Свет55

Узбекскі цуд: як краіна паціху становіцца новым эканамічным драконам

Пасля дзесяцігоддзяў ізаляцыі Узбекістан перажывае бурны эканамічны рост. Пакуль Масква і Мінск пад санкцыямі, Ташкент прымае дэлегацыі з Boeing, Barclays і Citibank. На эканамічных форумах у сталіцы цяпер можна сустрэць інвестараў і з Персідскага заліва, і з Кітая, і з Еўропы, і з ЗША. Як Ташкенту ўдалося стварыць умовы для сапраўднай шматвектарнасці?

Плошча Цімура ў Ташкенце. Фота: Yasin Baturhan Ergin / Anadolu via Getty Images

Як піша Bloomberg, радыкальныя змены пачаліся ў 2016 годзе з прыходам да ўлады Шаўката Мірзіёева. Ён адразу запусціў ключавыя рэформы: валюту (сум) зрабілі канвертаванай, знялі абмежаванні на выезд і дазволілі свабодны рух капіталу.

Праўда, хуткія рэформы прывялі і да росту інфляцыі — асабліва пасля таго, як дзяржава скасавала датацыі на электрычнасць і газ. Нягледзячы на гэта, банкі пачалі крэдытаваць бізнэс і насельніцтва, нават пры стаўках вышэй за афіцыйныя 14%.

Новая хваля інвестыцый

Эканоміка адкрылася, і краіна стала прывабнай для інвестараў. Сёлета ў Ташкенце адкрылі свае офісы такія фінансавыя гіганты, як Citibank, JPMorgan Chase & Co., Franklin Templeton. Інвестары з Кітая, Турцыі і Блізкага Усходу ўжо актыўна ўкладваюць грошы, у той час як амерыканцы і еўрапейцы ўважліва прыглядаюцца да рынку.

У той час як эканамічны форум у Санкт-Пецярбургу апусцеў без заходніх кампаній, у Ташкенце, паводле Bloomberg, пануе супрацьлеглая атмасфера. Форум там сабраў прадстаўнікоў Coca-Cola, Boeing, міжнародных банкаў і юрыдычных фірмаў. Boeing падпісаў кантракт на $8 мільярдаў з Uzbekistan Airways, што нават адзначыў у віншаванні Дональд Трамп.

Для глабальных інвестараў Узбекістан стаў новай крыніцай актываў, асабліва пасля таго, як расійскі рынак апынуўся пад санкцыямі. Краіна рыхтуе хвалю IPO (першасных публічных размяшчэнняў акцый) дзяржаўных кампаній, якія прыцягваюць фонды з Дубая, Дохі і Ганконга.

Цягнік «Кітай — Цэнтральная Азія» з 50 кантэйнерамі аўтадэталяў, абсталявання, будаўнічых матэрыялаў і бытавой тэхнікі адпраўляецца з порта Цяньцзінь у Ташкент. 20 мая 2024 года. Фота: Tong Yu / China News Service / VCG via Getty Images

Золатаздабыўны гігант Navoi Mining & Metallurgical Co. плануе падняць здабычу на 30% і ацэньвае сябе ў $20 мільярдаў. Вытворца урану NavoiYuran, які ў чэрвені выпусціў еўрааблігацыі на $300 мільёнаў і рыхтуецца выйсці на біржу ў 2026 годзе.

Паводле прагнозаў урада, прамыя замежныя інвестыцыі могуць падскочыць да $42 мільярдаў ужо ў гэтым годзе (у параўнанні з $11,9 мільярда ў 2024-м). Пры гэтым Кітай ужо абагнаў Расію і стаў галоўнай крыніцай інвестыцый, забяспечваючы да 28% замежных укладанняў і крэдытаў. Амерыканская Franklin Templeton кіруе нацыянальным інвестыцыйным фондам UzNIF ($1,7 мільярда), які таксама адкрыты для прыватных укладанняў.

Грошы, якія змяняюць краіну

Прыток капіталу зрабіў бачнай неверагодную трансфармацыю Узбекістана. Краіна, дзе яшчэ нядаўна грамадзяне не маглі свабодна выязджаць за мяжу, а бізнэс — выводзіць прыбытак, цяпер мае адкрытыя межы і развітую індустрыю фінансавых тэхналогій.

З 2020 года эканоміка вырасла ўдвая, ВУП перавысіў $100 мільярдаў. Адной з прычын стаў высокі кошт золата — Узбекістан уваходзіць у топ-10 сусветных здабытчыкаў.

Давер інвестараў да Узбекістана расце, што пацвярджаецца падзеннем даходнасці па дзяржаўных аблігацыях і вялікай цікавасцю да новых выпускаў. Як кажа дарадца міністра эканомікі, яшчэ ў 2019 годзе інвестары пыталіся, дзе Узбекістан знаходзіцца на карце, а сёння яны прыязджаюць у Ташкент з пытаннем: «Калі будзе наступны выпуск аблігацый?»

Новы Ташкент і маладое пакаленне

Змены бачныя і ў паўсядзённым жыцці. У Ташкенце, які раней адчуваў недахоп гатэляў, з'явіліся Hyatt і Hilton, плануюць адкрыць Ritz-Carlton. На вуліцах побач з мясцовымі Chevrolet усё часцей можна ўбачыць кітайскія электрамабілі BYD. Паслугі таксі ў асноўным прадстаўляе расійскі «Яндэкс».

Будаўнічыя працы на ўзвядзенні Цэнтра ісламскай цывілізацыі ў Ташкенце. Фота: Diego Cupolo / NurPhoto via Getty Images

Мэта прэзідэнта Мірзіёева — падвоіць ВУП да 2030 года. Асабліва імкліва развіваецца сфера фінансавых тэхналогій. Большасць плацяжоў праходзіць праз мабільныя дадаткі і QR-коды. Грузінскі TBC Bank ужо мае ў краіне 21 мільён зарэгістраваных карыстальнікаў. Мясцовы e-commerce гігант Uzum, запушчаны ў 2022 годзе, абслугоўвае 17 мільёнаў чалавек, а ў жніўні быў ацэнены на $1,5 мільярда пасля інвестыцый ад кітайскага тэхналагічнага гіганта Tencent.

Эканоміку рухае маладое пакаленне: больш за палова з амаль 38 мільёнаў жыхароў Узбекістана — маладзейшыя за 30 гадоў. Многія з тых, хто яшчэ нядаўна думаў пра эміграцыю, цяпер бачаць будучыню на радзіме. Яны адзначаюць, што рэформы стварылі не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя магчымасці, у тым ліку для жанчын.

Цёмны бок «узбекскага цуду»

Але, як і на любым новым рынку, існуюць рызыкі. Дзярждэпартамент ЗША адзначае адсутнасць дэмакратычнай апазіцыі і парушэнні правоў чалавека. Хоць краіна і палепшыла свае пазіцыі ў індэксе ўспрымання карупцыі Transparency International, яна ўсё яшчэ займае 121‑е месца са 180.

Рэйтынгавае агенцтва S&P Global павысіла прагноз па Узбекістане да «пазітыўнага», але сам крэдытны рэйтынг (BB-) застаецца на тры прыступкі ніжэй за інвестыцыйны ўзровень. Эксперты папярэджваюць, што рынак ужо заклаў у цэны шмат добрых навін, і галоўнае пытанне — ці зможа краіна паспяхова рэалізаваць свае амбіцыйныя рэформы.

Галоўная рызыка заключаецца ў тым, што ўвесь поспех моцна залежыць ад адной асобы — прэзідэнта Шаўката Мірзіёева. У 2023 годзе ён правёў рэферэндум, які дазваляе яму заставацца ва ўладзе да 2037 года.

Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. 23 верасня 2025 года. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Яго сям'я і блізкае атачэнне, у тым ліку дачка Саіда Мірзіёева, якая заняла ключавую пасаду ў Адміністрацыі прэзідэнта, захоўваюць дамінуючае становішча ў эканоміцы. Як адзначаюць эксперты, для кіравання інвестыцыйнымі рызыкамі ў Цэнтральнай Азіі крытычна важна разумець, хто мае ўладу і ўплыў.

І ўсё ж нават крытыкі прызнаюць: перамены ў Узбекістане глыбокія і незваротныя. Краіна, якая калісьці была важным вузлом Вялікага шаўковага шляху, а потым ператварылася ў савецкую правінцыю, сёння вяртае сабе ролю эканамічнага і культурнага цэнтра рэгіёна.

Каментары5

  • Юры
    16.10.2025
    Надвор'е 👍, садавіна👍, гародніна👍 , страны👍 тамака
  • з камандзіроўкі
    16.10.2025
    і дацэнту вну тамака плацяць $1k ў месяц, у адрозненне ад 1700 руб....
  • Беларус
    16.10.2025
    А якой магла б быць наша родная Беларусь - адкрытай для інвестыцый з усяго свету, з офісамі і прадстаўніцтвамі сусветных кампаній у Менску, калі б не крамлёўска-саўковы загон, у які загнаў нашу краіну саўгасны ідыёт.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»15

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі выпусцілі чыпсы са смакам сала ФОТАФАКТ2

Самалёт з кіраўніком Пентагона на борце зрабіў вымушаную пасадку ў Вялікабрытаніі

Пуцін у Маскве гаварыў пра вечную дружбу з сірыйскім лідарам, якога 9 гадоў таму пагражаў «знішчыць»4

Michelin выдаў ганаровыя ключы найлепшым гатэлям свету3

«Хвастаць людзей не трэба». Беларус прыехаў у Польшчу і стаў пармайстрам6

Міністарка абароны Літвы: Беларусь — свядомы і актыўны ўдзельнік банды28

Выйшла расследаванне пра софт для сачэння за актывістамі ў сотні краін свету. Яго куплялі і беларускія ўлады4

У Гродне бацька вучыў сямігадовую дачку страляць і трапіў ёй у руку1

У Докшыцах епіскапа сустрэлі дываном з жывых кветак. У тыктоку абурыліся8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»15

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць