У сабакі, закапанага жыўцом у лесе пад Светлагорскам, аб'явілася гаспадыня
Раней паведамлялася, што 10 чэрвеня валанцёры ПРА «Пульс» шукалі чалавека ў лесе каля Светлагорска і выпадкова знайшлі сабаку, амаль цалкам засыпанага зямлёй. У жывёліны была перацягнутая шыя шалікам, а вока заплыла крывёю — яе, відаць, спрабавалі душыць. Цяпер «Моцныя навіны» расказалі пра працяг гэтай гісторыі.

Сабаку пасля таго, як знайшлі, асцярожна адкапалі, напаілі і перадалі мясцовай зоаабаронцы. Тая ўладкавала Нікі (так назвалі жывёліну) на ператрымку ў Жодзіна да зоаабаронцы Алены Улашчык.
Паводле слоў Алены, цяпер у Нікі палепшылася каардынацыя, яна ўжо знаёміцца з іншымі сабакамі і нават крыху гуляла на павадку, хоць усё яшчэ баіцца. Таксама ў сабакі дыягнаставалі піраплазмоз — інфекцыю, якую пераносяць кляшчы (іх з Нікі знялі шмат).
Самы нечаканы паварот — аб'явілася нібыта гаспадыня жывёліны. Яна сцвярджае, што на час адпачынку пакінула сабаку знаёмаму чалавеку, а той ад яго ўцёк. Жанчына патрабуе вярнуць ёй Нікі. Але Алена адказала: «Ідзіце ў суд, інакш ніяк».
Цяпер справу разглядае міліцыя. Праводзіцца праверка, Алена ўжо дала паказанні і перадала дакументы з ветэрынарнай клінікі. У міліцыі абяцаюць, што вынікі расследавання будуць абнародаваныя.
Каментары