Начальніца медчасткі калоніі ў Бабруйску, на якую скардзіліся палітвязні, пайшла на павышэнне
У верасні медыя паведамілі, што з калоніі №2 у Бабруйску звольнілі начальніцу медыцынскай часткі Дар’ю Ласкаўневу. Некаторыя палітвязні абвінавачвалі яе ў халатным стаўленні да асуджаных пацыентаў.

Аднак Ласкаўнева пайшла на павышэнне і цяпер узначальвае медчастку ў СІЗА ў Калядзічах, піша DW Беларусь. Пра гэта паведаміў былы палітвязень Мікола Дзядок, які да вызвалення знаходзіўся ў Калядзічах.
«Асабіста я не магу на Ласкаўневу паскардзіцца, за час зняволення я бачыў супрацоўнікаў значна горшых, — распавёў ён DW. — Медыцыну ў СІЗА можна апісаць так: сімптаматычную дапамогу акажуць, але сур’ёзна вырашаць твае праблемы не будуць, стараюцца як мага хутчэй проста ад цябе пазбавіцца».
Па словах Дзядка, медперсаналу ў СІЗА не хапае, супрацоўнікі «зашываюцца» і не паспяваюць усім дапамагчы.
Экс-палітвязень Аляксей Галоўкін, які мае інваліднасць ІІ групы, у інтэрв’ю «Люстэрку» называў Ласкаўневу «садысткай» і распавёў, што яна адпраўляла хворых зняволеных на працу.
Экс-палітвязень блогер Вадзім Ермашук лічыў, што па віне Ласкаўневай у яго не была своечасова дыягнаставаная анкалогія, на яго скаргі на здароўе начальнік медчасткі адказвала: «Вы не ў санаторыі, ведалі, куды ішлі».
Паводле звестак «Белпол», Ласкаўнева — ураджэнка Мурманскай вобласці Расіі, з 2009 года мае грамадзянства Беларусі. У ПК-2 працавала з 2010 года, ад тэрапеўта даслужылася да начальніцы медчасткі, там жа доктарам працаваў яе муж.
Каментары
Она же борется с беларусами и беларуским на территории скотного двора лукашенко, поэтому только в верх и на верх !
Ведь - свой, проверенный кадр.