«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе
Па матывах няўдалай гісторыі кахання Дар’і Netflix мог бы лёгка зняць беларускую версію «Аферыст з Ціндэра». Але з ноткамі мясцовай драмы: выкрыты каханак падаў заяву ў РУУС за «палітычны» лайк.

Дар’і 28 гадоў, яна ў разводзе і мае двух маленькіх дзяцей.
У Threads беларуска распавяла, што летась у снежні пазнаёмілася з хлопцам — той пабачыў яе допіс-знаёмства ў гэтай сацыяльнай сетцы і напісаў у інстаграме.
На доўгія перапіскі марнаваць час не сталі — у хуткім часе сустрэліся ў кафэ. Пра сябе 25‑гадовы Мікіта распавёў, што толькі што вярнуўся з Масквы, а сам займаецца перагонам і продажам аўтамабіляў. Казаў і пра сям’ю: тата жыве ў Тарасаве, маці ніколі не працавала.
Аказалася, што жыве кавалер у цэнтры ў шыкоўнай двухпавярховай кватэры, мае дарагую машыну. Мікіта здаваўся надзейным: прывёз жывую ялінку, бавіў час з дзецьмі Дар’і, вазіў дзяўчыну па яе справах.
Але раптам Дар’я пачала заўважаць дзіўнае. Хлопцу даволі часта тэлефанавала адна і тая ж дзяўчына — размаўляў з ёй Мікіта звычайна груба. Тлумачыў хлопец гэта так: надакучлівая паненка — сястра сябра, якая даўно і безнадзейна закаханая ў яго. І калі цвярозая яна сябе кантралюе, ды як вып’е, адразу пачынае тэлефанаваць.
Пасля Мікіту ўжо пачалі тэлефанаваць нейкія мужчыны з разборкамі — той хлусіў ім, быццам бы знаходзіцца не ў Мінску. Хлопец нерваваўся і казаў, што мае праблемы на працы. Мікіта стаў знікаць — тлумачыў, што спрабуе вырашыць тыя самыя праблемы.
А спаліўся проста: перасылаў смешныя рылсы ў інстаграме і выпадкова стварыў чат адразу з дзвюма дзяўчатамі. Хутка выдаліў, але было позна: Дар’я зразумела, каму трэба пісаць.
Высветлілася, што ўжо паўгода Мікіта ў адносінах з іншай. А пры вочнай стаўцы з дзвюма дзяўчатамі стала вядома яшчэ шмат цікавага: ён ніколі не працаваў, жыве ў кватэры з мамай, машына арыштаваная, плюс яму забаронены выезд з Беларусі. Грошы Мікіта траціў з мамінай карткі, або з карткі каханкі нумар адзін.
А Дар’і за недарэчную цікаўнасць хлопец вырашыў адпомсціць. Ён знайшоў, што ў 2020 годзе дзяўчына паставіла лайк пад «бчб-фота». Мікіта напісаў данос у міліцыю, дадаўшы скрыншот гэтага факта.
Пры гэтым сама Дар’я сцвярджае, што ў 2020 годзе нібыта ўвогуле не была ў Беларусі. Але кажа, што суд адбыўся, і ў выніку ёй прысудзілі штраф памерам 80 базавых адзінак — 3600 рублёў.
Каментары