Cям’я адмовілася ад ультраапрацаваных прадуктаў на месяц. Наступствы здзівілі
Тое, што пачыналася як эксперымент, выйшла за яго межы.

Ультраперапрацаваныя прадукты (УПП) звязваюць з атлусценнем, дыябетам і сардэчна-сасудзістымі хваробамі. Тым не менш, па ацэнках амерыканскіх дактароў, на сёння ў ЗША дзеці атрымліваюць 60% калорый паступае менавіта з ультраапрацаванага: чыпсаў, шміпсаў. Якія канкрэтна прадукты наносяць найбольшую шкоду і чаму, навукоўцы дагэтуль спрачаюцца.
Майклін Дуклеф (Michaeleen Doucleff) — навуковая журналістка і аўтарка кніг пра выхаванне дзяцей і ўплыў сучасных тэхналогій і харчавання на сям’ю — вырашыла распачаць смелы эксперымент са сваёй васьмігадовай дачкой Розі: яны паспрабавалі цалкам адмовіцца ад ужывання УПП на адзін месяц, распавядае WSJ.
Вынікі пераўзышлі ўсе чаканні. Адмова ад УПП кардынальна змяніла харчовыя звычкі дачкі Майклін. Яшчэ больш — яе ўласныя. Гэтыя эфекты пераканалі і мужа, які пачынаў эксперымент як скептычны назіральнік, таксама паступова адмовіцца ад ультраперапрацаванай ежы.
Спачатку яны выпрацавалі простае правіла, каб дачцэ Розі было лягчэй распазнаваць УПП у краме. Яны вырашылі, што калі ў складзе ёсць інгрэдыент, які яны дома не выкарыстоўваюць ці ледзь могуць вымавіць (напрыклад, мальтадэкстрын, соевы лецыцін, гуаравая камедзь), то такі прадукт не купляецца.
Такім чынам, пад забарону трапілі ўсе прадукты з штучнымі араматызатарамі і ўсё, што змяшчае перапрацаваную муку, у тым ліку большасць крамных крэкераў, сухіх сняданкаў, хлеба, батончыкаў мюслі і выпечка з кавярняў. Давялося адрачыся чыпсаў, малочнага шакаладу і араматызаванай газвады.
Замест гэтага яны сталі закупляцца цэльнымі і мінімальна апрацаванымі прадуктамі: аўсянкай, натуральным ёгуртам, тварагом і сырамі, бабовымі, арэхамі, рыбнымі кансервамі, папкорнам, свежай і замарожанай гароднінай і садавіной.
Яны дамовіліся, што без УПП у доме можна есці столькі іншых прадуктаў, колькі захочаш. Калі ўзнікала жаданне салодкага, яны выпякалі яго самі. Па заканчэнні месяца планавалі ацаніць вынікі. Але змены адбыліся нашмат хутчэй.
Прыкладна праз дзесяць дзён Майклін заўважыла дзіўную рэч: яна перастала ўвесь час думаць пра ежу.
Раней у яе галаве гучаў пастаянны «шум» — дакучлівыя думкі: што з’есці далей? Шакалад? Бананавы кекс? Салёную хрумсткую закуску? Без УПП такая залежнасць знікла. Цягa да перакусаў рэзка паменшала.
Харчаванне дачкі таксама змянілася. На трэці тыдзень здарылася тое, чаго маці не бачыла ўжо шмат гадоў: дзяўчынка з апетытам з’ела хатнюю вячэру.
Калі цікаўнасць дачкі да хатніх страў пачала расці, Майклін падумала: ці не разбураюць ультраперапрацаваныя закускі ў дзяцей апетыт да натуральнай ежы?
«Безумоўна», — кажа псіхолаг Эшлі Герхарт (Ashley Gearhardt) з Мічыганскага ўніверсітэта, якая даследуе кампульсіўнае харчаванне. Яна тлумачыць, што ультраперапрацаваныя закускі, як крэкеры, печыва, батончыкі мюслі і жэлейныя цукеркі (нават «арганічныя»), змяшчаюць шмат рафінаваных цукроў ці іншых вугляводаў, што прымушае дзяцей зноў і зноў цягнуцца да іх.
«Пасля вялікай порцыі крэкераў ці печыва праз пару гадзін цукар у крыві рэзка падае, і зноў хочацца салодкага ці мучнога, — кажа яна. — Таму цяжка адчуць сапраўдны голад, калі ўвесь дзень перакусваеш такімі прадуктамі».
Даследаванні паказваюць: чым часцей чалавек цягнецца да шкодных закусак, тым менш яму хочацца здаровай ежы.
Напрыклад, у адным эксперыменце людзі, якія восем тыдняў елі ёгурт з вялікай колькасцю тлушчу і цукру, больш цягнуліся да нездаровага, чым тыя, хто атрымліваў нізкакаларыйныя закускі.
Але ёсць і добрая навіна: здаровая ежа можа змяніць гэтую цягу. «Калі звычайна не есці УПП, то нават морква будзе здавацца салодкай і смачнай», — кажа псіхолаг Эрык Стайс (Eric Stice) са Стэнфарда. Іншыя даследаванні сведчаць: дыета, багатая гароднінай, садавінай, арэхамі і крупамі, паляпшае не толькі фізічнае, але і псіхічнае здароўе.
За месяц без УПП Майклін адчула сябе значна лепш і зразумела, што ўжо не трэба прымушаць сябе адмаўляцца ад іх — проста не хацелася.
Для Розі гэты эксперымент аказаўся больш складаным. На працягу ўсяго месяца ёй паўсюль прапаноўвалі УПП — на вечарынах, у сяброў, каля басейна, на кірмашы, у царкве і нават на бейсбольных гульнях. Праз некалькі тыдняў адмаўляцца ад усіх гэтых закусак вакол яе стала амаль немагчыма і вельмі стрэсава. Тады яны вырашылі, што патрэбны новы набор стратэгій, каб захаваць лад жыцця з мінімумам УПП.
Каб даць рады, яны ўвялі «зоны без УПП» — дом і аўто. Такія рамкі дапамагаюць знізіць цягу дзяцей да гэтых прадуктаў. «Гэта як у курца ў самалёце, — тлумачыць Майклін. — Ён ведае, што не можа паліць, і мозг урэшце перастае патрабаваць нікацін падчас палёту».
Калі гэта здаецца занадта жорсткім, псіхолаг Эшлі Герхарт раіць спачатку выключыць ультраапрацаваныя закускі, зробленыя галоўным чынам з рафінаваных вугляводаў, — крэкеры, хлеб і печыва. «Калі пачынаю іх есці, не магу спыніцца і перакусваю ўвесь дзень, — кажа яна. — У выніку не застаецца апетыту на нармальную ежу і няма нічога карыснага ў рацыёне». Для закусак яе сям’я выбірае арэхі, гародніну, садавіну і мінімальна апрацаваны папкорн.
Майклін таксама вучыць Розі гатаваць. Вядома, хатнія стравы патрабуюць больш часу, чым купля гатовых. Каб зэканоміць час, можна выкарыстоўваць кухонныя прыборы — мультыварку ці аэрафрыцюрніцу. Сям’я, напрыклад, карыстаецца хлебапечкай, каб пячы мінімальна апрацаваны хлеб, і скарваракай — для тушэння і прыгатавання бабовых.
Калі прыбраць з рацыёну УПП, можна заўважыць цікавы эфект: карысная ежа часта аказваецца і смачнейшай.
Зніклы Анатоль Котаў быў партнёрам самага высокапастаўленага беларускага разведчыка, які пераехаў у Польшчу. Тут можа быць ключ да разгадкі яго знікнення

Каментары
У эпоху барбарства жывем.