Свет1010

«Па тэлевізары сказалі, што тут разбіўся прэзідэнт Польшчы»

Рэпартаж НН з месца катастрофы авіялайнера Леха Качыньскага.

Вайсковы аэрадром ў Смаленску знаходзіцца на паўночнай акраіне горада, адразу на выездзе ў кірунку трасы Мінск-Масква. У савецкія часы на аэрадроме і ў ваколіцах віравала жыццё, а сёння ён аточаны спальнымі мікрараёнамі і прамзонай.
Аб былых часах нагадваюць толькі шэрагі састарэлых самалётаў, што віднеюцца з-за агароджы.

Днём 10 красавіка праз крушэнне самалёта Леха Качыньскага, усе пад’езды да аэрадрома былі закрытыя. З кожнага кірунку дарога была перакрытая адразу некалькімі пастамі ДПС і міліцыі. Прапускалі толькі машыны спецслужбаў, вайскоўцаў, МНС, міліцыі і журналістаў. Апошніх, што праўда, падпускалі да месца катастрофы намінальна – блізка падысці да яго было немагчыма. Толькі ў тым месцы, дзе самалёт прэзідэнта Польшчы зачапіў верхавіны дрэваў, можна было падысці да вялікага фрагменту крыла, які адламаўся пры кантакце з лініяй электраперадач. У гэтым месцы сабраліся відавочцы падзей, якія ахвотна апавядалі журналістам аб падзеях раніцы 10 красавіка.

Паводле іх словаў, каля 11-й гадзіны па смаленскім часе, над аэрадромам з’явіўся бела-чырвоны пасажырскі самалёт. Ён зрабіў некалькі кругоў над ім, перыядычна хаваючыся ў густым тумане, затым зрабіў спробу знізіцца, а на падлёце да пасадачнай паласы раптам накрэніўся і зачапіў крылом галіны дрэваў. Пасля гэтага самалёт яшчэ праляцеў каля 150-ці метраў і ўпаў за агароджай аэрадрома, непадалёк ад узлётнай паласы. Катастрофа магла скончыцца яшчэ больш крывава – самалёт упаў усяго ў сотні метраў ад паліўнай станцыі, аўтасалона і гатэля.

«Мы дакладна не ведаем, хто там ляцеў, што гэта быў за самалёт. Па тэлевізары кажуць, што прэзідэнт Польшчы нібыта разбіўся тут», — адказвалі жыхары Смаленска на пытанні журналістаў. Апошнія ведалі не нашмат больш.
Адзінай афіцыйнай крыніцай інфармацыі быў прэс-сакратар смаленскага губернатара, які знаходзіўся ля бліжэйшага да месца катастрофы ўезду на аэрадром. Аднак ён толькі і мог, што паўтараць: «Пакуль нічога невядома. Чакайце на новую інфармацыю». Пры гэтым нават не даставаў цыгарэты з зубоў.

А на аэрадром тым часам заязджалі вайсковыя грузавікі, даверху нагружаныя трунамі, фургоны МНС, міліцэйскія легкавікі і лімузіны чыноўнікаў. Шматлікія журналісты адно праводзілі іх вачамі. З таго месца, дзе дазволілі знаходзіцца прадстаўнікам СМІ, можна было толькі здалёк разгледзець, што адбываецца на месцы авіякатастрофы. Там расстаўлялі асвятляльныя прыборы і збіралі часткі самалёта.

За агароджу без пярэчанняў пусцілі адно здымачную групу Першага канала расійскага тэлебачання – на смаленскі аэрадром прыбыў У.Пуцін. Польскім журналістам давялося чакаць прыезду Дональда Туска. Увогуле прадстаўнікі польскіх СМІ выглядалі надзвычай разгублена. Большасць з іх ехала на ўрачыстасці ў Катыні, а трапіла на зусім іншую падзею. Звыклых усмешак на тварах польскіх журналістаў не было. Чаго не скажаш аб расійскіх міліцыянтах…

Такое стаўленне можна зразумець. Што ў Расіі, што ў Беларусі да ўлады і чыноўнікаў самага высокага рангу не прынята ставіцца з павагай. Уладу прынята баяцца. У Польшчы іначай. На месцы трагедыі давялося пачуць ад палякаў, што яны не могуць паверыць ў тое, што адбылося. Не могуць паверыць, што краіна засталася амаль без кіраўніцтва. 10 красавіка на ўскраіне Смаленску разам з прэзідэнтам загінула амаль усё кіраўніцтва польскага войска, кіраўнік Нацыянальнага банка, віцэ-спікер Сойма і яшчэ дзесяткі заслужаных асоб. Такое яшчэ ніколі не здаралася ў найноўшай гісторыі.

«Гэта немагчыма. Я не маю словаў», — толькі так змог пракаментаваць трагедыю супрацоўнік польскага недзяржаўнага тэлеканала TVN.

Бліжэй ночы стала вядома, што парэшткі загінулых вывозяць верталётамі ў Маскву. Большасць журналістаў перамясцілася ў прэс-цэнтр, размешчаны непадалёк у гатэлі. Што праўда, там іх усіх чакаў непрыемны сюрпрыз – пасля ад’езду Пуціна адміністрацыя гатэлю кардынальна змяніла стаўленне да СМІ. Спачатку скончылася бясплатная гарбата, а потым журналістам і ўвогуле адключылі доступ да інтэрнэта. «Рэстаран замыкаецца», — толькі і сказала адміністратарша. Не паўплываў на яе рашэнне нават кароткі нечаканы візіт у гатэль Яраслава Качыньскага, які накіроўваўся на апазнанне свайго брата.

Трагічны дзень падыходзіў да канца. Над смаленскім вайсковым аэрадромам «Паўночны» ўжо не ўзляталі транспартныя верталёты, а журналістаў ля ўязной брамы значна паменела. Насупраць яе стаяў белы легкавік з лагатыпам польскай дзяржаўнай тэлекампаніі TVP. На яго капоце нехта пакінуў шмат чырвоных гваздзікоў, а ля колаў машыны палалі знічы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА ФОТАРЭПАРТАЖ ЮЛІІ ДАРАШКЕВІЧ СА СМАЛЕНСКУ

Каментары10

Цяпер чытаюць

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў1

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Так выглядаў Аляксандр Лукашэнка на Валааме ФОТЫ24

У Гомельскай вобласці ствараецца новая дэсантная брыгада3

Лукашэнка расказаў, як ён перажываў за Трампа8

Лукашэнка заявіў, што ў беспілотніку, які ўпаў у Мінску, было 59 кг выбухоўкі10

Лукашэнка вучыў Зяленскага: «Я хачу сустрэцца з Пуціным» — ну што ты крычыш пра гэта?»14

«Спала і прачнулася на абломках унізе». Гісторыя дзяўчыны, якая падчас атакі Расіі на Кіеў выпала з 9-га паверха і выжыла

Белы дом пераўтвараецца ў казачны палац: Трамп будуе бальную залу за 200 мільёнаў даляраў7

Джасцін Цімберлэйк расказаў, што мае хваробу Лайма, якую пераносяць кляшчы. Боль ён трываў два гады на сцэне5

Пачалася сустрэча Лукашэнкі і Пуціна5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў1

«Хаваеш свой жах, бо гэта шкілет са скурай». Святлана Ціханоўская прызналася, ці пазнала Сяргея праз пяць гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць