маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў. Сітуацыя ў сферы культуры і з культурнымі правамі сістэмна фіксуецца, аналізуецца, матэрыялы па выніках маніторынгу становяцца істотнай часткай інфармацыі пра рэпрэсіі ў Беларусі. Адстойвае думку, што культура павінная быць у фокусе ўвагі для пабудовы дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Захавала функцыянаванне Беларускага ПЭНа ў выгнанні. Заснавала выдавецтва «Полацкія лабірынты», адным з фокусаў якога ёсць правы чалавека: выдадзеныя кнігі «Алесь» (пра) Алеся Бяляцкага, «Зэкамерон. Вершы. Гутаркі» Максіма Знака. Аўтарка кнігі вершаў «Там, за сцяной», у якой таксама падымаюцца пытанні рэпрэсій у сферы культуры і палітзняволеных дзеячаў культуры.
«Журналіст года-2025»
Кацярына Абромчык — з 2019 года з’яўляецца журналісткай і праваабаронцай ПЦ «Вясна». Яна асвятляе такія тэмы, як рэпрэсіі ў Беларусі, правы чалавека, гісторыі палітвязняў, уразлівыя групы, міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Стварае праваабарончую праграму «Вясна» на Беларускім радыё «Рацыя» і праваабарончы падкаст «Вясна прыйдзе». У 2021 годзе праз пераслед калегаў вымушана была пакінуць Беларусь, каб працягваць сваю дзейнасць на карысць правоў чалавека.
«Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025»
Кампанія «У турмы не жаночае аблічча» — у межах кампаніі праваабаронцы і лекары падрабязна прааналізавалі ўмовы ўтрымання жанчын у зняволенні, правялі дэталёвыя інтэрв'ю з былымі асуджанымі, сацыялагічнае даследаванне, як зняволенне адбілася на іх далейшым жыцці, распрацавалі рэкамендацыі для дзяржавы, што варта змяніць, падрабязна выклалі свае распрацоўкі прэсе і экспертнай супольнасці, выдалі зборнік матэрыялаў па тэме.
«Праваабарончая салідарнасць года-2025»
Вольга Брыцікава — актыўна абараняла правы рабочых у Наваполацку, кіравала незалежным прафсаюзам «Нафтана», дзе працавала 16 гадоў. У жніўні 2020 года работнікі «Нафтана» выйшлі на мітынг, выставілі палітычныя патрабаванні — іх публічна агучыла Вольга. У траўні 2022 адсядзела запар 75 дзён за антываенныя выказванні, агулам у той год адсядзела 105 дзён. У 2023 годзе была затрыманая і асуджаная на 3 гады калоніі, потым ёй дадалі яшчэ 3 гады.
Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко. За гады з моманту заснавання прэмія пашырылася і сёння ёсць прэміяй, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае праваабаронцу года, журналіста года, адваката года (да 2015 года) і ўпершыню ў 2016 года — праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года — за ўнёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека.
Каментары