Грамадства1414

Мінчане купілі дарагую кватэру ў модным раёне, а цяпер шкадуюць. Усё з-за суседзяў зверху

Арцём і Кацярына — шчаслівыя ўладальнікі новенькай трохпакаёвай кватэры ў Новай Баравой. Ці не такія ўжо шчаслівыя? Ужо некалькі гадоў яны не могуць расслабіцца ва ўласнай кватэры. Усё з-за гукаў, якія чуваць ад суседзяў зверху: скрыгат мэблі, тупат, іншае. Нашы героі ўпэўнены: усё з-за няякаснага рамонту. Каб даказаць гэта, яны ўжо дайшлі да суда, патраціўшы на экспертызу і іншыя суправаджальныя выдаткі каля 12 000 рублёў, піша Onliner.by.

Ілюстрацыйнае фота

Героі жывуць у адным з малапавярховых дамоў. У пад'ездзе не так шмат кватэр, а суседзяў ведаеш, калі не па імені, то ў твар ужо дакладна. Нерухомасць у такой лакацыі звычайна купляюць з-за яе камернасці: ніякіх доўгіх калідораў, мінімум людзей, цішыня і спакой. Прынамсі, менавіта так уяўляла сабе сумеснае жыццё маладая пара, заязджаючы ў новабудоўлю.

Арцём і Кацярына працуюць у сферы IT. Дзяцінства і юнацтва абое правялі ў панэльках, а таму да пэўнага шуму прывыклі. Для хлопца гэтая трохпакаёўка стала першым уласным жыллём. Калі ён выбіраў кватэру, з Кацярынай знаёмы яшчэ не быў, а вось рамонтам пара ўжо займалася разам. Атрымалася прыгожа, утульна і з прыцэлам на будучыню: тут тры пакоі, адзін з якіх пасля можа стаць дзіцячым.

— Я паддаўся на маркетынг: новы раён, прыгожая тэрыторыя і адчуванне, што тут усё будзе па-іншаму. Спецыяльна выбіраў малапавярховы дом з невялікім пад'ездам, дзе ўсіх суседзяў ведаеш. Такія дзіцячыя мары: калі што, дапамогуць, па соль можна зайсці. Закіну спойлер: чаканні не апраўдаліся, а ад слова «добрасуседства» мяне ўжо ванітуе. Была б гэта здымная кватэра, мы б ужо даўно пераехалі, але пакідаць уласнае жыллё з-за паводзін іншых людзей — гэта дзіўна, — упэўнены Арцём.

У гэтую кватэру мінчане заехалі ў снежні 2021 года і апынуліся першымі па стаяку. Цэлы год яны атрымлівалі асалоду ад спакою. Шуму не было чуваць зусім, і пара нават не ведала, ці жыве хтосьці побач.

— Мы нарэшце наладзілі рэжым — у 23:00 ужо спалі, у 07:30 прачыналіся. Не графік, а мара.

Усё змянілася ў снежні 2022-га, калі ў дом адначасова засяліліся суседзі зверху і знізу. Знізу жыла сям'я з трыма дзецьмі і двума псамі, зверху — муж, цяжарная жонка, дзіця і сабака.

Пачаўся тыповы перыяд наваселля. Арцём і Кацярына самі алкаголь не п'юць і шумных застолляў не ладзяць, але ставіліся да гэтага спакойна: усё ж такі людзі толькі заехалі і хочуць адсвяткаваць.

— Мы слухалі музыку, бегатню дзяцей, брэх сабак, якія «размаўлялі» паміж сабой праз вентшахту, і гук праходзіў праз нашу кватэру, — успамінае дзяўчына.

Праз пару месяцаў Арцём распачаў першыя спробы пазнаёміцца з суседзямі.

— Я лічу, што званіць у дзверы — гэта не самы тактоўны варыянт. Лепш сустрэць чалавека ў нейтральнай абстаноўцы і нармальна пагаварыць. Я наўпрост пазначаў праблему: шум бывае занадта гучны, і было б прасцей абмяняцца тэлефонамі, каб папярэджваць адзін аднаго пра застоллі або вечарынкі. У такім выпадку мы з Кацяй маглі б загадзя з'ехаць да бацькоў у іншыя гарады, — адзначае малады чалавек.

Па словах Арцёма, жыхары знізу далі кантакты без праблем. Але сусед зверху, наадварот, ухіляўся ад размовы, запэўніваў, што з жонкай не сядзіць у месенджарах, пераводзіў тэму і нумар тэлефона так і не даў.

— Усю віну за шум узялі на сябе суседзі знізу, таму мы ўвесь час з імі і размаўлялі. Паступова адносіны сапсаваліся, і ў канцы канцоў сям'я перабралася ў прыватны дом, сказаўшы іншым жыхарам, што гэта мы іх давялі. Але, як аказалася, праблема была зусім не ў іх. Пасля іх ад'езду мы працягвалі чуць усё той жа набор гукаў: рыпанне мэблі, грукатанне дзвярыма, падзенне прадметаў на падлогу, крыкі дзяцей і нават пачэсванні сабакі. Так мы і зразумелі, што справа была ў суседзях зверху. Давялося нават выбачацца перад тымі жыхарамі, што пераехалі, — прызнаецца суразмоўца.

Рэха чужога жыцця суправаджала пару з раніцы да вечара. Па характары гукаў Арцём і Кацярына пачалі разумець, хто і калі знаходзіцца дома. Асабліва цяжка станавілася ў дні, калі з дзецьмі заставалася няня: тады тупат, удары і бегатня маглі працягвацца гадзінамі. Прычым шум разносіўся па ўсёй кватэры: калі крыніца шуму была над кухняй, ён адгукаўся і ў спальні.

Паступова збіўся і ўласны рэжым сну пары. Дзеці клаліся бліжэй да паўночы, у садок доўгі час не хадзілі, дарослыя працавалі па плаваючым графіку — і Арцём з Кацяй незаўважна пачалі падладжвацца пад чужы расклад.

— Ударны шум — самы невыносны. Ты проста ўздрыгваеш ад яго, і заснуць ужо немагчыма, проста ляжыш з сэрцам, якое калоціцца ад злосці і трывогі. Хоць мелатанін пі, хоць медытуй — не дапамагае. Берушы таксама амаль не ратуюць, толькі злёгку прыглушваюць гук, — адзначае Кацярына.

Пакуль журналісты знаходзіліся ў кватэры, шум таксама быў чутны: глухія ўдары, тупат, пастукванні. Гукі ўзнікалі раптоўна і так жа раптоўна знікалі. Нашы суразмоўцы запэўнівалі, што гэта толькі «палегчаная версія» таго, з чым яны сутыкаюцца рэгулярна.

Арцём не раз спрабаваў пагаварыць з суседам, калі сустракаў яго ў двары або ў пад'ездзе.

— Я тлумачыў, што шум па-ранейшаму чутны, але ў адказ атрымліваў адны і тыя ж фразы: гэта нібыта «ходзіць пліта перакрыцця», «вінаваты панэльны дом», «нашы дзеці рана кладуцца спаць і замінаць не могуць, а сабака ўжо стары і не можа так гучна брахаць». Аднойчы я нават запрасіў суседа да сябе ў кватэру, калі ўся яго сям'я была ў зборы. І ён упершыню прызнаў відавочнае: «О, як у вас чуваць. Вам трэба разбірацца з забудоўшчыкам».

Пасля такіх размоў шум сапраўды сціхаў, але ненадоўга — перыяды адноснага спакою паступова станавіліся ўсё карацейшымі.

— У нейкі момант я нават пакінула аб'яву на дошцы ў пад'ездзе: напісаў, што ў асабістых размовах кожны адмаўляе рыпанне крэслаў у сябе ў кватэры, але гук па-ранейшаму чутны. Таму я прапанаваў купіць накладкі на мэблю за свой кошт і пакласці іх у паштовую скрыню тым, хто напіша мне на электронны адрас. І — о цуд — рыпанне наверсе праз нейкі час спынілася, — кажа Кацярына.

З часам супрацьстаянне дайшло да выклікаў міліцыі. Да суседзяў зверху не раз прыязджалі супрацоўнікі РУУС, праводзілі прафілактычныя гутаркі аб правілах карыстання жылымі памяшканнямі, але на сітуацыю ў цэлым гэта ніяк не паўплывала.

Тады Арцём прыдумаў яшчэ адзін спосаб вырашэння канфлікту — правесці дасудовую экспертызу ўдарнага і паветранага шуму паміж дзвюма кватэрамі.

— Неяк сусед згадаў, што мяняў сцяжку ў кватэры, а затым паклаў дарагі кварцвініл без падкладкі. І я падумаў, што гэта і ёсць прычына такой моцнай чутнасці. Аднак мая прапанова была праігнаравана — ліст вярнуўся назад. І тады я вырашыў пайсці ў суд, — успамінае малады чалавек.

Арцём падаў пазоў «аб ліквідацыі перашкод у ажыццяўленні яго права ўласнасці на нерухомасць і прывядзенні гукаізаляцыйнай здольнасці падлогі ў кватэры зверху ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства ў галіне абароны ад шуму, шумаізаляцыі і будаўнічай акустыкі». Аднак праведзеная судовая экспертыза ніякіх парушэнняў не выявіла. У выніку ў задавальненні пазову Арцёму адмовілі. Апеляцыю ён таксама прайграў.

— Я не згодны з вынікамі экспертызы. У заключэнні паказана, што індэкс прыведзенага ўдарнага шуму складае 56—58 дБ у розных пакоях, але гэты паказчык адпавядае бетонным перакрыццям без аздаблення, калі кватэры толькі здаваліся ў эксплуатацыю. У суседзяў падлога ўжо пакладзена, і па тэхнічнай дакументацыі іх пакрыццё павінна дадаткова паглынаць каля 16 дБ. У такім выпадку фактычны ўзровень шуму ўжо выходзіць за дапушчальныя значэнні. Таму я планую ініцыяваць паўторную экспертызу і далей абскарджваць рашэнне суда. На першае даследаванне я ўжо патраціў каля 7400 рублёў, і, хутчэй за ўсё, запатрабуюцца дадатковыя выдаткі, але я гатовы ісці да канца, — запэўнівае суразмоўца.

Хоць справа яшчэ не завершана, пэўнага выніку нашым героям усё ж такі ўдалося дамагчыся. Па іх словах, пасля суда жыхары зверху змянілі свае паводзіны: зараз шум з іх боку спыняецца пасля 23:00. Днём і ўвечары гукі па-ранейшаму ёсць, але ў начны час стала цішэй і камплекты беруш цяпер ляжаць на паліцы без справы.

— Змагацца з шумнымі суседзямі можна, але гэта доўга, складана і дорага. Хуткіх рашэнняў тут не бывае, — канстатуе Арцём. 

— Тым, хто сутыкнуўся з падобнай сітуацыяй, я б параіў наступнае:

1. Не марнуйце занадта шмат часу на асабістыя гутаркі. Паспрабаваць дамовіцца варта, але калі пасля адной-дзвюх размоў вас не чуюць — далей гэта бессэнсоўна.

2. Абавязкова пазнаёмцеся з участковым і адразу акрэсліце праблему.

3. Выклікайце 102 пры факце шуму або падайце заяву постфактум. Аўдыё– і відэадоказы запісвайце на носьбіт (напрыклад, кампакт-дыск) і афіцыйна далучайце да матэрыялаў.

4. Прыцягвайце сведак. Падыдуць іншыя жыхары або любы чалавек, які можа пацвердзіць, што шум сапраўды ёсць. Для суда гэта важна.

5. Улічвайце, што збор фактуры і суд — гэта дорага. Мы фактычна купілі сабе магчымасць спаць пасля 23:00 за 12 000 рублёў.

6. Не заказвайце судовыя экспертызы ў прыватных арганізацыях. Патрэбны эксперт з дзяржаўнай арганізацыі з кваліфікацыяй эксперта-будаўніка. У хадайніцтве патрабуйце прыцягнення да экспертызы акрэдытаванай даследчай лабараторыі, якая праводзіць замеры па ДАСТу.

7. Калі вы засяляецеся ў новабудоўлю і над вамі яшчэ не зроблены рамонт, адразу ідзіце да суседзяў. Прапануйце аплаціць гукаізаляцыйную падкладку пад падлогу. Гэта абыдзецца вам у $300—500, але сур'ёзна зэканоміць нервы.

Журналісты таксама паспрабавалі пагаварыць з суседзямі Арцёма і Кацярыны. Нягледзячы на тое што ў кватэры было чуваць прысутнасць людзей, дзверы нам так і не адчынілі. Звязацца па тэлефоне з галавой сямейства таксама не ўдалося, бо абанент заставаўся недаступны на працягу некалькіх дзён.

Каментары14

  • Жесть
    12.02.2026
    Соседи снизу, которые в ужасе укатили в частный дом, сейчас, небось, свечки ставят за здравие своего переезда. Жить под людьми, которые фиксируют каждый шорох и бегают с заявлениями в РУВД - это личный ад. Вместо того чтобы на эти деньги сделать себе нормальную шумку или купить беруши позолоченные, Артем решил поиграть в "вершителя правосудия". В итоге: денег нет, тишины нет, зато весь подъезд теперь знает, к кому точно не стоит заходить за солью
  • Маркетынг робіць дзіўныя рэчы
    12.02.2026
    Я ўвогуле не разумею гэты район. Ў ЗША на такой адлегласці ад цэнтра будуюць толькі аднапавярховае жытло, а ў выпадку больш дзешавейшых жк - 2 этажнае, дзе апарты будуць каштаваць столькі ж колькі ў мінскім 20-ці павярховіку (калі мы не бярэм пару-тройку дарагіх штатаў).
  • Вікторыя
    12.02.2026
    Гэта нейкія доўбні. Недзе там бегаць, штось замяраць. Дарослы чалавек не будзе такой херней займацца ды такі працяглы час.

Цяпер чытаюць

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве12

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Усе навіны →
Усе навіны

ФІФА выключыла магчымасць пераносу фіналу чэмпіянату свету з-за лясных пажараў у Канадзе

Сямёра супрацоўнікаў склада Wildberries у Тамбоўскай вобласці загінулі ў выніку атакі ўкраінскіх дронаў11

Тлушч памерлых людзей стаў новым трэндам у касметалогіі3

Каля Нацыянальнай бібліятэкі выстраілася вялікая чарга на дыджэй-сэт на даху ФОТЫ1

Навукоўцы ўпершыню выявілі падобную да Зямлі планету з атмасферай2

Кітайскі стартап выпусціў ШІ-мадэль, якая абышла амерыканскія аналагі9

Зяленскі анансаваў адкрыццё архіваў па Валынскай трагедыі22

У адной з арганізацый работнік афіцыйна працаваў менш за 5 хвілін у дзень

У Расіі яшчэ больш спросцяць набор у войска зняволеных з турмаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве12

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць