Ціханоўская: Мы з Сяргеем не канкурэнты, а гісторыю з адменай інтэрв'ю CNN раздзьмулі
Падчас знаходжання ў Бруселі на сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл з Еўракамісіяй Святлана Ціханоўская дала інтэрв'ю Deutsche Welle, у якім расказала, як змянілася яе жыццё пасля вызвалення мужа Сяргея і чаму дома яны імкнуцца не гаварыць пра палітыку.

— Як з таго часу, як Сяргей выйшаў на волю, змянілася ваша палітычнае, сацыяльнае, асабістае жыццё?
— Я не магу сказаць, што неяк змянілася палітычнае жыццё, таму што Сяргей разумее маю ролю, ён яе не спрабуе змяніць. Зразумела, што яму трэба яшчэ трошачкі часу, каб знайсці сваё месца, таму што ёсць вялікая праблема, што людзям, якія трапілі ў турму ў 2020‑м годзе, трэба час усвядоміць, што прайшло ўжо пяць гадоў, памяняўся кантэкст, памянялася геапалітычнае становішча.
Сяргей літаральна сёння выдаў відэа «100 дзён пасля зняволення», дзе ён прызнае, што пачаў дзейнічаць паспешліва і зрабіў некалькі памылак. І яму яшчэ трэба шмат чаго даведацца, немагчыма [так хутка] пяць гадоў ахапіць і зразумець, што дзе было, што як адбывалася. Але мы яго паціху навучаем, расказваем, бо для палітыкі таксама патрэбны досвед.
І тут трэба выбраць свой шлях — альбо ты працуеш у медыя, і тады ты можаш гаварыць ад душы ўсё, што хочаш, бо ў нас няма цэнзуравання медыя, альбо ты палітык, і тады ты павінен думаць пра наступствы сваіх слоў і павінен гаварыць згодна з абставінамі. Гэта яго шлях. Я побач, дапамагаю яму.
Што тычыцца дома — дома мы сям'я. У нас было пару нязначных канфліктаў на фоне «ты навошта гэта сказаў, так няправільна, навошта ты пакрыўдзіў беларусаў?», і мы вырашылі, што мы не пераносім дадому палітыку, мы дома сям'я, мы дома з дзецьмі. Вядома, не заўсёды атрымліваецца, але мы вельмі стараемся, таму што ў цэлым абстаноўка ў палітычным полі вельмі нервовая, і можна да бясконцасці спрачацца і дыскутаваць.
І я таксама для сябе так падумала: я калі была адна, без Сяргея, усё адно прыходзіш дадому — працуеш, з дзецьмі, казку чытаеш — а ўсё роўна ў думках і з палітвязнямі, і па працы — і тое трэба зрабіць, і гэта. Напэўна, трэба і мне даць сабе час быць побач з мужам і надаваць яму шмат увагі, чаго яму не хапала ўсе гэтыя пяць гадоў.
Таму, з аднаго боку, стала лягчэй, з другога, нашы сілы, напэўна, падвоіліся, мы адзін аднаго падтрымліваем.
— Вы кажаце: з аднаго боку, стала лягчэй. А з другога?
— Стала складаней, бо я адчуваю адказнасць і за шлях Сяргея таксама, калі ён сябе шукае. І калі ён робіць памылкі, усё роўна нас нейкі час, асабліва спачатку, успрымалі як адно цэлае і ўсё адно пыталіся з мяне. Але чым больш самастойным становіцца Сяргей, тым, вядома, менш нас звязваюць у адно цэлае.
Ён заўсёды сам заяўляе: «Я не працую ў Офісе, я асобная структура, асобная ячэйка, асобны чалавек, не трэба нас змешваць у кучу». Але гэта таксама своеасаблівы шлях.
Зноўку трэба і прывыкаць адзін да аднаго. Ён выйшаў з турмы, вядома, не зламаным, ён такі ж энергічны, у яго шмат праектаў у галаве, і ён увесь час у працы, заняты. Я кажу: «Давай дома супакоімся, з дзеткамі мульцік паглядзім». Ну, пакуль так, усё трошкі хаатычна, але яно ўсё прыйдзе ў норму.
— Гэта значыць, вы дуэт, вы тандэм ці вы пакуль не ведаеце?
— Мы відавочна не ў канкурэнцыі. У сям'і мы дакладна тандэм. На палітычным полі Сяргею пакуль яшчэ трэба вызначыцца, каб зразумець, хто мы ў адносінах адзін да аднаго.
— Вы не шкадуеце, што адмовіліся ад інтэрв'ю на CNN?
— Насамрэч так гэтую гісторыю раздзьмулі. Там быў шэраг абставін, якія прывялі да гэтага моманту. І, магчыма, дзесьці я не мела рацыі, таму што для Сяргея гэты стрым быў важны. Я паабяцала прыйсці, і я яго планы разбурыла. Але зразумела, што быць у сусветных СМІ — гэта вельмі важна.
Такая вось у мяне цяпер, ведаеце, роля — альбо ты з мужам, альбо ты робіш сваю палітычную працу. І ў моманце не заўсёды зразумела, што правільней. Мы таксама вучымся, і Сяргей відавочна не хацеў, каб гэта выглядала так, як гэта выглядала, ён вельмі моцна перажываў з гэтай нагоды, але мы справіліся.
— Як вы бачыце вашу палітычную будучыню — разам, асобна? Чаго вы наогул жадаеце ў гэтых адносінах?
— Я жадаю вярнуцца дадому і жыць у Беларусі. Ужо ў якой ролі — напэўна, гэта другасна. Я разумею набыты вопыт, набыты ўзровень кантактаў у свеце і сваю вагу. І калі трэба будзе служыць Беларусі і далей у любой якасці, то, вядома, я буду, таму што я гіперадказны чалавек, вельмі. І калі трэба будзе, я буду працягваць.
Пакуль мы за мяжой, то я раблю тое, што я павінна рабіць, пакуль ёсць сілы — і фізічныя, і маральныя. Сяргей — тут залежыць ад таго, які шлях ён абярэ. Ён не вельмі дыпламатычны чалавек, для дыпламатыі ён відавочна не падыходзіць. Але, магчыма, нам патрэбныя такія яркія палітыкі, непрадказальныя, у нас такія ў свеце ёсць.
Паглядзім, я не хачу звязваць нашу будучыню з Сяргеем толькі з палітыкай, па-рознаму можа скласціся жыццё.
Такарчук: Ціханоўскі папрасіў мяне не гаварыць пра яго на маім канале
Ціханоўская пра мужа: Увесь ягоны свет перакулены
«Тут праблема не ў палітычных разыходжаннях». Франак Вячорка адказаў, ці ёсць у яго канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім
«Неразуменне таго, што не ён, а Святлана цяпер цэнтральная фігура. На шкоду грамадскім інтарэсам»
Каментары
- Сейчас, наверное, идет процесс переоценки этих нужд, потому что с момента, когда Америка прекратила поддержку всех гражданских инициатив за рубежом, конечно, образовался очень большой пробел в финансировании гражданских активистов. И сейчас наши европейские союзники ищут возможности это gap (с англ. пробел. - Ред.) заполнить. Но навряд ли получится полностью восстановить тот объем, который потеряли белорусы в связи с новой американской политикой. Но мы тоже приоритизировались, мы тоже немножечко подумали, где можно урезать, какие главные направления.
- Примерно о каких суммах идет речь?
- Это не секрет, что американская помощь покрывала примерно половину всего объема помощи белорусскому гражданскому обществу.
- То есть сейчас Евросоюз остается крупнейшим донором, по сути, и должен стать чуть ли не единственным донором в этой ситуации?
- Никто никому ничего не должен. Да, Европейский Союз понимает, что помощь белорусам - это не какая-то благотворительность, это инвестиции в демократию, в их собственную безопасность. И поэтому такие инвестиции окупятся в разы, когда наши цели будут достигнуты.
"Но мы тоже приоритизировались, мы тоже немножечко подумали, где можно урезать, какие главные направления."с
Вот это главное, это самый сок. Распределение денег.