Прадстаўніца Акадэміі навук раскрыла ўзровень нараджальнасці ў Беларусі. Ён жахліва нізкі
Лічба колькасці дзяцей, якую цяпер у сярэднім нараджае адна жанчына, ніколі раней не гучала і не публікавалася.

16 кастрычніка ў Беларусі прайшоў «Адзіны дзень інфармавання». Гэта цэнтралізавана арганізаваныя мерапрыемствы — аналаг «палітінфармацый» у савецкі час, калі да ўсіх жыхароў краіны адначасова даносяць устаноўкі і наратывы, патрэбныя ўладзе. Тэмай апошняга дня інфармавання стала «Роля сямейных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве».
Дзякуючы гэтаму ў СМІ трапілі лічбы, якія ніколі раней у адкрытым доступе не публікаваліся — колькасці дзяцей, якія ў сярэднім нараджае адна жанчына.
У Смалявіцкім райвыканкаме дзень інфармавання праводзілі Наталля Якубіцкая, старшыня Мінскага абласнога савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі, і Настасся Баброва, кандыдатка эканамічных навук, дацэнтка, дырэктарка Цэнтра чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытута эканомікі Акадэміі навук.
Як піша смалявіцкая раённая газета «Край смалявіцкі», Настасся Баброва расказала, што «нізкая нараджальнасць — адно з самых вострых пытанняў. Сумарны каэфіцыент па краіне — 1,1, а ў Мінску — усяго 0,6. Гэта ніжэй, чым у краінах з аналагічным узроўнем урбанізацыі: напрыклад, у Вялікабрытаніі — 1,4. Парадокс: у сталіцу актыўна едзе моладзь, будуецца жыллё, але гэта не прыводзіць да росту нараджальнасці», — адзначыла навуковец.
Для параўнання: у Літве колькасць дзяцей на адну жанчыну складае 1,21, у Польшчы 1,3, у Латвіі — 1,35. У ваюючай Украіне — 1,0.
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый лічыла, што ў Беларусі колькасць дзяцей на адну жанчыну складае 1,23.
Каэфіцыент 1,1 азначае, што Беларусь належыць да групы краін з самай нізкай у свеце нараджальнасцю.
У Еўропе нараджальнасць на гістарычна найніжэйшым узроўні. І нават прасямейная палітыка не дапамагае. Аднак лічбы Беларусі — яшчэ ніжэйшыя, чым у еўрапейскіх краінах.
Прадстаўнікі ўладаў, у тым ліку і Настасся Баброва, выступаючы ў Смалявічах, ускладаюць віну за такія дэмаграфічныя паказчыкі на распаўсюд няправільных каштоўнасцяў і недастатковую тлумачальную працу. Аднак такому рэзкаму прасяданню нараджальнасці менавіта ў нашай краіне цяжка даць нейкае іншае тлумачэнне, як масавую эміграцыю маладога насельніцтва па палітычных прычынах.

У 2025 годзе ўпершыню за чатыры гады Белстат апублікаваў звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Праўда, лічбы сталі публікаваць адразу за 2024-ы, прапусціўшы чатыры папярэднія гады. Гэта было зроблена, імаверна, каб схаваць трагічныя звесткі аб колькасці памерлых ад кавіду, якая склала каля 90 тысяч чалавек.
Па афіцыйных даных, у 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 58938 дзяцей, паказчык нараджальнасці — 6,5 ‰ (гэты значок праміле паказвае колькасць нараджэнняў на тысячу чалавек).
Колькасць нараджэнняў у Беларусі (2012—2024)

Колькасць нараджэнняў у Беларусі (1990—2024)

Нагадаем, значэнне нараджальнасці за 2024 год — гэта гістарычны антырэкорд. Колькасць дзяцей, якія нарадзіліся ў Беларусі, зноў стала самай нізкай за ўсю гісторыю статыстычнай справаздачнасці ў Беларусі — з 1950 года.
Колькасць нараджэнняў у Беларусі (1950—2024)

Смяротнасць у Беларусі
Яшчэ адна лічба, якую не публікавалі некалькі гадоў, — колькасць памерлых людзей. Па свежых даных Белстата, у 2024 годзе яна склала 115 124 чалавекі, паказчык смяротнасці — 12,6 ‰ (аналагічна лічыцца ў праміле і паказвае колькасць смерцяў на тысячу чалавек).
Значэнні з 2020 па 2023 год статыстычнае ведамства таксама па невядомай прычыне прапусціла. «Кіберпартызаны» на аснове даных уцечак прыводзілі такія лічбы памерлых у Беларусі па гадах: у 2020‑м — 149 339, у 2021‑м — 177 825, у 2022‑м — 130 064, у 2023‑м — 119 823.
З улікам гэтых даных сітуацыя са смерцямі па гадах выглядае так:
Колькасць смерцяў у Беларусі (2012—2024)

Колькасць смерцяў у Беларусі (1990—2024)

Колькасць смерцяў у Беларусі (1950—2024)

Таксама Белстат апублікаваў значэнне натуральнага прыросту (а дакладней, змяншэння) насельніцтва Беларусі за 2024 год — мінус 56 186 чалавек. Гэтая лічба паказвае рознасць паміж нараджальнасцю і смяротнасцю, яна не ўлічвае міграцыйныя працэсы.
Фоты ў афіцыйных каналах з лекцый пра «Ролю сямейных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве» толькі падкрэсліваюць вастрыню дэмаграфічных праблем.
Вось як выглядала гэтая лекцыя ў Чэрыкаве:

Вось як гэтыя лекцыі выглядалі ў Мёрскім раёне:


У Смалявічах Якубіцкая і Баброва выступалі перад элітнай аўдыторыяй, якая складалася з кіраўніцтва райвыканкама, дэпутатаў райсавета і сельсаветаў, прадстаўнікоў сферы адукацыі, а таксама ЖКГ.


Каментары