Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам
Пасля масавых пратэстаў ва Украіне прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вырашыў вярнуць незалежнасць антыкарупцыйным органам. 24 ліпеня ён унёс у Вярхоўную Раду новы законапраект, які адмяняе ранейшы, што выклікаў крытыку як унутры краіны, так і з боку Еўрасаюза.

У Нацыянальным антыкарупцыйным бюро Украіны (НАБУ) сцвярджаюць, што новы дакумент аднаўляе поўную працэсуальную незалежнасць як для НАБУ, так і для Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП). Абедзве структуры ўдзельнічалі ў распрацоўцы законапраекта.
У ім сярод іншага прапісана, што супрацоўнікі з доступам да дзяржаўных сакрэтаў павінны праходзіць праверку на паліграфе — але праводзіць яе будзе не СБУ, а ўнутраны кантроль НАБУ.
Папярэдні закон, падпісаны Зяленскім 22 ліпеня, фактычна абмяжоўваў незалежнасць гэтых антыкарупцыйных органаў. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю як з боку грамадзян, так і з боку еўрапейскіх палітыкаў. Старшыня Еўракамісіі і прадстаўнікі Германіі і ЕС выказалі сур’ёзную заклапочанасць, бо антыкарупцыйная незалежнасць — адзін з ключавых крытэрыяў для еўраінтэграцыі Украіны.
23 ліпеня ў розных гарадах Украіны, у тым ліку Кіеве, адбыліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Увечары таго ж дня Зяленскі паабяцаў унесці новы законапраект, а ўжо 24 ліпеня яго зарэгістравалі ў парламенце — дакумент падтрымалі 48 дэпутатаў з розных фракцый.
Зяленскі патлумачыў, што першапачаткова не правёў грамадскае абмеркаванне з-за сваёй засяроджанасці на вайне, якая, па яго словах, застаецца галоўнай праблемай краіны.
Каментары
А што зрабіць, каб прыбралі паліграфы з законаў і сістэмы? Дзе знайсці краіну з людзьмі без мякішу ў галовах.
Трапіўся ўчора на вочы ягоны каментар аб ненармальнай сітуацыі, калі над НАБУ адсутнічае надзорны орган. Гэта карэннае скажэнне прынцыпа падзелу ўладаў, - не задавальняе пастанова пракурора, то ідзі ў такі ж незалежны (паводле ідэі і Канстытуцыі) суд. Хаця не. Лепей пайсці на адзіны марафон ці ў замежныя СМІ з аповедам аб правільнасці лініі офіса. Забаўна назіраць за гэтымі хістаннямі. Рэспект украінскім пратэстоўцам. І штосьці падказвае, без размовы з Заходнімі донарамі не абышлося.