Грамадства3838

Кавалеўскі: У 2021-м Макей спрабаваў папярэдзіць нас пра стратэгію, якую мы выкарыстоўваем

Пра гэта экс-паплечнік Святланы Ціханоўскай, а сёння кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва заявіў у эфіры «Обычного ўтра», піша «Салідарнасць».

Уладзімір Макей памёр пры загадкавых абставінах у лістападзе 2022 года. Крыніцы «НН» паведамілі, што ён скончыў жыццё самагубствам.

— Былі такія пагалоскі, што ў дні пратэстаў 2020 года дзесьці разглядаецца прашэнне Уладзіміра Макея аб адстаўцы, — прыгадаў Валер Кавалеўскі. — І гэта разглядалася як вельмі важны крок.

Калі б сапраўды Макей сышоў тады з МЗС, гэта магло б вельмі моцна паўплываць увогуле на ўвесь рух. Гэта чакалася, бо ўсё ж такі ён быў досыць ліберальным. Ён шмат зрабіў, каб Беларусь развярнулася да нашых еўрапейскіх суседзяў.

І ў яго атрымлівалася, у яго была выбудаваная свая ўласная знешнепалітычная канцэпцыя, якая працавала для Беларусі, пры гэтым як бы не адрываючы яе ад гандлёва-эканамічных адносінаў з Расіяй, што па-ранейшаму тады было важным прыярытэтам для эканамічнага развіцця краіны. Але тым не менш балансу было значна больш.

І ў цэлым Макей быў прабеларускі, шмат рабіў для таго, каб беларускасць вярталася ў Беларусь, каб гэта было падкрэслена як наша адметнасць.

Таму былі чаканні. Яны ўрэшце не спраўдзіліся з вельмі сумнымі наступствамі і для Беларусі, і для грамадства, і для самога Макея.

Галоўнай прычынай, чаму так адбылося, Кавалеўскі называе асабістыя рызыкі, звязаныя з бяспекай.

— Гэта даволі складанае пытанне, што рабіць людзям, якія знаходзяцца ў сістэме — пратэставаць, сыходзіць ці заставацца і знутры рабіць так, каб не рабілася горш.

Насамрэч гэта такое экзістэнцыяльнае пытанне для многіх дыпламатаў, як сябе паводзіць.

Бо калі ты сыходзіш з сістэмы, ты фактычна губляеш магчымасць уплываць на тыя працэсы, якія там адбываюцца. Туды могуць прыйсці іншыя, у каго няма ніякіх маральных прынцыпаў, хто можа проста стаць людзьмі, якія выконваюць любыя загады. Гэта дылема, складаная сітуацыя выбару.

Але ў той час усё ж чакалася, што Макей зможа перайсці на бок людзей. У мяне асабіста былі чаканні, што гэта можа здарыцца.

Чаму гэтага не адбылося? Страх. Бо людзі такога ўзроўню, калі пакідаюць сістэму, адразу знаходзяцца ў групе падвышанай рызыкі. Таму яны думаюць пра тое, што робяць і якім чынам гэта можа адбіцца на бяспецы ўласнай і блізкіх.

Думаю, што ў Макея былі такія развагі, не толькі рацыянальныя, але і пра тое, як гэта адаб’ецца на яго бяспецы.

Былы дыпламат таксама падзяліўся сваімі развагамі наконт смерці Макея.

— Мне здаецца, ён падышоў да канца свайго жыцця ў такім стане, калі зразумеў, што згубіў усё тое, што выбудоўваў шмат гадоў, што інвеставаў.

Гэта і знешняя палітыка, якую ён выпрацаваў на працягу сваёй працы ў міністэрстве. У яго было вельмі высокае месца ў дзяржаўнай сістэме. Ён быў уплывовы, набліжаны да Лукашэнкі чалавек. Меў даволі сур’ёзную рэпутацыю. Але ўсё гэта ён страціў.

Пасля 2020 года МЗС стаў такім «здрадніцкім органам» у вачах Лукашэнкі, і Макей, як яго кіраўнік, канечне, страціў вельмі шмат сваіх плюсаў і сваёй вагі.

І трэцяе, ён страціў рэпутацыю ў вачах беларускага народа. Тое, што ён, зноў жа, песціў, выбудоўваў, вырошчваў, усё сышло.

З таго моманту і да сваёй смерці, мне здаецца, ён жыў у стане глыбокага стрэсу, адчуваючы, што страчана ўсё, што напрацоўваў за сваё жыццё. Былі падкрэсленыя моманты таго, як яму было складана ў гэтай сістэме, як яго засоўвалі там на самы апошні шэраг.

Таксама былі сітуацыі, на якія я звярнуў увагу тады і якія зараз я пераацаніў.

Напрыклад, вясной 2021 года Макей у інтэрв’ю аднаму з яшчэ незалежных выданняў выказваўся даволі ультыматыўна, нават з пагрозамі пра тое, што калі ўсё будзе працягвацца такім чынам, будзе нарошчвацца ціск, то вы павінны ведаць, што гэта прывядзе да знішчэння грамадзянскай супольнасці.

Калі я ў той час чытаў гэта, думаў: як ты можаш сабе ў прынцыпе дазваляць такое гаварыць, ты ж пагражаеш знішчэннем незалежным дэмакратычным інстытутам? Сёння я чую яго словы як папярэджанне, ад таго чалавека, які таксама ўклаўся ў гэтую справу, выбудову незалежных інстытутаў. Ён гаворыць: падумайце пра тое, што робіцца, вы можаце прывесці гэта да катастрофы.

Мне здаецца, у той момант Макей спрабаваў такім чынам нас папярэдзіць, што нам трэба падумаць пра тую стратэгію, якую мы ўжываем, якім чынам мы падыходзім да вырашэння гэтага ўнутрыпалітычнага крызісу. Зараз я чую яго словы па-іншаму.

Другая сітуацыя, якая была вельмі важная, — напярэдадні пачатку агрэсіі супраць Украіны. Тады Макей зрабіў даволі смелыя заявы пра тое, што расійскія войскі вернуцца ў Расію з Беларусі, што не будзе ніякай агрэсіі супраць Украіны.

Мяркую, у той момант ён робіць такія даволі рызыкоўныя крокі для сябе асабіста, асабіста сябе ставіць на лінію агню і ў вачах рэжыму, і ў вачах расіян, бярэ на сябе адказнасць. Як бы спрабуе заякарыць гэтую пазіцыю, што расійскія войскі павінны выйсці з Беларусі, што яны вымушаны гэта будуць зрабіць па дамоўленасці.

Ёсць шмат версій наконт яго смерці, але тое, што мы ўсе ведаем, прычыны смерці застаюцца не да канца высветленымі. І гэта не выпадковасць. Зразумела, што хтосьці спрабуе схаваць нешта ад нас усіх.

Я не лічу Макея ні патрыётам, які працаваў на незалежную Беларусь, ні здраднікам беларускага народа. Наогул гэта такі складаны партрэт.

Пры тым, што ён з прыязнасцю ставіўся да беларускасці, разам з тым ён быў супрацоўнікам спецслужбаў, разам з тым ён выбудоўваў незалежную знешнюю палітыку, разам з тым будаваў аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.

Ён быў побач з Лукашэнкам на працягу дзесяцігоддзяў і таксама нясе адказнасць за тое, да чаго мы прыйшлі ў выніку. Думаю, такім было і яго пераасэнсаванне, — лічыць Кавалеўскі.

Каментары38

  • политзек
    13.08.2025
    Я вижу это несколько иначе..
    Человек, в силу своего образования, склада ума, мировоззрения просто пытался усидеть на двух стульях.. или даже трех. вполне себе отличительная черта хорошего дипломата по призванию.
    беда в том, что такие фокусы почти всегда заканчиваются провалом.
    одна из ножек одного из стульев всегда оказывается сами знаете где.
  • Гм
    13.08.2025
    Лепят из Макея патриота.
  • Меркаванне
    13.08.2025
    Крыніцы «НН» паведамілі, што ён скончыў жыццё самагубствам/
    Не давяраю ананімным крыніцам «НН».
    Я лічу, што Макея забілі. Каб не перашкаджаў Маскве сваёй знешняй палітыкай, накіраванай на збліжэнне з Еўропай. Маскве патрэбная поўная ізаляцыя Беларусі ад Еўропы, каб зрабіць з Беларусі ваенны плацдарм для расейскіх войскаў.

Цяпер чытаюць

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Усе навіны →
Усе навіны

Філосаф Мацкевіч прапануе стварыць варыянт беларускай рускай мовы, каб зблізіць яе з беларускай122

Польскі суд адмовіўся выдаваць Германіі абвінавачанага ў падрыве «Паўночнага патока»4

Аляксандр Азараў закрывае фонд Bypol4

У «Беларуснафце» расказалі, як вырашаюць праблему чэргаў на АЗС6

У мінскай Камароўкі з'явіўся канкурэнт. Якія цэны на гэтым «сакрэтным» рынку?5

Пуцін узнагародзіў Андрэя Лемяшонка і ігуменню Гаўрыілу14

Ціханоўскай часова вярнулі ранейшую ахову16

Магутны выбух адбыўся на абаронным заводзе ў Стэрлітамаку2

Прылепін: Могілкі ва ўсіх нашых гарадах сталі вялізныя14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

«Ведаеце, як каментуе ваша затрыманне апазіцыя? «Арыштаваны памагаты рэжыму». Турэмная споведзь лідара прафсаюзаў Ярашука

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць