У Мінску даведацца пра прыбыццё транспарту на прыпынак можна будзе праз тэлефон
У Мінску з'явілася новая бясплатная інфармацыйная паслуга, якая дазваляе даведацца, калі на прыпынак прыбудзе грамадскі транспарт. Пра гэта паведаміла першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.

Як адзначыла чыноўніца, паслуга з'яўляецца альтэрнатывай электронным табло на прыпынках і была ўведзена для зручнасці пасажыраў дзяржаўным прадпрыемствам «Мінсктранс».
Каб атрымаць інфармацыю, дастаткова патэлефанаваць на кароткі нумар 488 з любога з беларускіх мабільных аператараў (A1, МТС, life:)). Званок бясплатны.
Пасля гудка трэба назваць пяцізначны код прыпынку — ён пазначаны на шыльдзе з раскладам побач з QR-кодам. Сістэма ў голасавым рэжыме паведаміць, праз колькі часу прыбудуць аўтобусы, тралейбусы або трамваі на гэты прыпынак. Інфармацыя падаецца ў рэальным часе.
Каментары