5 ліпеня ў беларускі пракат выходзіць «F1» — блакбастар з Брэдам Пітам пра самыя элітныя гонкі ў свеце. Што там цікавага, акрамя топавай зоркі і дарагіх балідаў?

Стужка «F1» пазнаёміць вас з Сані Хейзам — некалі вядомым гоншчыкам, якога і грае Брэд Піт. У 90-я Хейз выступаў у «Формуле-1» і меў неблагія перспектывы, пакуль страшная аварыя не прымусіла яго сысці на пакой.
Пабудаваць жыццё па-за спортам Хейзу не ўдалося. Мужчына ўцягнуўся ў залежнасць ад ставак, пацярпеў няўдачу ў трох шлюбах і ў выніку жыве ў просценькім трэйлеры ды часам удзельнічае ў дробных гонках.
На шчасце, у Сані захаваліся добрыя сябры, і адзін з іх нават мае ўласную каманду ў «Формуле-1» пад загадкавай назвай APXGP. Вось толькі і там не ўсё добра: каманда не паказвае зайздросных вынікаў, і інвестары гатовыя яе прадаць, калі не ўбачаць перамогі APXGP на адным з гран-пры «Формулы-1». Здаецца, у каманды ёсць з кім дасягаць той перамогі, але досвед Хейза быў бы карысны.
Таму Рубен (Хаўер Бардэм), уласнік APXGP, прапануе Сані месца ў камандзе. І, вядома, той не адмаўляе сабе ў задавальненні зноў нырнуць у атмасферу найлепшых гонак у свеце.

Гэтай атмасферы вам дакладна хопіць. Адзін з прадзюсараў стужкі — легендарны гоншчык «Формулы-1» Льюіс Хэмілтан, а ў кадры, акрамя Хэмілтана, можна пабачыць дзясяткі гоншчыкаў і супрацоўнікаў гэтага турніра.
Шмат будзе і саміх гонак. Здаецца, гэтыя гонкі вартыя кожнага з 250 мільёнаў даляраў, з якіх складаецца бюджэт «F1».
Так што калі любіце экшн — адназначна бярыце квіткі. І нават калі гонкі — не ваша, моцны акцёрскі дуэт Піта і Бардэма дапаможа зразумець, чым жа людзей так вабіць свет «Формулы-1».
На жаль, у гэтай стужцы шмат не толькі гонак, але і штампаў. Пад вокладкай спартовай драмы ў «F1» лёгка пазнаць класічную гісторыю пра амерыканскую мару. Такой марай для Сані Хейза быў нават не поспех у гоначным свеце, а сама атмасфера вялікіх гонак, пра што ён і расказвае ў фільме.


«F1» аказаўся адным з тых фільмаў, дзе стваральнікі самі не ведаюць, што ж яны хочуць зняць. Так, тут дастаткова экшну, і ў гэтым плане фільм сапраўды працуе. Гэта бачна і па рэйтынгах. Напрыклад, на платформе Rotten Tomatoes фільм набраў рэйтынг у 84% — не геніяльна, але і не ганебна.
Але бачна і спробы пайсці глыбей за спорт, заразіць гледача філасофіяй гонак. Рубен пытаецца ў Хейза — маўляў, чаму ж не тэніс ці гольф, што ж такое ў гэтым спорце, што мы прысвяцілі сябе менавіта яму? З другога боку, той філасофіі ў стужцы так мала, што гэтыя ўрыўкі глыбокіх дыялогаў тонуць у бясконцых гран-пры «Формулы-1».
Каб зрабіць не проста якаснае, а вялікае кіно пра гонкі, мала проста мець 250 мільёнаў даляраў, Льюіса Хэмілтана, доступ да трасы і некалькі файных балідаў. Сцэнар аказаўся слабым месцам новай стужкі — настолькі, што выцягнуць гэтую гісторыю да шэдэўра не ўдалося нават Брэду Піту.
І ў той жа час «F1» — жывое кіно, якое дае магчымасць праверыць нервы на трываласць і якое збярэ свае грошы ў кінатэатрах. Вось толькі класікай яму не быць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары