У Мазыры жанчына ледзь не памерла ад лячэння іголкаўколваннем. А ўводзіла сабе звычайныя іголкі ад шпрыцоў
Самалячэнне ледзь не скончылася трагедыяй для жыхаркі Мазыра.

Жанчына практыкавала ў хатніх умовах іголкаўколванне. Праўда, у якасці інструмента выкарыстоўвала іголкі ад шпрыца. У адзін з сеансаў мазыранка вырашыла ўводзіць іх у тканкі спіны. Але нешта пайшло не так, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Жанчына адчула сябе дрэнна і выклікала хуткую. У тэрміновым парадку з двухбаковым пнеўматораксам яе даставілі ва ўстанову аховы здароўя. Каб вызначыць ступень пашкоджанняў, спатрэбілася заключэнне экспертаў.
У ходзе правядзення судова-медыцынскай экспертызы ў жанчыны былі зафіксаваныя шматлікія колючыя раны задняй паверхні тулава ўздоўж хрыбта, што пранікалі ў грудзіну з раненнем абодвух лёгкіх. Яны ўтварыліся як мінімум ад 50 траўмуючых уздзеянняў. Атрыманая шкода адносіцца да цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Але сёння жыццю жанчыны нічога не пагражае.
Каментары
Мусіць пакрывае нейкага шамана-саматуга.