Свет66

Скам-фабрыкі ў М'янме — што гэта і як працуюць. На адну з такіх, верагодна, вывезлі і беларуску Веру

Некаторыя комплексы на мяжы М'янмы і Тайланда выглядаюць як кампусы тэхналагічных кампаній: акуратныя вілы з дагледжанымі газонамі, уласныя шпіталі, рэстараны і нават банкі. Аднак за высокімі агароджамі, калючым дротам і ўзброенымі ахоўнікамі хаваецца жорсткая і шматмільярдная злачынная індустрыя. Гэта так званыя «скам-фабрыкі» — цэнтры, дзе тысячы людзей, часта гвалтам, прымушаюць займацца анлайн-махлярствам.

KK Park — самая буйная скам-фабрыка М'янмы. Фота: Lillian Suwanrumpha / AFP via X

Што такое скам-фабрыка?

Пад назвай «скам-фабрыка» хаваюцца маштабныя, добра ўмацаваныя комплексы, якія фактычна з'яўляюцца турмамі. Іх вязняў — людзей, завабленых ілжывымі абяцаннямі або выкрадзеных, — прымушаюць працаваць у глабальных схемах анлайн-махлярства. Гэтыя цэнтры сталі змрочным сімвалам так званага «Залатога трохкутніка» — рэгіёну на стыку М'янмы, Тайланда, Кітая і Лаоса, які даўно вядомы вытворчасцю наркотыкаў, кантрабандай і адмываннем грошай.

Як піша The Guardian, пасля вайсковага перавароту ў М'янме ў 2021 годзе колькасць такіх цэнтраў на мяжы з Тайландам павялічылася больш чым удвая — з 11 да 27, прычым сярэдні тэмп пашырэння склаў каля 5,5 гектара на месяц. Адзін з найбуйнейшых такіх комплексаў — KK Park — займае плошчу ў 210 гектараў. Па ацэнках, агульная колькасць работнікаў можа складаць да 100 тысяч чалавек.

Паводле справаздачы Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, толькі ў 2023 годзе кібермахляры з Паўднёва-Усходняй Азіі выманілі ў людзей каля 37 мільярдаў даляраў.

Месцы размяшчэння махлярскіх комплексаў. Графіка: The Guardian

Як людзі туды трапляюць?

Існуе некалькі асноўных шляхоў, якімі людзі аказваюцца ў рабстве на гэтых фабрыках. Адзін з найбольш распаўсюджаных — ілжывыя прапановы працы, якія часта перарастаюць у гандаль людзьмі.

Многіх завабліваюць абяцаннямі высокааплатнай працы, напрыклад, у сферы абслугоўвання кліентаў або анлайн-гандлю. Выданне France 24/AFP у якасці прыклада прыводзіць гісторыю маладога жыхара Кітая па імені Сунь.

Па словах ахвяры, ён паехаў у Тайланд, спадзеючыся зарабіць на продажы кітайскіх тавараў праз інтэрнэт, але быў выкрадзены ў памежным горадзе Мэ Сот і перапраўлены праз раку ў М’янму. Там яго прадалі ў першы скам-цэнтр прыкладна за 650 000 батаў (каля $20 000) — і гэта была толькі першая з некалькіх падобных «транзакцый».

Гэтая гісторыя вельмі падобная да той, што расказала знаёмая беларускі Веры Краўцовай, якая таксама адгукнулася на аб’яву аб працы і прыехала ў Тайланд, дзе яе выкралі і прывезлі ў М’янму.

Як піша AFP, людзей у гэтых сетках перапрадаюць паміж фабрыкамі ў залежнасці ад іх карыснасці. Падобныя гісторыі пацвярджаюць і іншыя сведкі, з якімі размаўлялі журналісты AFP.

Эксперты адзначаюць, што некаторыя едуць у такія цэнтры свядома, спакусіўшыся хуткімі грашыма, але часта не ўсведамляюць, у якія ўмовы трапяць і што пакінуць комплекс па сваёй волі будзе немагчыма.

Як працуе махлярская схема знутры?

Гэтая складаная афёра мае сваю змрочную назву — «забой свінні» (pig butchering) — і складаецца з некалькіх этапаў.

Усё пачынаецца з «прыкорму». Як апісвае AFP, работнікі ніжэйшага звяна, такія як згаданы раней Сунь, рассылаюць тысячы шаблонных паведамленняў патэнцыйным ахвярам, часцей за ўсё ў краінах Захаду. Іх мэта — проста завязаць дыялог.

Калі ахвяра «клюе», яе перадаюць дасведчанаму «аператару». Яго задача — увайсці ў давер, а часта — пабудаваць рамантычныя адносіны.

Махляры дзейнічаюць паводле дэталёва прапрацаваных сцэнарыяў. Журналісты пабачылі адзін з такіх дакументаў на 25 старонак, дзе работніку прапаноўвалася выдаваць сябе за «Эбі» — 35‑гадовую закаханую японку, з гатовымі фразамі для спакушэння.

Калі давер дасягнуты, надыходзіць этап «забою». Ахвяру пачынаюць пераконваць укласці грошы ў фальшывыя інвестыцыйныя платформы, звычайна звязаныя з віртуальнымі валютамі. Каб надаць сваім словам вагі, махляры нават праводзяць відэазванкі на фоне раскошных інтэр'ераў, ствараючы вобраз паспяховага і багатага чалавека, якому можна давяраць.

Згодна са сведчаннямі былых супрацоўнікаў «фабрык», умовы працы невыносныя. Адзін філіпінец, які правёў паўгода ў KK Park, расказаў The Guardian, што за невыкананне планаў яго каралі электрашокерам або змушалі выконваць знясільваючыя фізічныя практыкаванні на спёцы. Сунь пацвярджае гэта: «Амаль кожнага, хто быў унутры, у нейкі момант збівалі… электрычнымі дубінкамі і бізунамі, альбо за адмову працаваць, альбо за спробу адтуль пайсці».

У рукі журналістаў AFP трапіла копія «працоўнага кантракту» з аднаго з цэнтраў. У ім супрацоўнікам забаранялася размаўляць паміж сабой ці пакідаць свае працоўныя месцы, а менеджары атрымлівалі права «выхоўваць» парушальнікаў — за гэтым словам, відавочна, хаваецца фізічнае пакаранне.

Уцячы практычна немагчыма: комплексы абнесеныя высокімі платамі, а па перыметры стаяць вартавыя вежы з узброенай аховай.

Пры гэтым, як адзначаюць эксперты, персанал у такіх цэнтрах вельмі неаднародны. Ён ахоплівае ўвесь спектр: ад шараговых работнікаў, якіх трымаюць у рабскіх умовах, да высокааплатных кваліфікаваных спецыялістаў, напрыклад, праграмістаў, якія свядома ўдзельнічаюць у злачыннай дзейнасці.

Гэты кантраст праяўляецца ва ўсім. Як піша The Guardian, у той час як шараговых работнікаў катуюць, для кіраўніцтва і важных гасцей у комплексах прадугледжаныя шыкоўныя ўмовы. У некаторых з іх ёсць нават раскошнае жыллё. Гэтыя інтэр'еры выконваюць і практычную функцыю: іх выкарыстоўваюць як фон для відэазванкоў з патэнцыйнымі ахвярамі, каб пераканаць іх, што яны размаўляюць з вельмі заможным чалавекам, інвестыцыйным парадам якога варта давяраць.

Хто за гэтым стаіць і чаму гэта магчыма?

За скам-фабрыкамі стаяць магутныя транснацыянальныя злачынныя сіндыкаты, часта звязаныя з Кітаем. Аднак іх дзейнасць была б немагчымай без падтрымкі на месцах.

Як піша The Guardian, вайсковая хунта М'янмы, якая страціла кантроль над значнымі тэрыторыямі, дазваляе існаванне гэтых цэнтраў. Узброеныя групоўкі, што кантралююць памежныя раёны (як саюзныя хунце, так і апазіцыйныя), атрымліваюць велізарныя прыбыткі ад гэтай дзейнасці. Для хунты, якая змагаецца за выжыванне, барацьба са скам-цэнтрамі азначала б пагрозу для адносін з гэтымі групоўкамі, таму яна заплюшчвае на гэта вочы.

Комплексы настолькі добра інтэграваныя ў мясцовую эканоміку, што нават маюць уласныя лініі забеспячэння. Спадарожнікавыя здымкі, якія аналізуе France 24, паказваюць новыя паромныя пераправы праз раку Моэй, якія выкарыстоўваюцца для паставак з Тайланда. А калі Тайланд спрабаваў перакрыць электрычнасць і інтэрнэт, комплексы, па даных СМІ, пачалі выкарыстоўваць спадарожнікавы інтэрнэт Starlink.

Ці ёсць выйсце?

Выбрацца са скам-фабрыкі неверагодна складана. Пасля міжнароднага ціску, асабліва з боку Кітая, улады М'янмы і Тайланда перыядычна праводзяць рэйды.

У пачатку гэтага года ў выніку складанай выратавальнай аперацыі, у якой удзельнічалі суседнія Тайланд, Кітай і іншыя краіны, грамадзяне якіх апынуліся ў пастцы, а таксама вайскоўцы М'янмы і ўзброеныя групоўкі, якія кантралююць памежныя раёны, былі вызваленыя каля 7000 чалавек. Сярод іх і згаданы Сунь.

Вызваленыя ў лютым 2025 года супрацоўнікі скам-фабрыкі. Фота: Chiravuth Rungjamratratsami / AP Photo

Для многіх адзіны шлях на волю — выкуп. Гэта спарадзіла яшчэ адну змрочную індустрыю — прыватных «ратавальнікаў». Як піша AFP, сваякі зніклых стварылі некалькі груп у кітайскім дадатку для абмену паведамленнямі WeChat, дзе дзясяткі людзей шукаюць сваякоў, якія зніклі каля мяжы з М'янмай.

Там яны часта сутыкаюцца з людзьмі, якія абяцаюць дапамагчы выцягнуць іх блізкіх за дзясяткі тысяч даляраў. Аднак, па словах экспертаў, многія з гэтых «ратавальнікаў» самі з'яўляюцца махлярамі, якія проста нажываюцца на чужым горы.

Каментары6

  • Ніфіга сабе
    16.10.2025
    Ну ў Беларусі зараз і сябры на дальняй дузе. Што КНДР, што вось гэтая Мьянма, што Іран, што афрыканскія людаедскія рэжымы.

    Правыя былі старажытныя грэкі. Падобнае цягнецца да падобнага.
  • Ё
    16.10.2025
    Па-першае, НН, не этычна і не бяспечна рэкламаваць гісторыі поспеху танцорак гоу-гоу у Арабскіх эміратах, па-другое сумняюся, што сярод зняволенных былі грамадзяне Польшчы ці ЗША. Такія гісторыі паказваюць, што беларускі пашпарт для мясцовых сіндзікатаў не з’яўляецца перашкодай, бо сіндзікаты ведаюць, што беларускае кіраўніцтва чхала на сваіх людзей.
  • тэма органаў не раскрыта
    16.10.2025
    тое што тут апісана, гэта хутчэй шэрая зона на мяжы законнага і злачыннага.
    тое, чым займаўся астап бэндар.

Цяпер чытаюць

Бондарава дакалупалася да верша «Вавёрка» ў праграме дзіцячых садкоў. Што з ім не так?3

Бондарава дакалупалася да верша «Вавёрка» ў праграме дзіцячых садкоў. Што з ім не так?

Усе навіны →
Усе навіны

Даверанай асобе лукашэнкаўскага спарынг-партнёра Улаховіча далі калонію па трох палітычных артыкулах4

Улады хочуць зрабіць Навагрудак горадам-музеем5

Перавозчыкі расказалі, за колькі часу цяпер праходзяць мяжу аўтобусы ў Польшчу і Літву

Учора Латвія змяніла правілы перасячэння мяжы. Беларусы сутыкнуліся з першымі цяжкасцямі2

У беларусаў у Расіі інтэрнэт працаваць не будзе7

Лукашэнка: Перад кожным кіраўніком павінна ляжаць шпаргалка, куды ён і колькі завязе трактароў, камбайнаў і масла2

Узбекскі цуд: як краіна паціху становіцца новым эканамічным драконам12

Трамп прапануе фінансаваць перамогу Украіны за кошт Кітая1

Анджэй Пачобут увайшоў у пералік трох фіналістаў прэміі імя Сахарава

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава дакалупалася да верша «Вавёрка» ў праграме дзіцячых садкоў. Што з ім не так?3

Бондарава дакалупалася да верша «Вавёрка» ў праграме дзіцячых садкоў. Што з ім не так?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць