У чацвер з тэрыторыі Беларусі ў паветраную прастору Літвы заляцеў самаробны лятальны апарат. Па словах прадстаўнікоў літоўскай арміі і памежнай службы, ён не ўяўляў пагрозы для насельніцтва, але цяпер адносна яго працягваецца расследаванне, піша LRT.

Міністарка абароны Літвы Давіле Шакалене заявіла, што апарат быў вызначаны як беспілотнік тыпу «Гербера». Дакладная мэта яго запуску пакуль невядомая, але няма доказаў, што яго спецыяльна накіравалі ў Літву. Паводле папярэдніх даных, ён быў зроблены з пенапласту, фанеры і дроту.
Маёр літоўскай арміі Гінтаўтас Цюніс адзначыў, што дрон знаходзіўся ў паветры Літвы каля трох хвілін, ляцеў на вышыні прыкладна 100 метраў з хуткасцю 50—60 км/г і ў выніку ўпаў на зямлю.
У выпадку вайны такі аб’ект быў бы неадкладна збіты з дапамогай вайсковай тэхнікі, але паколькі цяпер мірны час, то прымяняюцца іншыя працэдуры — сітуацыя ацэньваецца праз аналіз, разведданыя і простую армейскую логіку.
Таксама паведамляецца, што раней падобныя самаробныя апараты выкарыстоўваліся кантрабандыстамі, але гэта першы такі выпадак у гэтым канкрэтным памежным раёне.
У літоўскай арміі таксама пацвердзілі, што на момант інцыдэнту была аддадзена каманда падняць у паветра знішчальнікі місіі НАТА, але пасля таго, як дрон упаў, аперацыю скасавалі.
Каментары
[Зрэдагавана]