Свет11

Больш за 10 тысяч гатэляў падаюць у суд на Booking.com з-за яго цэнавай палітыкі

Больш за 10 тысяч гатэляў падалі групавы пазоў супраць платформы Booking.com. На іх думку, яна 20 гадоў навязвала ім стратныя ўмовы: гатэлям не дазвалялася прапаноўваць нумары на ўласных сайтах танней, чым на Booking.com, піша Бі-бі-сі.

Фота: Jonathan Raa/NurPhoto via Getty Images

Палітыку «найлепшай цаны», якая дзейнічала на платформе з 2004 па 2024 год, Еўрапейскі суд прызнаў парушэннем антыманапольнага заканадаўства, пасля чаго Booking.com адмовіўся ад гэтай практыкі. Пастанова суда стала падставай для пазову з боку гасцініц, якія хочуць атрымаць кампенсацыю страт за 20 гадоў.

Судовы працэс ініцыявала Асацыяцыя гатэляў, рэстаранаў і кафэ Еўропы (Hotrec). Пазоў падтрымалі больш за 10 000 гасцініц і 30 нацыянальных асацыяцый гатэльераў. З-за высокай цікавасці яна падоўжыла тэрмін рэгістрацыі для ўладальнікаў гасцініц, якія хочуць далучыцца да пазову — гэта можна зрабіць да 29 жніўня. Чакаецца, што гэта будзе адзін з найбуйнейшых судовых працэсаў у гісторыі еўрапейскай гасцінічнай галіны.

«Водгук дэманструе моцнае жаданне гасцінічнага бізнесу супрацьстаяць несумленным практыкам на лічбавым рынку», — гаворыцца ў заяве Hotrec.

Як лічаць гатэльеры, платформа змагалася з «безбілетнікамі»: кліентамі, якія выкарыстоўваюць Booking.com для пошуку гатэля, але затым браніруюць напрамую праз адміністрацыю, абмінаючы платформу. Таму кампанія абавязвала гасцініцы прапаноўваць «лепшыя цэны» менавіта на Booking.com.

Booking.com назваў заявы Hotrec і іншых асацыяцый гатэляў «няправільнымі і ўводзячымі ў зман», дадаўшы, што не атрымліваў «афіцыйнага апавяшчэння аб групавым пазове». Заяву платформы газета Guardian атрымала па электроннай пошце.

Па меркаванні кампаніі, рашэнне суда не назвала антыканкурэнтнай саму палітыку «найлепшай цаны», а толькі адзначыла, што такія ўмовы падпадаюць пад дзеянне антыманапольнага заканадаўства ЕС, і іх уплыў павінен ацэньвацца ў кожным выпадку асобна. Booking.com лічыць, што «парытэтныя ўмовы ў мінулым спрыялі канкурэнтнаму цэнаўтварэнню, а не абмяжоўвалі яго». Кампанія спасылаецца на дадзеныя апытання, згодна з якімі 74% гатэльераў заявілі, што Booking.com зрабіў іх бізнес больш прыбытковым. Шмат хто адзначыў павелічэнне запаўняльнасці нумароў і скарачэнне выдаткаў на прыцягненне кліентаў.

Аднак іншыя прадстаўнікі галіны з гэтым не згодныя.

Як адзначыла прэзідэнт гасцінічнага падраздзялення французскай галінавай асацыяцыі Umih Веронік Зігель у інтэрв’ю France Inter, атрымаўшы кантроль над рынкам, Booking павысіў камісію, і гэта паўплывала на рэнтабельнасць гасцініц.

«З 100 еўра, якія плаціць кліент, пасля выліку камісіі Booking гатэльер атрымлівае ў лепшым выпадку 75 еўра, з якіх ён павінен плаціць заробкі супрацоўнікам і інвеставаць», — кажа яна.

Даследаванне Hotrec і Універсітэта прыкладных навук і мастацтваў Заходняй Швейцарыі паказала, што ў 2024 годзе холдынг Booking, мацярынская кампанія сайта, кантраляваў 71% еўрапейскага рынку. Кошт карпарацыі складае 170 мільярдаў долараў, што ў тры разы больш за кошт Volkswagen.

Руппрэхт Подшун, прафесар канкурэнтнага права з Дюсельдорфскага ўніверсітэта імя Генрыха Гейне, адзначыў у каментары нямецкаму выданню Süddeutsche Zeitung, што судовы працэс, верагодна, будзе працяглым і сканцэнтруецца на складанай тэме ацэнкі страт.

«Суддзям давядзецца сфармаваць уласнае меркаванне, а затым справа будзе праходзіць усе ўзроўні апеляцый — усё гэта дорага і з ужываннем усіх юрыдычных хітрыкаў», — сказаў ён.

На яго думку, Booking.com — класічны прыклад таго, як лічбавая платформа можа захапіць цэлы сектар.

«Гэта паўстанне гасцініц, якія кажуць: «Вы не можаце проста рабіць з намі ўсё, што хочаце»», — кажа ён.

У чэрвені 2025 года калектыўны пазоў супраць Booking.com падалі Фонд калектыўных пазоваў у сферы канкурэнцыі (Consumer Competition Claims Foundation, CCC) і Асацыяцыя спажыўцоў Нідэрландаў.

На іх думку, сайт штучна завышаў цэны на гасцініцы, з-за чаго мільёны жыхароў Нідэрландаў пераплочвалі за пражыванне. Яны абвінавачваюць Booking.com у злоўжыванні ўладай, увядзенні кліентаў у зман і абмежаванні сумленнай канкурэнцыі. Успаміналіся «фальшывыя зніжкі, няпоўныя цэны і штучны дэфіцыт» — а таксама тое, што гасцініцы, якія размяшчаюць свае прапановы на Booking.com, не маглі прапаноўваць ніжэйшыя цэны ў іншых месцах, у выніку чаго цэны былі занадта высокія. Асацыяцыя спажыўцоў ацэньвае агульную шкоду ў сотні мільёнаў еўра.

Каментары1

  • Влад
    25.10.2026
    Букинг уже не тот!

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі46

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT9

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах11

Развітанне з Янам Памедорам Рэуцкім пройдзе ў Варшаве

Памёр вядомы хірург, былы галоўны анколаг Мінска

Улад Калячонак дэбютаваў за «Нью-Джэрсі» і адразу закінуў шайбу5

Трамп прапанаваў замену кіраўніку NVidia Хуангу2

Маштабны збой закрануў Outlook, Teams, Copilot і іншыя сэрвісы Microsoft5

Памятаеце, «Арэшнік» упаў на гаражы пад Кіевам? Украінцы расказалі, якая сістэма дазволіла адхіліць ракету ад ваеннай цэлі21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі46

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць