Супрацьбункерная бомба ЗША: што пра яе вядома і ці сапраўды яна можа разбурыць ядзерныя бункеры Ірана?
Сярод зброі, здольнай атакаваць падземныя ядзерныя аб'екты Ірана, ёсць адна, якая пакуль не выкарыстоўваецца і якой пакуль няма ў распараджэнні Ізраіля. Гэта GBU-57A/B — амерыканская карэктаваная супрацьбункерная авіяцыйная бомба (Massive Ordnance Penetrator GBU-57A/B (MOP)), найбуйнейшая ў свеце няядзерная бомба, здольная паражаць цэлі глыбока пад зямлёй. Гэта высокадакладная зброя вагой 13,6 тоны патэнцыйна можа трапіць у іранскі падземны комплекс для ўзбагачэння ядзернага паліва Фардо, размешчаны глыбока ўсярэдзіне гары. МОР вырабляецца кампаніяй Boeing і ёсць толькі на ўзбраенні ЗША, а ў Ізраіля доступу да яе на гэты момант няма. Што гэта за зброя, якія ў яе вартасці і недахопы і ці можна яе выкарыстоўваць? Пра гэта піша Бі-бі-сі.

Урад ЗША характарызуе GBU-57A/B так: «Буйная пранікальная зброя, здольная атакаваць глыбока закапаныя і ўмацаваныя бункеры і тунэлі».
Даўжыня бомбы — шэсць метраў. Яна здольная прабіваць зямлю на глыбіню прыкладна ў 61 метр, а пасля ўжо выбухае. Калі скідаць бомбы паслядоўна адну за адной, то кожная з іх будзе пранікаць ўсё глыбей.
Да гэтага часу MOP ніколі не ўжываліся ў рэальных баявых дзеяннях, але іх выпрабоўвалі на ракетным палігоне Уайт-Сэндс у штаце Нью-Мексіка.
Яны больш магутныя, чым Massive Ordnance Air Blast (MOAB), зброя вагой 9800 кг, вядомая як «маці ўсіх бомбаў», якая выкарыстоўвалася ў баях у Афганістане ў 2017 годзе.
«ВПС ЗША прыклалі значныя намаганні для распрацоўкі зброі, прыкладна падобнай па памеры да MOAB, але з выбуховым зарадам, змешчаным у надзвычай трывалы металічны корпус. У выніку атрымаўся Massive Ordnance Penetrator GBU-57A B», — кажа Пол Роджэрс, ганаровы прафесар кафедры даследаванняў свету ва Універсітэце Брэдфарда ў Вялікабрытаніі.
На гэтым момант толькі амерыканскі B-2 Spirit — таксама вядомы як бамбавік-невідзімка — сканфігураваны і запраграмаваны для дастаўкі MOP. Гэты самалёт, часта званы проста B-2, вырабляецца карпарацыяй Northrop Grumman і з'яўляецца адным з самых перадавых баявых самалётаў у арсенале ВПС ЗША.
Паводле даных вытворцы, B-2 можа несці карысную нагрузку ў 18 тон. Аднак ВПС ЗША паведамлялі, што паспяхова выпрабавалі B-2 з дзвюма супрацьбункерными бомбамі GBU-57a/B агульнай вагой каля 27,2 тоны.

Паводле даных Northrop Grumman, далёкасць палёту гэтага цяжкага бамбавіка складае каля 11 тысяч кіламетраў без дазапраўкі і 18,5 тысяч кіламетраў з адной дазапраўкай у паветры, што дазваляе яму дасягнуць практычна любога пункту свету за лічаныя гадзіны.
Па словах прафесара Роджэрса, калі б MOP калі-небудзь выкарыстоўваліся супраць праціўніка з сучаснай СПА, напрыклад, Ірана, да бамбавікоў B-2, верагодна, далучыліся б іншыя самалёты. Напрыклад, самалёт-невідзімка F-22 мог бы выкарыстоўвацца для падаўлення СПА праціўніка, а затым беспілотнікі маглі б ацаніць шкоду і вызначыць, ці патрэбныя далейшыя ўдары.
Паводле яго ацэнак, ЗША маюць абмежаваны запас бомбаў MOP.
«У іх, верагодна, ёсць аператыўны запас, можа быць, 10, можа быць, 20 бомбаў у агульным ліку», — кажа ён.
Ці будзе выкарыстана бомба MOP супраць Ірана?
Фардо — другі па значнасці іранскі завод па ўзбагачэнні ўрану пасля галоўнага ў Натанзе. Ён выкапаны ў схіле гары недалёка ад горада Кум, прыкладна за 150 кіламетраў на паўднёвы захад ад Тэгерана. Лічыцца, што будаўніцтва пачалося ў 2006 годзе, а працаваць завод пачаў у 2009 годзе — у тым жа самым годзе, калі Тэгеран публічна прызнаў яго існаванне.
Акрамя таго, што ён знаходзіцца пад пластом зямлі і пароды таўшчынёй каля 80 м, Фардо, як паведамляецца, абаронены іранскімі і расійскімі ракетнымі сістэмамі «зямля-паветра».
У сакавіку 2023 года Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) выявіла на аб'екце часціцы ўрану, узбагачаныя да чысціні 83,7%, што амаль адпавядае зброеваму класу. Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што мэта атакі на Іран — ліквідацыя яго ракетнай і ядзернай праграмы, якую ён назваў «экзістэнцыйнай пагрозай Ізраілю».
Афіцыйныя асобы пацвердзілі, што Фардо з'яўляецца адной з цэляў.
«Уся гэтая аперацыя сапраўды павінна быць завершаная ліквідацыяй Фардо», — заявіў у пятніцу амбасадар Ізраіля ў ЗША Ехіэль Лейтэр у каментары Fox News.
Але Ізраіль не можа выкарыстоўваць MOP самастойна, а ЗША не дазволяць іх выкарыстанне без свайго прамога ўдзелу ў канфлікце, кажа прафесар Роджэрс.
«Яны, безумоўна, не дазволяць ізраільцянам зрабіць гэта самастойна. А ў Ізраіля няма пранікальных бомбаў такога памеру», — тлумачыць эксперт.
Ці будуць ЗША выкарыстоўваць гэтую бомбу, шмат у чым залежыць ад іх гатоўнасці пашырыць свой удзел — асабліва пад кіраўніцтвам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
«Усё залежыць ад таго, ці вырашыць Трамп дапамагаць ізраільцянам на поўную катушку», — кажа Пол Роджэрс.
На сустрэчы G7 у Канадзе, якая прайшла на гэтым тыдні, Трампа спыталі, што можа заахвоціць Вашынгтон пайсці на ваенны ўдзел у канфлікце.
«Я не хачу пра гэта казаць», — адказаў ён.
У нядаўнім інтэрв'ю на ABC News амбасадару Ізраіля ў ЗША Лейтэру задалі пытанне аб магчымасці ўдзелу ЗША ў атацы на Фардо. Амбасадар адказаў, што Ізраіль прасіў ЗША толькі пра дапамогу ў абароне.
«Існуе шэраг абставін, якія дазволяць нам самім справіцца з Фардо, — сказаў ён. — Не ўсё зводзіцца да таго, каб, ведаеце, падняцца ў неба і бамбіць здалёк».
Іран заўсёды заяўляў, што яго ядзерная праграма носіць выключна мірны характар і што ён ніколі не імкнуўся распрацаваць ядзерную зброю. Але на мінулым тыдні Рада кіраўнікоў МАГАТЭ з 35 краін афіцыйна абвясціла, што Іран упершыню за 20 гадоў парушыў свае абавязацельствы па нераспаўсюджванні.
«Пераломны момант у гульні»
На думку Пола Роджэрса, нягледзячы на нядаўнія магутныя ізраільскія авіяўдары па ядзерных аб'ектах Ірана, вельмі малаверагодна, «што Ізраілю ўдалося якім-небудзь чынам пашкодзіць глыбока закапаныя іранскія ядзерныя аб'екты».
«Для гэтага ім спатрэбіцца нешта накшталт MOP», — лічыць ён.
Келсі Дэвенпорт, дырэктар па палітыцы нераспаўсюджвання ў асацыяцыі па кантролі над узбраеннямі ў ЗША, кажа, што
«пакуль Фардо застаецца ў працоўным стане, Іран па-ранейшаму ўяўляе пагрозу распаўсюджвання [ядзернай зброі] у кароткатэрміновай перспектыве. У Тэгерана ёсць магчымасць нарасціць узбагачэнне ўрану да зброевага ўзроўню на гэтым аб'екце або перанакіраваць уран у іншае невядомае месца», — мяркуе яна.
Між тым поспех у разбурэнні Фардо не гарантаваны, нават калі будуць выкарыстаныя бомбы MOP, мяркуе Роджэрс.
«Гэта канкрэтная зброя мае найбольшыя шанцы нанесці шкоду іранскаму ядзернаму патэнцыялу глыбока пад зямлёй, чым любая іншая зброя, якая існуе ў цяперашні час. Але ці магчыма гэта на справе — хто ведае?» — лічыць ён.
Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?
ЗША прывялі войскі на Блізкім Усходзе ў павышаную гатоўнасць пасля экстраннай нарады Трампа з генераламі
ЗША перамяшчаюць вайсковыя самалёты ў рэгіён Міжземнага мора
Пасля адхілення Іранам ультыматуму Трампа ЗША пасылаюць на Блізкі Усход трэці авіяносец
ЗША перакідаюць на Блізкі Усход другі авіяносец і дзясяткі самалётаў
Каментары
Арандатар менавіта такога завода у ЗША (USEC) лёгка выняў з кішэні 7.5 млн USD для аўстралійскай SILEX з яе "тэхналогіяй 3-га пакалення".
90-я Мінск
- Я должна тебе сказать, ..., что наша кафедра <назва> (БГУ им. В. И. Ленина), очень сильная.
[і назіраючы маю скептычна скрыўленую рожу]
- Я конечно могу ошибиться, ..., но по моему разумению - возможно самая сильная в СССР.
Дык якой праблеме была удзячная сваім стварэннем катэдра БДУ?
Пра якую менавіта "здзелку" з Іранам як папугай паўтарае прэзідэнт-бізнэсмэн?
З кім насамрэч збіраецца сустракацца у Мінску Кіт Келаг?