Экскурсаводка расказала, як выхоўвае дачку па-беларуску і складае для яе песенькі пра штодзённыя рытуалы
Экскурсаводка Наталля Голубева разам з мужам больш за 13 гадоў размаўляюць па-беларуску. Пасля нараджэнні дачкі яны адчулі недахоп у беларускамоўных матэрыялах для яе выхавання. Так Наталля сама пачала прыдумляць практычныя песенькі па-беларуску, якія вучаць малечу самастойнасці: мыць рукі, апранацца, пераходзіць дарогу. Цяпер яна плануе запісаць іх у фармаце аўдыя, а таксама выдаць друкаваны зборнік.
Пагутарылі з ёй пра шлях да беларускасці і складанасці выхавання дзіцяці па-беларуску па-за межамі радзімы.

Наталля нарадзілася ў Мінску, але апошнія 3,5 года жыве па-за межамі радзімы. Спачатку пераехала ў Грузію, а цяпер у Варшаву, дзе працягвае працаваць экскурсаводкай.
З’язджаць з Беларусі жанчыне прыйшлося на дзявятым месяцы цяжарнасці.
«Да гэтага падштурхнула падзея 24 лютага 2022 года — з’явіліся страх і няяснасць, што будзе далей. Некалькі дзён мы вагаліся, але трывога толькі расла. Таму мы склалі ўсё сваё жыццё ў адну валізу на кожнага і з’ехалі ў Грузію».
Родная мова ішла поруч з Наталляй з маленства, хаця абставіны заўсёды спрабавалі іх разлучыць.
«Мая маці — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Памятаю, што малітву «Ойча наш» я ведала толькі па-беларуску, і мне было цяжка перастроіцца на іншы варыянт. Але пазней (не ведаю чаму) у сям’і перайшлі на расейскую. Мяне аддалі ў беларускамоўную школу, але пасля трэцяга класа там адбылася пераарыентацыя на расейскамоўнасць. Так атрымалася, што большасць дзяцей — 20 чалавек — перайшла ў расейскамоўны клас, а ў беларускі пры гэтым набралася 8 чалавек ад сілы.
Мяне паставілі перад выбарам: пайсці ў расейскамоўны, дзе былі ўсе сябры, ці быць у беларускамоўным з, умоўна кажучы, слабымі вучнямі. Не без шкадавання я выбрала першае», — расказвае Наталля.
Пры гэтым любоў да роднай мовы ў школьніцы нікуды не знікла.
«Жаданне размаўляць па-беларуску заўсёды было са мной. На адным са спатканняў з будучым мужам мы разважалі наконт беларускай мовы. Не памятаю, як зайшла тэма. Імаверна, мы абмяркоўвалі курсы «Мова нанова», куды потым хадзілі. У нас з’явілася ідэя — паспрабаваць размаўляць па-беларуску паміж сабой адзін дзень. Але нам так спадабалася, што працягваем ужо 13 гадоў.
Пры гэтым мы паступова пашыралі кола ўжытку беларускай мовы. Спачатку толькі паміж сабой, потым з бацькамі, сябрамі, пазней са знаёмымі, а далей — паўсюль», — дзеліцца суразмоўца.
Наталля згадвае, што калі пісала дыплом, то пачала яго на рускай мове — напісала ўжо палову працы, але потым усё перапісала па-беларуску і абаранялася на роднай мове.
Калі сям’я даведалася, што чакае папаўненне, то сумневаў не было: выхаванне дзіцяці таксама будзе праходзіць па-беларуску.
«У нас праблісквала думка, што было б добра, каб адзін з бацькоў карыстаўся ангельскай мовай, другі — беларускай. Але мы адмовіліся ад гэтага — мы з мужам у сям’і размаўляем па-беларуску. І першае слова ў дачкі было «мама», хаця па-грузінску гэта значыць «тата», а першы час пасля яе нараджэння мы жылі там. Так што загадка, што дакладна дачка мела на ўвазе (для даведкі: «мама» па-грузінску гучыць як «дэда»)».
На жаль, Наталля з мужам хутка сутыкнуліся з тым, што матэрыялаў і патрэбных кніжак па-беларуску ім не хапае.
«Калі я ўжо пераехала ў Варшаву, змагла тут купіць перавыдадзены «Дзіцячы спеўнік» Антона Грыневіча (першаму выданню сёлета спаўняецца сто гадоў). Але там, збольшага, народныя дзіцячыя песенькі, а я шукала больш актуальныя, практычныя, якія б вучылі дачку пэўным навыкам, ішлі каментаром да розных заняткаў, напрыклад: калі мы бавімся ў пясочніцы, гушкаемся на арэлях ці мыем рукі».
Не знайшоўшы нічога прыдатнага, Наталля пачала складаць патрэбныя ёй песенькі сама.
«Дапамагала тое, што мая школа была з эстэтычным ухілам, у нас было шмат творчых урокаў: танцы, музыка, вакал, маляванне. У тым ліку за маімі плячыма — музычная школа, якую я скончыла па спецыяльнасці фартэпіяна. Увогуле, складаць песні — мой улюбёны занятак з дзяцінства. Асабліва добра было ў вёсцы ўлетку сысці ў лясок са сшыткам і алоўкам і нешта напяваць. Потым я аддавала свае тэксты на зваротную сувязь настаўніцы па музыцы. І вось у дарослым жыцці я зноў вярнулася да песень».
На гэты момант у рэпертуары Наталлі ўжо 30 твораў — пад іх яна будзіць дачку, апранае і нават пераходзіць з ёй дарогу. Дзяўчынка вельмі любіць спевы і пастаянна просіць маці нешта напець.
Вось парачка вершаў аўтарства Наталлі:
Смаркацца
1. Што ў цябе я бачу ў носе?
Прабралося так глыбока.
Нават дыхаць не дае.
Разбяромся. Павер мне.
Прыпеў (2 разы):
Дзьмуй, дзьмуй, выдзьмувай,
Ты, як вецер, праганяй
Соплі дакучлівыя,
Каб у носе стала чысценька.
2. Паспрабуй глыбока дыхаць
Носам удых і ім жа выдых.
Сопляў у ноздрах больш няма.
Справіліся на раз-два.
Мыць рукі
З вуліцы прыйшлі мы
І першай справай
Абутак мы знялі
І хадзем у ванну.
На падстаўку сталі,
Рукавы закасалі,
Кранік адкрываем,
Мыць пачынаем.*
Ручкі намачылі,
Мыла дадалі,
А цяпер іх мылім
Так дасканала.
Мылім, мылім, мылім,
Бурбалкі стварылі,
І таксама пену,
Мыем ёй смела.
Кожны-кожны пальчык
Мы намылім,
І далоні цалкам
Мылім пільна.
Мыем, мыем, мыем,
Пад вадой актыўна
Добранька змываем,
Каб чыста стала.
Кожны-кожны пальчык
Мы памыем,
Бруд ва ўмывальнік
Увесь змыем.
Бяром выціраем
Ручанькі старанна.
Чыстым усё стала.
Добрая справа.
*калі мыеце рукі не пасля вуліцы, першыя два чатырохрадкоўі можна не спяваць, а пачаць адразу з трэцяга.

Нядаўна жанчына падзялілася сваім творчым хобі ў сацыяльных сетках і атрымала шмат пазітыўных водгукаў. Цяпер яна ў пошуках фінансавання і спецыялістаў, каб запісаць песні ў студыі і стварыць аранжыроўкі. Акрамя музычнага альбома, яна плануе надрукаваць і дзіцячую кнігу з песенькамі.
Сёння дачцэ Наталлі 3,5 года, і яна добра валодае як беларускай, так і польскай мовамі. Пры гэтым польскую яна здолела засвоіць на патрэбным узроўні ўсяго праз месяц наведвання дзіцячага садка.
«Расейскую яна чуе толькі ад бабуль, дзядуляў і іншых сяброў. Таму яна яе разумее, але не размаўляе на ёй. Таксама мы вучым яе базавым словам і фразам на ангельскай мове, паказваем мульцікі, і ад гэтага ёсць плён. Увогуле, яна праяўляе цікавасць да моваў», — расказвае Наталля.
Для бацькоў важна, каб іх дачка ведала беларускую мову.
«Для мяне веданне роднай мовы — істотны фактар для нацыянальнага самавызначэння. Гэта яшчэ і сувязь з родам, продкамі, павага да гісторыі сям’і. Гэта галоўны нацыянальны код, які мы ў яе закладаем. Мы чытаем ёй беларускамоўныя кнігі, глядзім мульцікі — такім чынам ствараем моўнае асяроддзе для развіцця слоўнікавага запасу. У сваіх жа песеньках я адмыслова ўжываю разнастайныя словы, напрыклад: балазе, анягож. Дачка ведае, што мы з Беларусі, але жывём у іншай краіне.
З узростам мы будзем яшчэ больш даваць ёй ведаў пра нашу культуру і гісторыю, і абавязкова аддамо ў беларускую школку. Спадзяюся, там яна знойдзе сабе беларускамоўных сяброў, бо пакуль такіх, на жаль, няма».

Наталля не можа пагадзіцца з меркаваннем, што ў эміграцыі беларуская мова непатрэбная
«Па-першае, значна лягчэй вывучаць тую ж польскую, калі валодаеш беларускай. Ды ўвогуле, калі параўнаць нашу мову з іншымі славянскімі, можна знайсці шмат падабенстваў. Гэта стварае палёгку ў вандроўках. А яшчэ гэта сведчыць, што беларуская не нейкая «недамова», як часам можна пачуць, а паўнавартасная, нароўні з іншымі дзяржаўнымі ва ўсходнееўрапейскіх краінах. Па-другое, мова ўплывае на мысленне чалавека, вызначае яго светапогляд. Яна адлюстроўвае гістарычную рэчаіснасць, культуру, умовы пражывання, у тым ліку прыродныя. Пра гэта сведчыць гіпотэза Сепіра-Уорфа.
Розныя людзі па-свойму глядзяць на свет, і ў першую чаргу — праз мовы, на якіх яны размаўляюць. Чым больш у нашым свеце моў, тым багацейшае чалавецтва, тым больш перспектыў і рашэнняў для супольных праблемаў. Безумоўна, зручна было б мець адну агульную мову зносін як ангельскую, на якой размаўлялі б усе, але і крытычна важна ведаць сваю родную, каб не згубіць гэтую разнастайнасць», — упэўненая Наталля.
Сям’я верыць, што аднойчы беларуская мова будзе для беларусаў асноўнай.
«Каб наблізіць гэты момант, калі казаць агульнымі фразамі, патрэбныя ўсведамленне сябе беларусамі і нацыянальная годнасць. Трэба не саромецца называць сябе беларусамі, размаўляць па-беларуску, ведаць сваю гісторыю і культуру, цікавіцца развіццём сваёй краіны і адчуваць адказнасць за яе становішча. Патрэбныя яднанне, моц і ініцыятыўнасць».
Для бацькоў Наталля запусціла спецыяльную апытанку, каб зразумець, ці будзе цікава іншым беларусам займець зборнік з песнямі для руцінных справаў.
-
«Госці хацелі сесці за сталом з канапамі, але гэта небяспечна». Мінскае кафэ пракаментавала скандал з дзяўчынкай з інваліднасцю
-
Беларусам можна не плаціць па крэдытах, якія аформілі махляры. Вось у якіх выпадках
-
«Прэмія належыць усім беларусам, якія працягваюць змагацца». Ціханоўская ўзнагароджаная нямецкай прэміяй, якую атрымліваў Гавел
Каментары
Сучаснасць: артыкул аб тым, як у адной сям'і шануюць родную мову, як аб нечым неймаверным.
Недахопу няма. Проста каналы, дзе размешчаныя беларускамоўныя матэрыялы, нідзе не рэкламуюцца і не перасоўваюцца.
Шмат беларускіх песняў для малых дзетак можна знайсці на канале "Тацяна Грыневіч-Матафонава" https://m.youtube.com/@--tatsianamatafonava8609/playlists
Там 89 дзіцячых песень, 73 калыханкі, 57 калядных і навагодніх песень, школьныя песні, танцы і шмат іншых.
@etnatradycyja
https://m.youtube.com/@etnatradycyja/playlists