Газлайтынг, жанчына ў бядзе і гімн смелай журналістыцы. Чаму варта паглядзець новы хіт Netflix «Жанчына з каюты №10»
На Netflix тыдзень таму выйшаў захапляльны трылер «Жанчына з каюты № 10» з Кірай Найтлі. Чаму гэты фільм — выдатнае восеньскае кіно для тых, хто любіць дэтэктывы і гісторыі пра моцных жанчын.

У аснове фільма — аднайменны бестселер 2016 года брытанскай пісьменніцы Рут Веер, адной з самых папулярных сучасных аўтарак псіхалагічных дэтэктываў і трылераў, піша ўкраінскі Vogue.
Рут Веер — 48 гадоў, яна жыве на поўдні Англіі на ўзбярэжжы мора і надзвычай умела стварае змрочныя, заблытаныя гісторыі, у цэнтры якіх звычайна жанчыны, што трапляюць у небяспечныя сітуацыі, звязаныя з забойствамі. Рут Веер стала вядомай у 2015 годзе пасля выхаду рамана «У цёмным, цёмным лесе», які распавядае пра жанчыну, што наведвае дзявочнік сяброўкі дзяцінства, пра якую нічога не чула ўжо шмат гадоў. Вечарынка адбываецца ў ізаляваным шкляным дамку ў лесе, і там адбываецца нешта жудаснае…
Сёння ў бібліяграфіі Веер — больш за 10 раманаў, у тым ліку і «Дзяўчына з каюты № 10», які ўвайшоў у дзясятку найлепшых бестселераў брытанскай газеты Sunday Times і The New York Times.
Галоўная гераіня экранізацыі, што выйшла на Netflix, — журналістка Лора Блэклок (Кіра Найтлі), якая піша пра падарожжы для часопіса. Аднаго разу яна атрымлівае заданне мары: правесці тыдзень на новым раскошным лайнеры, што падарожнічае нарвежскімі фіёрдамі, і напісаць пра гэта рэпартаж, — а таксама пра ўладальніка яхты, багацея Рычарда Булмера (Гай Пірс), які разам з невылечна хворай жонкай Эні, якая на чацвертай стадыі раку, заснаваў дабрачынны фонд.
На яхце Лора знаёміцца з камандай і ўплывовымі гасцямі Булмера, і ўсё выглядае ідэальна: раскошныя каюты, свецкія вечарыны, ігрыстае льецца ракой. Да таго моманту, пакуль адной ночы Лора не чуе крыкі і не бачыць, як нехта скідае ў ваду жанчыну, якая, як ёй здаецца, жыла ў каюце нумар 10. Аднак экіпаж і пасажыры запэўніваюць, што ў гэтай каюце ніколі нікога не было.

На працягу фільма Лора спрабуе пераканаць усіх, што яна сапраўды бачыла, як нехта скідаў жанчыну ў ваду, аднак з кожным крокам становіцца ўсё менш надзейнай апавядальніцай, бо ўсе вакол сцвярджаюць, што ёй гэта падалося.
Сітуацыю пагаршае і тое, што ў Лоры ёсць схільнасць да алкаголю, трывожнасць, яна перажыла дэпрэсію і сама пачынае сумнявацца ў тым, што бачыла…
Калі вам здаецца, што з падобным сюжэтам вы ўжо сутыкаліся — вам не здаецца: сапраўды, гісторыя пра прыгоды журналісткі на яхце нагадвае сюжэт кнігі «Дзяўчына ў цягніку» Полы Хокінс, экранізаванай у 2016 годзе (з Эмілі Блант у галоўнай ролі), і «Жанчына ў акне» Э.Дж. Фін (2021), дзе галоўную ролю выканала Эмі Адамс.

Сюжэт у гэтых дэтэктыўных гісторыях развіваецца падобным чынам: жанчына, што падарожнічае (альбо знаходзіцца ў закрытым памяшканні), становіцца сведкай забойства, але з'яўляецца ненадзейнай апавядальніцай, бо мае псіхалагічныя праблемы альбо праблемы з алкаголем. А галоўная задача гледача — зразумець, ці варта ёй верыць.
Акрамя ўжо згаданых дэтэктываў, «Жанчына з каюты № 10» нагадвае «Смерць на Ніле» Агаты Крысці, і пісьменніца Рут Веер не хавае, што Агата Крысці — адна з яе любімых аўтарак і бясконцая крыніца натхнення.
Фільм рэжысёра Саймана Стоуна добра перадае гэтую амаль хічкокаўскую напругу, якая ўзмацняецца тым, што героі знаходзяцца разам у замкнёнай прасторы.
Над сцэнарам рэжысёр працаваў разам з Джо Шрапнэлам і Анай Вотэрхаўс, сцэнарыстамі напружанага трылера «Рэбека» 2020 года, што стаў рэмейкам аднайменнага фільма Хічкока. Сам жа Стоун прызнаецца, што натхняўся паранаідальнымі трылерамі 70‑х гадоў.
Без сумневу, найлепшае ў гэтым фільме — Кіра Найтлі ў ролі разумнай, далікатнай Лоры. Яе гульня, як піша ў сваёй рэцэнзіі выданне Collider, ператварае тое, што магло быць прамой гісторыяй пра «жанчыну ў бядзе», у нешта вострае.
Кіра Найтлі ўвасабляе не істэрычную жанчыну, а разумную і моцную журналістку; акторка надае сваёй гераіні ціхі, эмацыйны інтэлект.
Аскараносная Найтлі па-майстэрску паказвае, як яе гераіня пачынае вар’яцець праз газлайтынг і тое, што апынулася сярод таксічных людзей, якія ёй шкодзяць.
І менавіта яе ігра робіць «Жанчыну з каюты № 10» вартаю ўвагі.
Каментары
Гучыць так, быццам гэты серыял выключна для феміністак.
Назваць выдатным кіно - чарговае прахаднае нэтфліксмуві з усім вядомым сюжэтам...
Зараз у кінатэатрах выдатная і вельмі актуальная праца ад Пола Томаса Андэрсана. А рэкамендаваць глядзець кіно другога гатунку толькі каб пабачыць Кіру Найтлі - вельмі сумнеўны выбар.
Але дзяўчынкам-феміністкам, калі няма чаго рабіць, то можа і окей.
А калі тое самае адбываецца з жанчынай, то гэта ўжо газлайтынг і барацьба за правы. :)