Літаратура8888

Алексіевіч: Са мной вельмі шмат спрачаюцца, але руская мова невінаватая

Пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч правяла творчую сустрэчу ў Варшаве ў Музеі сучаснага мастацтва. Яна разважала пра сучасныя дыктатуры і цяперашняе стаўленне да рускай мовы, піша «Белсат».

Фота тут і далей: Рауль Дзюк / Белсат

Кажучы пра людзей, якія пасля пачатку вайны ва Украіне пачалі ва ўсім вінаваціць расійскую культуру, нобелеўская лаўрэатка чарговы раз выказалася ў абарону рускай мовы.

«Са мной вельмі шмат спрачаюцца, але мой погляд такі, што мова невінаватая. Так, мы можам знайсці імперскія вершы ў Пушкіна, нават у Бродскага. Не ведаю, ва ўсіх можам знайсці. Але яны былі людзьмі свайго часу. Дык гэта час, а не мова. Разумееце, мы ставім ім у віну час, тое, што яны жылі ў сваім часе. А мова руская тут ні пры чым», — сцвярджала Святлана Алексіевіч.

Яна прызналася, што не збіраецца адмаўляцца ад рускай мовы.

«Я пішу ўсе свае кнігі па-руску. Рабіла гэта з самага пачатку, так што тая «чырвоная ідэя», пра якую я пісала, прамаўляла ў той час менавіта на рускай мове… І не трэба рабіць падлог часу. Тады быў такі час, зараз — такі. І мы не павінны здраджваць сваёй мове. На рускай мове як гаварылі людзі, так і гавораць. А тое, што перажывае зараз Украіна — гэта зразумела. Адчай і боль. Але я думаю, што гэта пройдзе. Што да мовы — гэта абавязкова пройдзе. Бо галоўнае — не мова, галоўнае — ідэі. Не мова, а ідэі нясуць адказнасць», — падагульніла Алексіевіч.

Пісьменніца разважала і пра сучасныя дыктатуры.

«Трэба разумець, што дыктатуры — гэта не часовыя з'явы. Гэта такія схемы, якія вельмі доўга дзейнічаюць. Хтосьці кажа: вось не будзе Пуціна — і будзе свабода. Не, свабоды не будзе! Таму што пасля сябе ён пакіне цэлае пакаленне людзей, якія хочуць менавіта так жыць, якія менавіта такой бачаць Расію. Тое самае і з Лукашэнкам. Нават калі б ён сышоў сёння, гэта б не вырашыла нашых праблемаў, калі б зноў стала патрэбна, каб народ падняўся. Сучасныя дыктатуры сёння не такія бяспечныя, як мы пра іх думалі», — казала Святлана Алексіевіч.

Яна заўважыла, што зараз усе шукаюць новую мову і новыя формы супраціву.

«Але што тычыцца маёй краіны, дык, каб перамагчы, у гэтым супраціве павінны ўдзельнічаць як мага больш людзей. Вось так, як было ў 2020 годзе, калі мы назіралі агульнаграмадзянскі супраціў. Сёння ўзяць такі тэмп і такую колькасць пратэстоўцаў ужо вельмі складана. Баюся, што нам спатрэбіцца шмат гадоў, каб мы вярнуліся да таго, што зрабілі ў 2020-м», — выказвала прагнозы пісьменніца.

Пісьменніца Святлана Алексіевіч падчас сустрэчы ў межах выставы «Блізкі Усход, Далёкі Захад — Кіеўскае біенале 2025», што праходзіць у Музеі сучаснага мастацтва. Варшава, Польшча. 29 лістапада 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

На думку Алексіевіч, новай мовай супраціву можа быць салідарнасць, якой патрабуюць сёння не толькі Украіна і Беларусь, але і іншыя краіны. Бо дыктатуры вельмі добра ўмеюць раздзяляць краіны.

Паводле яе, сённяшні свет правее, і маленькія краіны, якія апынуліся пад уладай правых папулістаў і правых ідэй, першыя трапілі ў палон. Яны вельмі патрабуюць дапамогі.

«Саматугам сучасныя дыктатуры не перамагчы», — пераканана Святлана Алексіевіч.

«А сусветнага механізму, які б змог супрацьстаяць гэтаму пуцінскаму фашызму, які нараджаецца, проста няма. Гітлера мы таксама перамаглі без механізму, а зараз на нашых вачах адбываецца тое ж самае — і свет зноў бездапаможны. Я не ведаю… Ведаю толькі тое, што перамагчы здолеем толькі тады, калі кожны чалавек вырашыць стаць на бок дабра, скажа для сябе: «Я тут, а не на баку зла». Іншага шляху няма».

Апошнія словы пісьменніцы падчас сустрэчы ў варшаўскім музеі сучаснага мастацтва гучалі так: «А на любоў патрэбныя сілы, вось у чым уся справа, і я проста зычу вам усім сілаў для любові, а не для нянавісці…»

Каментары88

  • Ой, як мы пайшлі
    30.11.2025
    Славаблуддзе чырвонага чалавека магчыма нечакана для сабе ў свае апалагетыцы выкрысталізавала 2 галоўныя максімы рускага міра:

    - не мы такіе - жысць такая
    - памры ты сёння, а я заўтра

    Супер. Аўтарка, прамаўляй яшчэ.

    Але розіца, што ў нашай культуры, чалавек індывідуальна нясе адказнасць за свае словы і справы, а не "час", "абставіны" ці абстрактныя "ідэі" ў вакууме.
  • Кастусь Каліноўскі, сын зямлі Літоўскай.
    30.11.2025
    І гдзе вашая любоў да роднай мовы?
    Што тое, што з'яўляецца адметнай рысаю нашага народу ад суседзяў вы любіце?
    Ну, мо толькі дранікі. Вы мяркуеце, што жэрці дранікі - гэтае дастаткова, каб паказаць сваю любоў да Радзімы ды быць патрыётам Белай Расеі. На большае вы не вартыя.
  • Не пакідайце мовы сваёй
    30.11.2025
    Руская мова можа і не вінаватая, але навошта яна нам, калі маем сваю? Пакуль пануе руская, беларуская будзе ў заняпадзе. Тое самае і з нарратывамі «рускага міра»

Цяпер чытаюць

«Дыялект падазроны». Спявак Сярога прыйшоў на расійскае рэаліці і сабраў усіх хэйтараў2

«Дыялект падазроны». Спявак Сярога прыйшоў на расійскае рэаліці і сабраў усіх хэйтараў

Усе навіны →
Усе навіны

«Мне столькі гадоў, як Ісусу Хрысту, калі ён памёр і ўваскрос». Дзяніс Капусцін даў першае інтэрв'ю пасля інсцэніроўкі ягонай смерці

У Варшаве заўважылі сачэнне за беларусамі з дзецьмі29

Будуць бамбіць Лацінскую Амерыку? ЗША папярэдзілі грамадзянскую авіяцыю3

Б'юці-блогерку з Гомеля асудзілі за палітыку5

Пад Мінскам пасажыры маршруткі ехалі з незачыненымі дзвярыма2

«Ён у жахлівым стане». Адам Кадыраў трапіў у аварыю недалёка ад Дома ўрачыстасцей у Пуцінскім раёне12

Памёр прафесар Васіль Бернік1

Дарадца Трампа: Тэрыторыю Грэнландыі можа кантраляваць толькі той, хто здольны яе абараніць, а Данія занадта слабая для гэтага6

Малады немец танчыць пад «Касіў Ясь канюшыну» — беларускі ў захапленні. Да гэтага ён ужо сабраў армію фанатак з Расіі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дыялект падазроны». Спявак Сярога прыйшоў на расійскае рэаліці і сабраў усіх хэйтараў2

«Дыялект падазроны». Спявак Сярога прыйшоў на расійскае рэаліці і сабраў усіх хэйтараў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць