Былы аналітык «Мінскага дыялогу»: Дурасць завяла Расію ў стратэгічны тупік
«Расійскія эліты пагрузіліся ў мінулае. Прычым вельмі канкрэтнае — часоў тупога царскага імперыялізму», — піша Сяргей Богдан на сайце caliber.az.

«У Маскве сёння любяць цытаваць цара Аляксандра III, маўляў, адзіныя саюзнікі Расіі — гэта яе войска і флот. Гэтай цытатай апраўдваюцца за цяперашнія праблемы з саюзнікамі і намякаюць на неабходнасць бесцырымоннай імперыялістычнай палітыкі. Дурасць яе відавочная, а яшчэ больш забаўная, што цар гэтага не казаў. (…)
Насамрэч гэтую фразу сказаў зусім іншы імператар — германскі кайзер Вільгельм II, і толькі расійскія манархісты перапісалі яе на Аляксандра III. Сапраўдны ж аўтар знакаміты тым, што, прыйшоўшы да ўлады, загубіў дынамічную імперыю, якая ішла да сусветнага лідарства», —
піша спецыяльна для сайта caliber.az доктар палітычных навук Сяргей Богдан, які ў мінулым быў старшым аналітыкам Рады па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» — структуры, блізкай да МЗС Беларусі.
Як адзначае Богдан, гэтая гісторыя сімвалічна паказвае няздольнасць і пыху расійскіх чыноўнікаў, праз якіх у Расіі сёння праблемы ў адносінах не толькі з краінамі Захаду, але і з мноствам дзяржаў, што да Захаду не належаць. У аснове гэтых праблем, даводзіць аналітык, ляжыць нежаданне будаваць раўнапраўныя і паважлівыя адносіны з іншымі краінамі.
Як адзначае аналітык, гісторыя поспеху глабальных дзяржаў пасля Другой сусветнай вайны сведчыць пра тое, што найбольшыя поспехі дасягаюцца дзякуючы саюзам і кааліцыям.
У якасці яскравага прыкладу ён прыводзіць ЗША, якія змаглі замацаваць сваю гегемонію менавіта праз сістэму саюзаў. Наадварот, як мяркуе Богдан, крах нават найбуйнейшых дзяржаў часта пачынаўся з пагарды да саюзнікаў — гэтак, на яго думку, падзенне СССР пачалося з хамскага стаўлення Хрушчова да Кітая.
Па словах аналітыка, сучасная Расія гэтай навукі так і не засвоіла. Пасля 1991 года яна мела ўнікальныя магчымасці для стварэння эфектыўных інтэграцыйных блокаў з постсавецкімі краінамі. Аднак праз тры дзесяцігоддзі, як падкрэслівае Богдан, СНД стала фікцыяй, а АДКБ і ЕАЭС паступова развальваюцца — з адтокам іх удзельнікаў у бок кітайскіх ініцыятыў.
Не стратэгія, а пагарда
На думку Богдана, сёння найбліжэйшым саюзнікам Масквы лічыцца Беларусь, але нават яе набліжэнне адбылося толькі пасля таго, як ЕС-НАТА ізалявалі яе па ўсіх межах, акрамя расійскай.
Аўтар звяртае ўвагу на яшчэ адну сімптаматычную рысу расійскай палітыкі: пастаянныя канфлікты нават з узаемна варожымі краінамі. Напрыклад, цяпер у Масквы пагоршалі адносіны і з Азербайджанам, і з Арменіяй.
Як сцвярджае Богдан, цяперашняя замежная палітыка Расіі — гэта нават не «раздзяляй і ўладар», а хутчэй — палітыка пагарды, сілы і запалохвання.
«Ці працуе гэта? Можна ўбачыць на прыкладзе Украіны, пра якую расіяне каторы год паўтараюць, што «яе няма», яна «выдуманая бальшавікамі». Гэтая дурасць завяла Расію ў стратэгічны тупік.
Бо колькі б расіяне нам ні расказвалі пра крах украінскай абароны і ўзяцце стратэгічных пасёлкаў і вырашальных прасёлкавых дарог — гэта сумнеўныя ў стратэгічным плане і затратныя дзеянні», —
піша Богдан і нагадвае, што, нягледзячы на ўсе заявы пра крах Украіны, яе фронт трымаецца, а тэрытарыяльныя набыткі Расіі ў 2025 годзе склалі ўсяго 0,25% тэрыторыі.
Іншы прыклад — краіны Балтыі. Расія даўно зрабіла стаўку на эканамічны ціск і вайсковае запалохванне адносна іх, але вынік — поўная ізаляцыя. Грамадзяне РФ цяпер могуць наведваць Калінінград толькі з біяметрычным пашпартам, а Балтыйскі флот вымушаны абараняць цывільныя судны ад эстонскага ВМФ.
На думку Сяргея Богдана, адным з галоўных фактараў разрыву паміж Расіяй і Украінай стала імперская фанабэрыя Крамля, якая выцесніла з замежнай палітыкі любую спробу разумення і павагі.
Аналітык нагадвае, што пасля кіеўскага Майдану 2004 года нават пракрамлёўскі паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі папярэджваў: «Вучыце мовы, і ўкраінскую. Калі вы мяркуеце, што Украіна ўваходзіць у зону нашых стратэгічных інтарэсаў, вы павінны ведаць, як размаўляць з украінцамі».
Паводле Богдана, Паўлоўскі, хутчэй за ўсё, звяртаў увагу на тое, што расійскія ўлады не хочуць шчыра ўспрымаць суседнія краіны як раўнапраўных партнёраў. Асабліва гэта прыкметна ў дачыненні да краін, што калісьці ўваходзілі ў СССР, і да незаходніх краін.
Паталагічны еўрацэнтрызм
Як даводзіць аналітык, расійскія эліты гатовыя будаваць сур'ёзныя адносіны ў сусветнай палітыцы толькі з партнёрамі з краін Заходняй Еўропы і вытворных ад яе «белых» перасяленчых дзяржаў накшталт ЗША.
Краіны ж паміж Расіяй і Захадам у вачах расійскіх эліт не маюць сапраўднай суб’ектнасці — з імі альбо немагчыма дамовіцца, альбо яны проста неістотныя.
Такі падыход, на думку аналітыка, прывёў да стварэння непранікальнай варожай сцяны па перыметры межаў Расіі — спачатку ў Еўропе, цяпер — і на Каўказе, і ў Цэнтральнай Азіі. Спісваць гэта на змовы Захаду бессэнсоўна: праблемы з дзяржавамі-супернікамі і саюзнікамі адначасова сведчаць пра глыбінныя памылкі самой Расіі.
Рэстаўрацыя імперыі і яе наступствы
Па словах Богдана, пасля краху праекта «ліберальнай імперыі» расійская эліта вярнулася ў мінулае — да ідэалаў царскага самадзяржаўя. Гэта прывяло да рэабілітацыі шавінізму, расізму, гвалту як звычайных інструментаў палітыкі.
Так, старшыня Следчага камітэта Аляксандр Бастрыкін амаль цытуе вядомую формулу міністра адукацыі мікалаеўскай Расіі Аляксандра Уварава «самадзяржаўе-праваслаўе-народнасць», прапануючы яе ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі.
Аднак, як адзначае аўтар, Увараў быў вядомы не толькі гэтай формулай, але і карупцыяй, састарэлай адукацыйнай палітыкай, што ў выніку прывяло да паражэння Расіі ў Крымскай вайне.
Аналітык нагадвае, што былы дарадца Трампа Джон Болтан заўважаў: ідэалогія расійскага істэблішменту — гэта «царызм», палітызаваная настальгія па міфічнай велічы імперыі Раманавых.
На думку Сяргея Богдана, цяперашняе захапленне расійскіх эліт імперскім мінулым — гэта палітызаванае «рэканструктарства», якое непазбежна вядзе да канфліктаў з суседзямі. Прыхільнікі такіх поглядаў ужо распальваюць варожасць як у дачыненні да Каўказа, так і да Цэнтральнай Азіі.
У якасці прыкладу аналітык згадвае словы расійскага міністра адукацыі пра «спрэчны статус» Нагорнага Карабаха, а таксама напады афіцыйных экспертаў на Кыргызстан за згадку пра каланіяльны прыгнёт з боку Расіі.
Нягледзячы на тое, што гэта гістарычна дакладны факт, расійскія шавіністы абражаюць краіну-саюзніцу, падрываючы дыпламатычныя кантакты падчас візіту прэзідэнта Кыргызстана ў Маскву.
Паводле Сяргея Богдана, у цяперашняй сітуацыі Расіі неабходна тэрмінова пераасэнсаваць сваю замежную палітыку. Яна павінна адрачыся імперскіх ілюзій і пачаць будаваць паважлівыя і раўнапраўныя адносіны з усімі суседзямі — як вялікімі, так і малымі, як заходнімі, так і ўсходнімі.
Бо свет ХХІ стагоддзя — гэта свет перамоў і партнёрства, а не свет XIX стагоддзя, дзе Расійскай Імперыі можна было дамовіцца з некалькімі імперыямі і дыктаваць волю ўсім астатнім.
Каментары
Але зараз усе свядомыя беларусы заняты дзікпікамі, разумею. Найважнейшая тэма