Былы палітвязень Ігар Лосік расказаў у сваім тэлеграм-канале, праз якія вытанчаныя здзекі праходзяць зняволеныя ў СІЗА КДБ.

Сядзеў я ў СІЗА КДБ з адным падпалкоўнікам ДФР. Ён катэгарычна адмаўляўся прызнаваць віну, і за гэта яго пастаянна каралі.
Пакаранні ў «амерыканцы» адборныя. Пачынаецца ўсё з адключэння разетак, могуць проста адабраць тэлевізар. Узровень вышэй — могуць прымушаць стаяць цэлымі днямі ў адной позе або на расцяжцы. Яшчэ вышэйшы ўзровень — кожную гадзіну ноччу будзяць і прымушаюць спусціць трусы і прысядаць ці круціцца. Яшчэ вышэйшы ўзровень — адвядуць у «мяккі пакой», дзе няма камер — там у столь укручваюць спецыяльны кручок, на які падвешваюць цябе ў кайданках з рукамі за спінай і могуць біць электрашокерам. Калі вельмі незгаворлівы, то могуць па суседніх камерах рассадзіць усіх тваіх сваякоў, уключаючы 80‑гадовую маці.
Дык вось, гэты падпалкоўнік прайшоў усе ўзроўні і ўсё адно не здаўся. У яго спынялася сэрца і выклікалі рэанімацыю, якая яго ледзь адкачала. І пасля гэтага здзекі не толькі не спыніліся, але нават узмацніліся. На тым жа паверсе ў камеры сядзіць яго сястра.
Вельмі часта ў камеру заязджаюць людзі з адбітымі ныркамі, сінякамі і страсеннем мозгу, з паламанымі рэбрамі. Я здзіўляўся, што сярод такіх асабліва шмат людзей, якіх затрымліваюць за банальную нявыплату падаткаў. Навошта іх так збіваць?
Тры чалавекі, з якімі я сядзеў у камеры, пры затрыманні прайшлі праз «возера» — іх адвезлі на нейкі вадаём, там білі, накідалі на рот анучу і залівалі вадой, імітуючы ўдушэнне.
Скардзіцца, натуральна, няма каму, будзе толькі горш. Таму ўсе, ужо знаходзячыся ў камеры, пішуць у тлумачальных, што альбо спатыкнуліся, выходзячы з аўтобуса, альбо зачапіліся за корань дрэва падчас прабежкі і зламалі сабе рэбры, нос і выпадкова прастрэлілі нагу. Гэта адбываецца ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы. Дадайце сюды бонусам яшчэ адсутнасць прыбіральні (вядро) і адсутнасць нараў (спіш на падлозе на драўляных паддонах).
Каментары