«Месяц без працы — даражэй». Ці можна заплаціць $5 тысяч і атрымаць офер?
У LinkedIn вялікая дыскусія. Карыстальнік напісаў, як адмовіўся ад офера (запрашэння на працу) — і «трапіў» на $5 тысяч, піша devby.io.

Калі коратка, ён «пайшоў на ўгоду» з кар’ерным кансультантам: той абяцаў дапамогу ў пошуках працы, а ўзамен хацеў 50% ад першага заробку свайго кліента або $5 тысяч — калі кандыдат адмовіцца ад прапановы (а ён такі адмовіўся). У выніку аўтар вырашыў прарэкламаваць паслугі таго самага кансультанта «ў лік запазычанасці», а таксама абвясціў збор сродкаў, каб разлічыцца за дапамогу ў пошуку працы, на якую ён так і не выйшаў.
Завязалася цікавая дыскусія аб «прадаўцах офераў». А ці можна вось так, асабліва не напружваючыся, за $5 тысяч гарантавана атрымаць працу?
Што кажуць эйчары/кансультанты
Гэта дорага, бо рынак стагнуе
HRD і кар’ерны кансультант Ірына Вішнеўская кажа, што «ніхто з такіх спецыялістаў не гарантуе кандыдату офер».
— Асноўнае напаўненне паслугі па кар’ернаму кансультаванню — гэта зрабіць прыгожае рэзюмэ + суправаджальны ліст, узяць на сябе пошук і падбор адпаведных вакансій, адгукнуцца ад імя кандыдата, «натаскаць» яго на тое, каб ён прайшоў усе сумоўі.
То бок па факце — гэта паслугі для «лянівых». А такі іх кошт грунтуецца на тым, што рынак зараз стагнуе, вакансій мала, кандыдатаў шмат — вось на іх няўдачах і страхах і можна цану загнуць.
Журналісты папрасілі Ірыну агучыць расцэнкі. Самыя высокія, канкрэтызавала яна, — у раёне 4-5 тысяч еўра. Але таксама яны могуць быць прывязаны да працэнтаў ад гадавога даходу кандыдата або аднаго месячнага заробку.
«Для топ-пазіцый сума можа даходзіць да 10-15 тысяч еўра».
HRD з досведам 15+ гадоў у прафесіі Анастасія*, кажа, што аднойчы сустрэла такога кар’ернага кансультанта — на сумоўі.
— Яна пераконвала мяне, што яе кандыдаты «заўсёды» працаўладкоўваюцца ў тыя кампаніі, куды хочуць трапіць. Але яна таксама заўважыла, што офер не гарантуе — а толькі дапамагае зрабіць рэзюмэ, выйсці на рэкрутара з кампаніі і падрыхтавацца да інтэрв’ю.
Анастасія кажа, што кансультанты могуць працаваць не толькі на сябе, але і на юрасобу — напрыклад, кампанію, якая дапамагае з працаўладкаваннем у Штатах або ў Еўропе (іх зараз нямала). Кожны кансультант там вядзе па 4-5 кліентаў адначасова. Плаціць кандыдат, хаця часам і кампанія гатовая выплаціць за тое, што ім дапамаглі знайсці рэдкага спецыяліста.
«Магчыма, кансультанты ведаюць, што ў кампаніі адкрыты пэўныя [непублічныя] вакансіі»
Юлія* тлумачыць, што на рынку ёсць некалькі тыпаў спецыялістаў: адны займаюцца прафарыентацыяй і развіццём; другія дапамагаюць з канкрэтнымі тэхнічнымі задачамі па пошуку працы.
— Ёсць і такія кар’ерныя кансультанты, якія дапамагаюць з пошукам працы «пад ключ»: рыхтуюць cover letters, складаюць некалькі рэзюмэ пад розныя пазіцыі, запаўняюць LinkedIn, да якога кандыдаты даюць доступ. А ёсць яшчэ тыя, хто і падаецца за кандыдатаў, і рассылае за іх рэзюмэ — і гэта каштуе даражэй.
Юлія выказала меркаванне, што спецыялісты, якія «гандлююць оферамі», могуць мець таксама сувязі ў буйных кампаніях.
— Магчыма, яны ведаюць, што ў кампаніі адкрыты пэўныя [непублічныя] вакансіі.
Што кажуць кандыдаты
Пагаварылі з тымі, хто карыстаўся паслугамі кар’ерных кансультантаў.
Палепшылі CV за 500 еўра. «Калі не атрымаецца знайсці працу, разгледжу поўны пакет»
Дзмітрый — кіраўнік аддзела продажаў, у ІТ — 15 гадоў. Зараз жыве ў Іспаніі і шукае працу ў мясцовай або еўрапейскай кампаніі.
— Паўгода я шукаў сам, але на 200 адпраўленых CV — усяго каля 10 запрашэнняў на інтэрв’ю. Пасля чаго вырашыў звярнуцца ў спецыялізаваную кампанію.
Дзмітрый кажа, што ўзяў «мінімальны пакет» коштам крыху менш за 500 еўра. У яго ўваходзіць сесія пра кар’ернае бачанне — «што бачу я сам і што бачаць яны на аснове майго CV», дзве сесіі па паляпшэнню CV, адна сесія па паляпшэнню профілю ў LinkedIn і адна сесія-трэніроўка перад інтэрв’ю.
— Прайшло пару тыдняў, як я стаў рассылаць абноўленае CV і падправіў усё ў LinkedIn так, каб часцей з’яўляцца ў пошуку ў рэкрутараў. Таму цяжка сказаць аб’ектыўна наколькі нешта змянілася/дапамагло: у LinkedIn пакуль ніводны рэкрутар не пагрукаўся, у адказ на адпраўленыя CV пакуль таксама атрымліваю адмовы.
Дзмітрый прызнаецца, што на працягу бліжэйшых 4-5 месяцаў працягне шукаць працу «з іх карэкціроўкамі», і калі не атрымаецца — разгледзіць пакет «пад ключ».
Поўны пакет
Дзмітрый даслаў падрабязнасці. Пакет называецца «Суправаджэнне да офера» і каштуе каля 3,3 тысяч еўра «+5% гадавога акладу/магчыма растэрміноўка». Пры гэтым удакладняецца, што «другая аплата толькі пасля атрымання офера і выхаду на працу». Разлічаны ён на 7 месяцаў. Што ўваходзіць у пакет:
- «усе паслугі» кампаніі, якая дапамагае з пошукам працы;
- «асабісты ментар, які вядзе кейс [кліента] і адказвае за стратэгію»;
- зборка рэзюмэ, LinkedIn і cover letter па міжнародных стандартах;
- неабмежаваны пошук вакансій, водгукі, нетворк у LinkedIn і вядзенне статыстыкі;
- індывідуальны план, павышэнне ўзроўню англійскай і трэніроўка на інтэнсівах;
- падрыхтоўка да кожнага інтэрв’ю і дапамога ў пошуку ментара для трэніроўкі хард скілоў.
Дзмітрый кажа, што кампанію яму параілі знаёмыя, кошты ў яе — «ніжэй за сярэдні».
Далі бясплатную параду, таму што «для мяне гэта занадта дорага»
Сяргей* —.Net-распрацоўшчык. Перайшоў у ІТ з іншай сферы «не ў самы лепшы час — у 2022 годзе».
— Пакуль я шукаў першую працу пасля курсаў, што толькі не спрабаваў: бачыў на devby артыкул пра тое, як іншы джун паабяцаў два гады аддаваць 30% зарплаты таму, хто ўладкуе яго на працу — і паўтарыў у сябе ў LinkedIn (але ў іншай фармулёўцы — паабяцаў 2 поўныя заробкі). Пісаў сам кар’ерным спецыялістам, якіх мне раілі каментатары пад маімі пастамі.
Адзін з кар’ерных кансультантаў якраз адказаў, што яго паслугі для мяне занадта дарагія ды і не возьмецца, таму што я «нават не мідл», а яму патрэбны гарантаваны кейс.
Так што ён проста параіў, куды рухацца далей і за кім сачыць у LinkedIn (за што дзякуй — я так і знайшоў стажыроўку ў ІТ-кампаніі).
Сяргей кажа, што не ўдакладняў расцэнкі на паслугі таго кар’ернага кансультанта. І ў цэлым разумее, чаму яму адмовілі тады.
— Мне здаецца, лепш падыйшлі б «лоўцы офераў». Яны даўно ў гэтых «водах», ведаюць, на што клююць працадаўцы.
«Грошы немалыя, але кожны месяц без працы — гэта мінус нават бо́льшая сума»
Аліна* — фронтэнд-распрацоўшчыца. Яны з мужам пераехалі ў Еўропу, таму што яму прапанавалі месца ў мясцовай кампаніі. А яна да таго моманту «апошні раз працу шукала гадоў 7 таму».
— Мне параілі чалавека — ён дапамагае скласці рэзюмэ, тлумачыць, што трэба напісаць у LinkedIn, каб цябе заўважылі рэкрутары. Мы стэлефанаваліся на 2 гадзіны — гэта каштавала $60. Потым я яшчэ дапрацавала сваё рэзюмэ з ChatGPT, паслала кансультанту — ён сказаў: «Нармальна».
Але Аліна пакуль не асабліва прасунулася ў сваіх пошуках.
Калега мужа парэкамендаваў ёй знаёмага, які дапамагае працаўладкоўвацца ў Еўропе — не толькі «ўпакоўвае» рэзюмэ і LinkedIn, але і шукае працадаўцаў. «У яго шырокія сувязі», кажа дзяўчына. Гэта каштуе 5 тысяч еўра. «Грошы немалыя, але, як сказаў той калега, кожны месяц без працы — гэта мінус нават бо́льшая сума».
Тым не менш Аліна пакуль не гатовая весці такі дыялог. Яна працягвае працаваць аддалена на кампанію з Беларусі і «у ціхім рэжыме» шукаць новую працу.
*Імёны спікераў змененыя па іх жаданні.
Каментары
Ну зразумела! Каму патрэбныя ноўнэймы, прытым з вопытам працы ў Беларусі?!