«Я не магу аддаць 10 тысяч еўра за незразумелы ўрывак у 4 секунды». Што за відэа Мельнікавай спрабуюць уцюхаць Лявончыку і Ціханоўскаму?
Рэдакцыя «Еўрарадыё» атрымала ўрыўкі відэа з жанчынай, падобнай да Анжалікі Мельнікавай, якая знікла пяць месяцаў таму. У журналістаў з'явіліся пытанні да іх сутнасці.

Два тыдні таму невядомая, якая просіць называць яе Мандарынкай, даслала кіраўніку ByHelp відэа і скрыншот з жанчынай, падобнай да Анжалікі Мельнікавай. Па яе словах, Мельнікава знаходзіцца ў Беларусі разам са сваімі дзецьмі.
Гэтыя кадры бачыў таксама Сяргей Ціханоўскі.
Адпраўніца паабяцала даслаць увесь наяўны ў яе матэрыял, калі Лявончык заплаціць абяцаную ўзнагароду ў 10 тысяч еўра, але той «перастаў выходзіць на сувязь». Як сцвярджае сам Аляксей — зусім не таму, што яму шкада раставацца з грашыма.
«Я патлумачыў, што калі патрэбны грошы, няхай дашле відэа цалкам з тлумачэннем, дзе і калі яго здымалі, а калі яна працягне закідваць мяне незразумелымі скрыншотамі, я не буду з ёй размаўляць. Пасля гэтага мне даслалі ўрывак відэа на чатыры секунды, з якога таксама нічога не зразумела. За кустамі нейкая жанчына косіць газонакасілкай траву і на гэтым — усё», — кажа Лявончык.
На скрыншоце, які адпраўніца даслала Лявончыку, выразана верхняя частка фігуры жанчыны з татуіроўкай, як у Мельнікавай, але выява моцна размытая.
Ён кажа, што адзінае, за што можна было зачапіцца з таго відэа — гэта тое, што яно здымалася з-за кустоў. Ён бы мог пераканацца ў сапраўднасці кадраў, але для гэтага трэба больш інфармацыі — напрыклад, калі яно здымалася, геалакацыя, іншыя відэа.
«Калі адпраўніца хоча атрымаць грошы ці дабіцца праўды, хай дасылае відэа цалкам. Я не магу аддаць 10 тысяч еўра за незразумелы ўрывак у чатыры секунды. Калі яна мне не давярае, каб даслаць дастаткова інфармацыі, значыць я таксама не буду ёй давяраць», — кажа Лявончык.

Пасля размовы з Аляксеем Лявончыкам, «Еўрарадыё» яшчэ раз звязалася з Мандарынкай. Аказалася, што фрагмент відэа, які яна даслала ў рэдакцыю, і фрагмент, які атрымаў кіраўнік ByHelp — гэта два розныя фрагменты, знятыя з розных ракурсаў (у журналістаў ёсць абодва).
Дзяўчына дазволіла пераслаць Аляксею другі ўрывак — там фігура жанчыны, але крыху буйнейшая. Яна косіць траву на фоне кута нейкай хаты, але і ў гэтым выпадку зусім не зразумела, што гэта за хата і калі было знята відэа.
Па словах адпраўніцы, на відэа бачна татуіроўка, якой у Мельнікавай не было ў 2020 годзе. Гэта, лічыць Мандарынка, і павінна даказываць, што здымалася яно нядаўна.
«Там усё выдатна бачна: што там ёсць татуіроўка, што гэта — Мельнікава, і тое, што яна знаходзіцца ў Беларусі (я вам зараз гэта адкрыта кажу і заяўляю — 100%), гэта хата яе бацькоў, яна касіла газон, гуляла з дзецьмі. На арыгінальным відэа ёсць яе дзеці. Скінуць вам гэта ўсё, ці гэта таксама фэйк з дзецьмі, якія падраслі? Вы ўсё хочаце і адразу? Дык, можа, чалавек, які павінен адказваць за гэта грашыма, павінен заплаціць?», — пытаецца яна.
Мандарынка дадала, што відэа здымала не яна, а чалавек, які хоча перавесці грошы палку Каліноўскага.
«Ведаючы, што я дапамагаю добраахвотнікам, ён даслаў відэа мне, удакладніўшы да гэтага, ці гатовая я гэтым займацца. Я не публічны чалавек, таму падключыла Сяргея Ціханоўскага, які агучыў на сваім блозе гісторыю з Лявончыкам пасля ягонага 2-тыднёвага маўчання», — тлумачыць Мандарынка.
Дасылаць відэа цалкам яна не хоча, таму што баіцца, што Лявончык назаве яго фэйкам і не заплаціць, і таму што хвалюецца за бяспеку чалавека, які яго здымаў.
На гэта Лявончык адказвае:
«Я зусім не разумею логіку. Калі ў чалавека ёсць праўдзівы матэрыял, ён можа яго даслаць. Нават, калі ён мне не давярае, у яго ўсё роўна ёсць шанец атрымаць узнагароду. Калі відэа будзе апублікавана да таго, як я буду гатовы выплаціць нейкую дапамогу, гэта будзе азначаць, што ніякай узнагароды не будзе.
Я проста вярну гэтыя грошы і ўсё. Патрабаваць 10 тысяч еўра за відэа ў чатыры секунды і пры гэтым казаць пра недавер да мяне — ну, sorry…».
«Еўрарадыё» паглядзела абодва ўрыўкі з персонай, падобнай да Мельнікавай. Усё, што відаць на заднім плане — кут нейкай прыватнай хаты, таму зразумець, дзе менавіта знята, немагчыма.
Мяркуецца, што на відэа тая ж татуіроўка, што і ў экс-спікеркі КС, але яна зрабіла такую два гады таму, то бок ролік мог быць запісаны і ў Варшаве, пішуць журналісты.
Абодва відэа расплывістыя: так, дзяўчына можа аказацца Анжалікай, але са стоадсоткавай упэўненасцю казаць нельга. Розныя ўрыўкі зняты з розных ракурсаў: то бок можна здагадацца, што аператар асцярожна абыходзіў плот і так здымаў.
Метаданныя з часам і геалакацыяй відэа Мандарынка журналсітам не даслала.
Некалькі крыніцаў «Еўрарадыё» у Нясвіжы сцвярджаюць, што дзяцей Мельнікавых нядаўна бачылі. Аднак пра саму Анжаліку ніхто не гаворыць.
Таксама рэдакцыя пытаецца: чаму тады Мандарынка не просіць, каб той жа Лявончык, для якога гэта зусім бяспечна, сам адправіў данат палку Каліноўскага і падаў доказы, што гэта зрабіў?
«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў
Лявончык пракаментаваў абвінавачанні Сяргея Ціханоўскага, што ён не хоча плаціць за відэа з Мельнікавай
Лявончык: У пошуках Мельнікавай прысылаюць шмат фальшывых звестак
«Ты яшчэ не стамілася?» Апублікавалі перапіску Мельнікавай, дзе ёй пагражалі
Каментары
[Зрэдагавана]