«Толікаў» можна было хоць неяк кантраляваць». Беларусы тлумачаць калапс на мяжы новым «бізнэсам»
На беларуска-польскай мяжы працягвае расці чарга — паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, па стане на 16.00 18 жніўня ў ёй стаяць 4480 легкавых аўто і 120 аўтобусаў. Некаторыя падарожнікі лічаць, што транспартны калапс узнік праз чарговую незаконную схему абыходу чаргі, у якой удзельнічаюць асобы з прыярытэтным правам перасячэння мяжы — у тым ліку людзі з інваліднасцю і пасажыры з дзецьмі, а таксама матацыклісты. Такімі падазрэннямі з «Люстэркам» падзяліўся адзін з чытачоў.

Як сцвярджае чытач «Люстэрка», асобы з інваліднасцю і людзі з дзецьмі зарабляюць на прыярытэтным праходжанні беларуска-польскай мяжы.
Паводле яго, яны падсаджваюцца ў легкавыя аўтамабілі да шлагбаўма, што дазваляе прайсці кантроль на беларускім баку ў абыход агульнай чаргі, а потым «выходзяць на мосце (праз раку Буг, якая раздзяляе Беларусь і Польшчу. — Заўв. рэд.), не перасякаючы польскай мяжы, і так па коле».
«А матацыклісты таксама зарабляюць за кошт таго, што ў агульнай чарзе ў пункце [пропуску] не стаяць. Увогуле такія паслугі каштуюць ад 250−300 еўра. Сутнасць у тым, што людзі бяруць дзяцей да трох гадоў і так курсуюць», — кажа суразмоўца, дадаўшы, што да таго ж палякі «жудасна павольна пачалі працаваць».
Падобныя падазрэнні агучваюць у памежных чатах. Там пішуць, што з пачаткам росту чаргі на мяжы пачало з’яўляцца незвычайна шмат транспартных сродкаў, якія едуць у аб’езд агульнай чаргі — у прыярытэтным парадку. У гэтым бачаць чарговую незаконную схему.
«Калі з чаргі за суткі праехала 270 машын, і з іх 100 — «прыярытэт», то лагічна, што гэта ўжо бізнэс: гандаль інвалідамі», — лічыць адзін карыстальнік.
Іншыя пішуць:
- «Ні матацыклы, ні інваліды ў статыстыку не трапляюць. Матацыклаў за суткі 60 штук, цяпер у чарзе яшчэ 30 стаіць. А пастаянныя каруселі з інвалідамі вельмі моцна тармозяць агульную чаргу, аднак польскі бок прымае ў звычайным рытме. І атрымліваецца, што, пакуль праедуць інваліды і матацыклы, машыны з агульнай чаргі — па рэшткавым прынцыпе».
- «Матацыклісты, якія ўсюды лезуць без чаргі і забіраюць ваш час. Брава беларускім хлопцам-памежнікам, якія не пусцілі іх на мост у колькасці каля 20 штук. Але на польскай мяжы яны нахабна лезуць і забіраюць час на праходжанне праверкі дакументаў».
- «Учора праходзілі мяжу Беларусь — Польшча. У дворыку з боку Беларусі — як у псіханеўралагічным дыспансеры, такой колькасці інвалідаў нідзе за раз не ўбачыш, многія з іх наогул не разумеюць, што адбываецца, — іх водзяць за руку спрытныя мужычкі. Пасля моста, натуральна, ніводнага інваліда няма. Праходжанне ўсёй мяжы — восем гадзін, палякі працуюць вельмі павольна».
- «Толікаў» (так у народзе называюць людзей, якія за грошы займаюць месцы ў чарзе, але самі не перасякаюць мяжы. — Заўв. рэд.) можна было хоць неяк кантраляваць, перашкаджаючы ім у чарзе. Цяпер і гэта стала немагчымым».
У чатах ужо з’яўляецца мноства паведамленняў у духу «шукаю спадарожніка-інваліда або з дзіцём да трох гадоў».
Некаторыя падарожнікі дапускаюць, што гаворка можа ісці пра арганізаваную «мафію», якая нажываецца на людзях з інваліднасцю:
«Пра цэннік у 300 еўра і што бедныя інваліды хочуць зарабіць! Некалькі тыдняў таму ўзяў такога інваліда на мосце ў бок Беларусі, і вось што ён расказваў. Ён сам не мясцовы, не з Брэста і нават не з вобласці. Яго прывезлі аднекуль з Беларусі, знялі яму тут у Брэсце кватэру, прывозяць на мяжу і падсаджваюць у машыны.
На «зваротцы» расказваюць казкі пра беднага бацьку, людзей, да якіх яго падсаджваюць, просяць, каб на мосце яны знайшлі яму адразу машыну назад, каб там не стаяў. Па вяртанні ў Беларусь яго забіраюць з мяжы і вязуць на кватэру, і так па коле!
І вось цяпер пытанне, хто на гэтым больш зарабляе: інвалід ці людзі над ім? І так, ён не меў нічога, ні ДНЖ, ні візы. На пытанне чаму, адказ адзін: «А навошта, я ж нікуды выязджаць не збіраюся!»»
А адна беларуска падзялілася ўласным досведам барацьбы з такой схемай:
«Паколькі часу вольнага аказалася больш чым дастаткова, я не паленавалася прыйсці проста пад шлагбаўм на ўезд да мяжы там, дзе памежнікі, і пачала забіваць усе нумары, якія пад’язджаюць да шлагбаўма.
Два дні я стаяла з мужам па паўгадзіны. За гэты час каля 12 машын праязджае — наогул нідзе не зарэгістраваныя. Ёсць зарэгістраваныя, але тыя, якія ў чарзе 756-я і вышэй. Як выявілася, яны зарэгістраваныя ў звычайнай чарзе, а заязджаюць па «прыярытэце», дзе яны не зарэгістраваныя, а проста па факце наяўнасці асобы такой ільготнай у машыне.
Такіх машын я налічыла ў першы дзень тры. Зняла фота і відэа. З гэтым мы адразу ж звярнуліся ў «Белмытнясэрвіс», дзе пасля таго, як я паказала нашыя фота– і відэаздымкі, старшая на змене супрацоўніца, папярэдне стэлефанаваўшыся з трыма сваімі начальнікамі, пры нас выдаліла нумары з чаргі».
У чатах гучаць і іншыя заклікі змагацца з «прыярытэтчыкамі» — у прыватнасці, пісаць звароты ў афіцыйныя ведамствы і ціснуць на тое, што па законе знаходжанне старонніх асобаў на памежным пераходзе без асаблівых падстаў не дапускаецца.
Напрыклад, прапануюць такі варыянт звароту ў Дзяржпамежкамітэт і Камітэт дзяржкантролю:
«На памежным пераходзе «Брэст — Тэрэспаль», дзе дзейнічае сістэма электроннай чаргі, шырока выкарыстоўваецца незаконная схема абыходу чаргі. Асобы, якія маюць права прыярытэтнага перасячэння мяжы, за грашовую ўзнагароду падсаджваюцца або падсаджваюць іншых пасажыраў у аўтамабілі, якія праходзяць па прыярытэтнай лініі. У далейшым такія асобы не перасякаюць мяжу, а вяртаюцца назад у Беларусь.
У гэтых схемах удзельнічаюць дзеці да трох гадоў, бацькі якіх такім чынам нядобрасумленна і сквапна зарабляюць грошы. А таксама да ўдзелу прыцягваюць недзеяздольных людзей, якія маюць пасведчанне інвалідаў і не разумеюць, што робяць і дзе знаходзяцца. […]
Гэтыя дзеянні ствараюць штучныя затрымкі, правакуюць карупцыйныя схемы, парушаюць правы грамадзян, якія чакаюць перасячэння мяжы ў электроннай чарзе, і падрываюць давер да ўстаноўленага парадку».
Ініцыятары звароту прапануюць змяніць правілы перасячэння мяжы ў Берасці.
- Для льготнікаў увесці абмежаванне: карыстацца правам прыярытэтнага праезду толькі раз на месяц. Калі камусьці сапраўды трэба ездзіць часцей, то дазвол можна атрымліваць індывідуальна праз Дзяржпагранкамітэт. Пры гэтым адзначаецца, што цяпер аўтамабілю неабавязкова знаходзіцца ў зоне чакання ў Брэсце, а значыць, чалавеку з інваліднасцю ці аднаму з бацькоў з маленькім дзіцём няма неабходнасці гадзінамі стаяць у чарзе. Таму аўтары ідэі лічаць магчымым зусім скасаваць прыярытэтны праезд для льготнікаў праз гэты пункт пропуску.
- Па той самай логіцы прапануецца прыбраць асобны парадак для матацыклістаў і ўключыць іх у агульную чаргу з аўтамабілямі ў зоне чакання ў Брэсце.
Польскія пагранічнікі расказалі, колькі чалавек не пусцілі з Літвы ў Польшчу пасля аднаўлення памежнага кантролю паміж краінамі
Чарга аўто на польска-беларускай мяжы не змяншаецца
На фоне нерэальнай чаргі на выезд у Польшчу Памежны камітэт заклікае выбіраць альтэрнатыўныя шляхі выезду
Колькасць машын на польскай мяжы перавысіла чатыры тысячы
«Даехаць сям'ёй да Вільні і назад, аддаўшы больш за 1,5 тысячы рублёў — гучыць з галіны фантастыкі, але гэта ператвараецца ў рэальнасць»
Каментары