Меркаванні1515

Што Толкін і яго пярсцёнкі тлумачаць нам пра Лукашэнку лепш за палітолагаў

Тое, што Лукашэнка апантаны ўладай, даўно сталася догмай — але ці задумваемся мы пра тое, што значыць быць апантаным уладай? Ключ да яго разумення — у персанажах Сарумане і Глыксе, піша Міхась Яснотка.

Аляксандр Лукашэнка паміж Уладзімірам Пуціным і Колем, 27 чэрвеня 2025. Фота Sergei Karpukhin, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Мы ўсе звязаныя адны з аднымі больш-менш моцнымі адносінамі падпарадкавання, але яны, як правіла, рацыянальныя. Апантанасць ірацыянальная — рашэнні апантанага чалавека часцяком немагчыма растлумачыць у логіцы здаровага сэнсу. Вялікая памылка — спрабаваць прадказаць паводзіны такога чалавека на аснове тваіх уласных рацыянальных матываў. Нарэшце, трэба памятаць, што апантанасць — гэта залежнасць. Пазбавіць апантанага чалавека аб'екта яго апантанасці — гэта значыць пазбавіць яго сэнсу існавання.

Усё гэта аксіёмы, без якіх немагчыма зразумець, што сабой уяўляе чалавек, які стаіць на чале Беларусі ўжо больш за 30 гадоў. Але каб па-сапраўднаму разабрацца ў матывах людзей такога кшталту, можна паклікаць на дапамогу (так, ужо можна) палітычную навуку, клінічную псіхалогію, сацыялогію, палітэканомію і нават класічную літаратуру, не гаворачы ўжо аб тэалогіі і міфалогіі. Задача грунтоўная — нам трэба спасцігнуць прыроду ўлады, а яе феномен сягае далёка за межы адной навукі.

Але нам пашанцавала — практычна ўсю працу за нас ужо зрабіў Толкін. Троху нагадаем: быў такі Саўрон (нехта накшталт сатаны), які нядрэнна разабраўся ў чалавечай, эльфійскай і гномскай прыродзе і «дапамог» прагным да ведаў эльфам скаваць сем пярсцёнкаў улады для гномаў і дзевяць — для людзей. Тры эльфійскія пярсцёнкі былі скаваныя без ягонага ўдзелу. А свой Пярсцёнак, адзіны, ён скаваў сам, каб падпарадкаваць сабе ўсе астатнія.

Менавіта пра гэты пярсцёнак — увасобленую абсалютную ўладу — мы ведаем больш за ўсё.

Праз яго практычна страціў розум Барамір, ім спакушаліся Фарамір, Галадрыэль, Гэндальф і шмат хто іншы. 

Глыкс, які валодаў Пярсцёнкам 500 гадоў (але выкарыстоўваў яго «па дробязях», таму і пратрымаўся так доўга), звар’яцеў, страціўшы яго. (Імёны, назвы і цытаты падаюцца па Р. Толкін, «Уладар пярсьцёнкаў. Дзве вежы» у перакладзе К. Курчанковай і Дз. Магілёўцава.)

Фрода не змог бы данесці Пярсцёнак да Гары Выраку адзін — ён проста насунуў бы яго і абвясціў сябе яго ўладаром значна раней, але рацыянальны голас лепшага сябра да апошняга моманту ўтрымліваў яго ад гэтага. Урэшце нават з дапамогай Сэма Фрода не змог бы знішчыць Пярсцёнак без умяшання Глыкса. А потым, страціўшы яго незваротна, Фрода так і не змог зжыцца з рэчаіснасцю і сплыў з эльфамі ў Добраславёную Зямлю, дзе няма месца смуткам гэтага свету.

Яшчэ лепш зразумець феномен улады дапамагаюць іншыя персанажы «Уладара пярсцёнкаў» — назгулы. Гэта каралі людзей, якія атрымалі дзевяць пярсцёнкаў і ўрэшце сталіся падняволенымі Уладара — стваральніка Адзінага Пярсцёнка. Гэта людзі, у якіх былі каралеўствы, але якія прагнулі большага — і прынялі пярсцёнкі ўлады. Вось яна, прырода апантанасці: ты валодаў пярсцёнкам, але ў выніку ён завалодаў табой і зрабіў цябе сваім рабом. У гэтым сэнсе назгул — раб улады. І раб «кіраўніка» Мордара.

Але, мабыць, дакладней за ўсё мы адгадаем з нашым персанажам, калі ўспомнім Сарумана. Ён вельмі хацеў атрымаць Пярсцёнак сабе. Парадаксальным чынам, тым самым ён бы стаўся уладаром Мордара — а тыя, хто даўно вывучае палітыку Беларусі, ведаюць, што ў дапуцінскія часы Лукашэнка марыў стаць на чале Расіі (або «саюзнай дзяржавы»). Але потым з'явіўся Саўрон, Пярсцёнак сплыў з рук, а Ізенградак стаўся прамысловым цэнтрам, які каваў для Мордара зброю і рыхтаваў войска для захопу Рохана. Тут ёсць дзіўны факт — у Толкіна Рохан называецца Riddermark — гэта край рыцараў, памежжа, якое было абаронай унутраных земляў валадарства. У ВКЛ такія землі называлі украінай, і менавіта так перакладаюць Riddermark у сваім найвыбітнейшым перакладзе Курчанкова і Магілёўцаў. Паводле кнігі, оркі зайшлі ва ўкраіну з тэрыторыі, падкантрольнай Саруману… Ну, вы самі ўсё бачыце.

Лёс Сарумана незайздросны. Некалі вялікі чараўнік, які валодаў харызмай («голас Сарумана»), ён спачатку стаўся марыянеткай Саўрона, а затым паспрабаваў правесці калектывізацыю і індустрыялізацыю Шыра — але ў выніку быў забіты сваім рабом Змеяротым.

Захад спрабаваў з ім размаўляць: «Ты можаш пакінуць Ортанк вольным — калі сам абярэш тое». Але Саруман зрабіў свой выбар, адмовіўся пакінуць вежу, у якой замкнуў сам сябе — і страціў рэшткі легітымнасці: «Саруман, твой кій — зламаны».

Спецпасланнік Дональда Трампа Джон Коўл і Аляксандр Лукашэнка, 11 верасня 2025. Фота Belarusian Presidential Press Service via AP

Вядома, нават геніяльная літаратура ці добра распрацаваная навука не даюць паўнаты карціны. Кожны канкрэтны чалавек заўсёды і прасцейшы, і складанейшы за якія-колечы канцэпцыі і вобразы, у якія мы хочам яго ці яе ўплішчыць. Але Толкін перасцерагае нас: пярсцёнак улады разбурае сутво чалавека, а ў ягонага раба не застаецца ніякіх каштоўнасцяў, апроч самога пярсцёнка — апроч улады, якую ён увасабляе.

Гэтая перасцярога гучыць і тады, калі чытаеш штосці накшталт «Святлана Ціханоўская спрабуе стрымаць Еўропу ад выкарыстання санкцыйных паслабленняў, якія могуць прывесці да вызвалення палітвязняў у Беларусі і спынення рэпрэсій». Для тых, хто не чытаў кнігі, а задаволіўся толькі фільмам, будзе дзіўна даведацца, што Саруман, збегшы з Ізенградка, падначаліў сабе Шыр, а хобіты, вярнуўшыся з сваёй вандроўкі, мусілі яго вызваляць. Так і ўяўляеш, што Саруман «спыняе рэпрэсіі», калі Мэры з Піпінам перастаюць «ціснуць». Узгадваецца персанаж Змеяротага, які загінуў у кнізе, але ў нашым свеце працягвае жыць у многіх асобах — бо імя ім легіён.

І ўсё ж, як кажуць, не Саруманам адзіным тлумачым мы нашага героя. Памятаеце яшчэ і Глыкса — мабыць, найбольш неадназначнага персанажа «Уладара пярсцёнкаў».

«Усё з ім зразумела!» — казаў Сэм.

«Трэба паспрабаваць яго выратаваць», — адказваў Фрода.

У расколатай Пярсцёнкам асобе Глыкса-Смеяголя святло жыло амаль да самага канца, і, калі б Фрода не спрабаваў яго ўратаваць, фінал гісторыі быў бы іншым.

Памятайма аб нашых каштоўнасцях, кажа Толкін. Інакш уладар Пярсцёнка пераможа — хай нават і нашымі ўласнымі рукамі.

Каментары15

  • Бгг
    22.02.2026
    Уже даже толкиенисты пишут политаналитику. Анализ, который мы заслужили.
  • 22.02.2026
    Лярва ў кантэксце Кабалы .
    Лярвы ўспрымаюцца як узоры нежаданых думак і эмоцый, якія жывуюцца энергіяй чалавека. Яны могуць з'яўляцца ў выніку негатыўных паводзін, такіх як зайздрасць, нянавісць або страх, і імкнуцца авалодаць свядомасцю чалавека, прыводзячы яго да деструктыўных дзеянняў.
    На прыкацы поўнасцю захопліваюць і замяняюць чалавечую сутнасць .
  • .
    22.02.2026
    "пярсцёнак улады разбурае сутво чалавека, а ў ягонага раба не застаецца ніякіх каштоўнасцяў, апроч самога пярсцёнка — апроч улады, якую ён увасабляе"

    Залежыць ад чалавека. У Лукашэнкі і не было каштоўнасцей, лепшай сутнасці. Злы, пакрыўджаны. Толькі закаранеў ("замацярэў").
    У рускім (і ўвогуле аўтарытарным) свеце губляць уладу небяспечна, бо яна перадаецца або праз спадчыну (назначэнне), або праз гвалт. Калі праз гвалт, то наступныя помсцяць папярэднім. Таму і чапляюцца яшчэ больш.

    (Што за "сутво"? ШІ прыдумаў у перакладзе?)

Цяпер чытаюць

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

Усе навіны →
Усе навіны

Былога міліцыянера асудзілі за жаданне ваяваць у Палку Каліноўскага. Пагражала да 15 гадоў калоніі24

«Проста хочуць быць Масквой. Бессэнсоўна, непрадуктыўна, неабгрунтавана». Мінчукі спрачаюцца наконт будаўніцтва кальцавой лініі метро16

На Камароўцы прадаецца саджанец за 350 рублёў. Што з яго можа вырасці?3

На дне палескага Князь-возера адшукалі замак «Венецыя» — капрыз Радзівіла10

Візіт Карла III у ЗША скончыўся. Трамп назваў яго найвялікшым каралём і адмяніў пошліны на шатландскі віскі3

УСУ чацвёрты раз атакавалі Туапсэ, гарыць марскі тэрмінал5

Былая лідарка М'янмы Аун Сан Су Чжы пераведзена пад хатні арышт, заявілі вайскоўцы

Гэтыя адкрыцці могуць стаць сапраўды прарыўнымі ў дасягненні даўгалецця10

Падало ў адстаўку міжнароднае журы Венецыянскага біенале. Гэта звязана з допускам на яго Расіі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

У Чэхіі малады беларус трапіў у кому — наглытаўся таблетак праз праблемы з легалізацыяй і разрыў з дзяўчынай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць