Культура11

Мужчыны плачуць! Акцёр і музыка «Разбітага сэрца пацана» Павел Гарадніцкі зрабіў спектакль на вершы Мікіты Найдзёнава

На прэс-канферэнцыі пасля свайго вызвалення з турмы Сяргей Ціханоўскі заплакаў, расказваючы пра дзяцей і ўмовы ўтрымання за кратамі. Услед рушыла дыскусія, у якой некаторыя дазвалялі сабе асуджаць публічныя мужчынскія слёзы.

Яшчэ да ўсіх гэтых падзей акцёр і музыка гурта «Разбітае сэрца пацана» Павел Гарадніцкі пачаў працу над монаспектаклем «Мужчыны плачуць» па вершах паэта Мікіты Найдзёнава. Частка з гэтых вершаў выйшла раней у яго зборніку «Развітанцы», частку ж плануюць надрукаваць у новым зборніку аўтара пад гаваркой назвай «Плошча Нежалезнасці». 

Павел Гарадніцкі і Мікіта Найдзёнаў. Фота: «Наша Ніва»

«Наша Ніва» наведала прэм’еру спектакля — расказваем, што атрымалася ў творчага дуэта.

«Найлепшы варыянт адзначыць Дзень незалежнасці», — жартавалі ў залі гледачы, запаўняючы шэрагі варшаўскага кінатэатра «Атлантык» 3 ліпеня — пляцоўкі зусім не тэатральнай. Але ў тым, што ўсе пабачылі, было нешта ад таго алдовага кіно, якое агучвалася наўпрост перад экранам. І Павел Гарадніцкі ў нейкім сэнсе быў яшчэ і кінадэкламатарам, транслюючы паэтычнае кіно, у якім ён выступаў і за акцёра, і за музыку за сваім піяніна.

Прыходзіла на розум азначэнне «чалавек-аркестр» — у прынцыпе, гэта тое, чаго і патрабуе няпросты жанр монаспектакля.

Не будучы на сцэне ўсім і паўсюль, не запаўняючы яе з усіх краёў, не ўтрымліваючы зрокавы кантакт з публікай, можна лёгка згубіцца і згубіць увагу гледача.

У Паўла Гарадніцкага атрымалася яе ўтрымліваць цягам гадзіны, задзейнічаўшы ўвесь інструментарый свайго цела. Меланхалічнае дэкламаванне радкоў пра перажыванні закаханага лірычнага героя рэзка перарывалася гучным акордам піяніна, ілюструючым жаночую істэрыку — псіханула! Там-сям, раўнамерна, былі раскіданыя жарты і вострыя, нецэнзурныя слоўцы, якія, як соус, запраўлялі агульны тон дадатковым смакам:

«Людзям тонкай душэўнай арганізацыі жывецца цяжэй.
У іх рэфлексій абзацы, думак спрытныя зайцы,
Фобія з нейкім зашкварам звязацца,
А ўлезці ў маральную Ж — дык не дай бажэ! […]

Людзям простай душэўнай арганізацыі — усё да задніцы».

Гісторыі пра мінчукоў на Дзень закаханых, людзей, сустрэтых аўтарам на шляху, і яго назіранні за гэтымі часовымі спадарожнікамі, перапляталіся з асабістымі перажываннямі, назіраннямі, болямі і радасцямі. Спектакль хоць і быў пра слёзы, сумным суцэльна ён не атрымаўся, бо слёзы ж таксама бываюць і ад радасці. Цікава, што некаторыя вершы з музыкай Гарадніцкага ўжо гучалі досыць завершанымі, самастойнымі музычнымі трэкамі.

Павел Гарадніцкі. Фота: Anastasiya Kodis, інстаграм: @nastya_kassiopea_

У залі, збольшага, вісела суцэльная цішыня, што тлумачылася інтымнасцю моманту — вершы былі максімальна асабістыя, у іх Найдзёнаў выварочвае сябе перад вамі навыварат, распранаецца да трусоў — пры дапамозе транслявання вершаў Гарадніцкім ты нібыта падглядаеш за аўтарам праз дзвярное вочка яго кватэры ці падслухоўваеш сеанс яго псіхатэрапіі.

Дарэчы, менавіта вершы сталі ратаваннем для Мікіты Найдзёнава ў зняволенні — ён былы палітвязень, асуджаны на тры гады хатняй хіміі па «народным», 342-м артыкуле КК за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Згадаўшы на прэм’еры, што ў свой час пісаць вершы па-беларуску яго натхніў Уладзімір Някляеў, Мікіта імправізавана падзяліўся з прысутнымі сваёй паэмай «Надзея Сцяпанаўна», народжанай за кратамі. Яна пра сям’ю, недалашчанасць дзяцінства, што забівае, матрыярхат, цяжкі лёс пасляваеннага пакалення і такі ж нялёгкі іх дзяцей і, на жаль, унукаў (раз яны апынаюцца ў турмах).

Мікіта Найдзёнаў. Фота: Anastasiya Kodis, інстаграм: @nastya_kassiopea_

Чытанне паэмы было незапланавана ў праграме, але пасля таго, як гледачы пачалі скандаваць «Мала! Не хапіла!», сам аўтар слоў вырашыў распачаць другі акт у пастаноўцы, без антракту. Але з паўзай, якая патрабавалася, каб спыніць слёзы, якія душылі тут самога паэта — апынуцца ў клетцы, калі нараджае жонка, хварэюць-старэюць любімыя сваякі — праз такое таксама нясорамна плакаць.

 «Большую частку [паэмы] я пісаў на Жодзіна, пакуль сядзеў. Усё было як у фільме: свае 33 я сустрэў яшчэ ў Жодзіна, потым начным этапам ехаў на Валадарку. У гэтую ноч нараджала мая жонка. І вось на наступны дзень я заходжу ў камеру на Валадарскага, і потым пішу там наступную частку паэмы, якая пра надзею. Там сядзеў чалавек, Сяргей Сакалоў, які атрымаў 14 гадоў за тое, што ён нібыта быў кілерам для Гайдукевіча. А ў яго на ўсю руку тату dum spiro, spero — пакуль дыхаю, спадзяюся. Атрымаў 14 гадоў, але баявы плывец, ён спадзяецца і верыць, і сам гэта транслюе! Гэта для мяне было адкрыццём, магічна», — падзяліўся дэталямі стварэння твора паэт.

Дарэчы з Сяргеем Сакаловым Мікіта граў у камеры ў шахматы, якія дасталіся ім у спадчыну ад Віктара Бабарыкі.

«Калі ў атачэнні, у палоне ці ў рэанімацыі драбнюткае зерне ўзыходзіць з падвойнаю сілаю,

Чым шанец мізэрны, надзея тым больш імпульсіўная».

Гэта ўрывак з паэмы, якая хоць і даводзіла да слёз, але яшчэ і пра надзею, будучыню. Тое, што з тэмы мужчынскіх слёз здымаецца табу, у тым ліку такімі спектаклямі, таксама дае надзею на лепшае. Слёзы — гэта не пра слабасць, яны пра сілу і чалавечнасць, Нежалезнасць.

Павел Гарадніцкі і Мікіта Найдзёнаў. Фота: Anastasiya Kodis, інстаграм: @nastya_kassiopea_

Каментары1

  • Ганебны ный
    04.07.2025
    Колькі ўжо можна дэматываваць беларусаў гэтымі соплямі: іх катуюць, яны плачуць, ім спачуваюць! Калі нарэшце хоць адзін устане і скажа "Хопіць енчыць!"? Калі з'явяцца артыкулы кшталту "Мужчыны сціскаюць волю ў кулак і б'юць наводмаш", "Ціханоўскі запатрабаваў ад ЕС спыніць шэрыя схемы адмывала грошай на беларусах", "Латушка сышоў у адстаўку, бо не змог адказаць на кінутую ў яго сметніцу", "Ціханоўская зняла партрэт Бяляцкага са сваёй папкі і наляпіла яго на лоб Урсулы фонд дэр Ляйн, каб быць пачутай"?

Цяпер чытаюць

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі46

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Расійская армія страціць 650 тысяч чалавек забітымі да канца года — FT9

42% правільных адказаў. Навукоўцы праверылі, што перадавыя ШІ ведаюць пра Беларусь і што ім недаступна9

Наладжваецца бізнэс па афармленні расіянамі беларускіх ВНЖ на фіктыўных падставах. Усё дзеля куплі аўто на беларускіх нумарах10

Развітанне з Янам Памедорам Рэуцкім пройдзе ў Варшаве

Памёр вядомы хірург, былы галоўны анколаг Мінска

Улад Калячонак дэбютаваў за «Нью-Джэрсі» і адразу закінуў шайбу5

Трамп прапанаваў замену кіраўніку NVidia Хуангу2

Маштабны збой закрануў Outlook, Teams, Copilot і іншыя сэрвісы Microsoft5

Памятаеце, «Арэшнік» упаў на гаражы пад Кіевам? Украінцы расказалі, якая сістэма дазволіла адхіліць ракету ад ваеннай цэлі21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі46

Дакументальна пацверджаная гібель на расійскім баку 730 грамадзян Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць