Грамадства55

Беларуска заплаціла 1000 еўра за пошук польскіх каранёў, а атрымала фота падробленага ўкраінскага дакумента

Прабабуля і прадзядуля Алесі (імя зменена) былі палякамі, таму яна вырашыла аформіць карту паляка. Пасведчанне асобы прабабулі захавалася, а ад прадзядулі засталася толькі ваенная кніжка — у ёй нацыянальнасць не пазначаная. Каб знайсці пацвярджэнне яго паходжання, дзяўчына звярнулася ў агенцтва. Заплаціла 1000 еўра, але атрымала толькі фатаграфію падробленага пасведчання аб нараджэнні сваёй маці. «Арыгінал» абяцалі даслаць пасля пералічэння яшчэ 1000 еўра. Сваёй гісторыяй беларуска падзялілася з MOST.

Фота: Mr Cup / Fabien Barral / Unsplash

Алеся прыехала ў Польшчу вясной гэтага года. Дзяўчына была ўпэўненая, што праблем з пошукам польскіх каранёў не будзе: уся сям'я жыла ў Гродзенскай вобласці, якая з 1921 па 1939 год уваходзіла ў склад Польшчы. Прадзядуля Алесі служыў у польскім войску, пра гэта і сведчыць ваенная кніжка. Але нацыянальнасць — паляк — у ёй не прастаўленая.

Каб атрымаць карту паляка — дакумент, які пацвярджае прыналежнасць да польскай нацыі, — дастаткова даказаць, што маці, бацька, бабуля або дзядуля былі палякамі. А вось калі гаворка ідзе пра папярэдняе пакаленне — прабабуль і прадзядуль, — то патрабуецца пацвердзіць польскае паходжанне адразу двух з іх.

«Магчыма, у агенцтва свае метады»

Каб знайсці дакументы прадзядулі, Алеся і яе малады чалавек вырашылі звярнуцца ў адно з агенцтваў, якія займаюцца пошукам польскіх каранёў. Пры выбары арыентаваліся на водгукі. Адно выклікала сумневы, другое здавалася надзейным.

— Агенцтва было зарэгістравана ў Малдове ці Румыніі, дакладна ўжо не ўспомню. Мы не праверылі іх загадзя, а проста напісалі і патэлефанавалі праз Telegram. Мой малады чалавек размаўляў з імі па ўсіх пытаннях. Там папрасілі даслаць дакументы, радавод і запоўніць файл з інфармацыяй пра дом, бабуль, прабабуль і іншых сваякоў. Я ўсё падрыхтавала і адправіла, — расказвае Алеся.

Яна заплаціла аванс — 1000 еўра. Спачатку ў агенцтве абяцалі, што праца зойме месяц, потым удакладнілі — два-тры тыдні. У дзяўчыны ўжо тады з'явіліся сумневы.

— Звычайна на архіўныя пошукі сыходзіць як мінімум месяц. Але падумала, магчыма, у агенцтва свае метады, — кажа яна.

З Гродзенскай вобласці — у Валынскую

Праз два тыдні Алесі прыйшоў скан «дакумента» — нібыта савецкага пасведчання аб нараджэнні яе маці. У ім была тая ж інфармацыя, што і ў рэальным пасведчанні, копію якога Алеся сама дала агенцтву. Вось толькі бланк быў не на беларускай, а на ўкраінскай мове — выдала пасведчанне нібыта Луцкае бюро ЗАГС Валынскай вобласці.

І ў графе «нацыянальнасць» маці, то бок бабулі Алесі, значылася ўжо не беларуска, як у арыгінальным дакуменце, а полька.

Цікава, што месца нараджэння маці не памянялі — усё тая ж вёска ў Гродзенскай вобласці. Але ў куце дадалі надпіс ад рукі: «Адноўлена». Як быццам першапачатковае пасведчанне аб нараджэнні маці згубілася, і яго прыйшлося аднавіць — праз тры гады ў Валынскай вобласці.

Алеся падкрэслівае, што насамрэч сям'я ўвесь час жыла ў адным і тым жа доме ў Гродзенскай вобласці і ва Украіну не пераязджала.

— Я сказала ім, што гэта незаконна і што потым могуць узнікнуць праблемы. Але там звялі ўсё да простай формулы: «Вам патрэбныя былі дакументы для атрымання карты паляка? Мы іх зрабілі, з такімі вы карту атрымаеце. Мэта з нашага боку дасягнутая», — успамінае Алеся.

«Наўрад ці я штосьці дакажу»

«Сапраўднае», то-бок папяровае, пасведчанне абяцалі даслаць пасля аплаты другой часткі ганарару агенцтва — яшчэ 1000 еўра. Але дзяўчына патлумачыла, што хацела знайсці сапраўдныя архіўныя дакументы, а не падробленыя.

У агенцтве паабяцалі разабрацца і ператэлефанаваць, але перапіску выдалілі і на сувязь больш не выходзілі.

— Спачатку я думала напісаць заяву і паспрабаваць вярнуць грошы, але потым перадумала — наўрад ці я штосьці дакажу, — прызнаецца Алеся.

Каментары5

  • Мыш
    16.10.2025
    Якія "пошук каранёў" яна хацела ад украінцаў з ТГ? Зараз яны вам усё кінуць і паедуць у Гародню ў архівы, ага. Ці дзяўчына зусім без сувязі з рэальнасцю, ці і хацела "ліпу", але не чакала, што настолькі кепскую.
  • кантар
    16.10.2025
    Прафесія паляк, а па паходжанні беларус -- 1000 еўра.
    Прафесія -- беларус, па паходжанні беларус -- турма і вошы.
    Прафесія рускі, па паходжанні беларус -- бясплатна.
  • AlexxelA
    16.10.2025
    На што толькі ні гатовыя пайсці некаторыя, каб было як той казаў учора беларус, сёння паляк, заўтра рускі, а яшчэ праз дзень - афрыканец.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Усе навіны →
Усе навіны

У Магілёве зрабілі дыяганальны пешаходны пераход4

Піт Хегсэт заклікаў саюзнікаў нарасціць пастаўкі ўзбраенняў Украіне3

Дзяўчына з Брэста дурыла мужчын, прыкрываючыся міліцэйскай формай4

Больш чым адну сажалку на прыватных участках капаць забароняць2

МЗС Беларусі пацвердзіла знікненне беларускі ў М’янме7

Завяршаецца будоўля на Валгаградскай. Як там усё выглядае цяпер4

Турчын заявіў, што Беларусь і Расія дамовіліся наконт нафтаперапрацоўкі7

Пакістан ударыў па Кабуле2

Субмарына «Наварасійск» ідзе ў Кранштат пасля вымушанага ўсплыцця каля Францыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць