Дынаміка абменаў паказвае, як мяняўся расклад сілаў на полі бою.

Скончыўся чарговы этап абмену палоннымі між Украінай і Расіяй. 9, 10 і 14 чэрвеня былі абмененыя вялікія групы палонных у катэгорыях «параненыя і цяжкахворыя» і «палонныя да 25 гадоў». Абмены адбываюцца на мяжы Беларусі. Такія абмены сталі магчымыя ў межах дамоўленасцяў, дасягнутых на перамовах у Стамбуле. Лічбы байцоў, якія вярнуліся да родных у канкрэтна гэтыя дні, не называюцца. Але аналіз звестак за больш працяглыя перыяды дазваляе іх вызначыць даволі дакладна агульную тэндэнцыю.
Усяго з пачатку вайны да сярэдзіны чэрвеня 2025 года па інфармацыі ўкраінскага агенцтва Укрінфарм ва Украіну вярнуліся 6 293 чалавек — 5 757 выключна праз абмены + 536 вызваленыя па-за імі. Адпаведна, прыкладна аналагічная колькасць расійскіх ваеннапалонных вярнулася ў Расію.
Даных пра колькасць вайскоўцаў, якія застаюцца ў палоне, ні расійскі, ні ўкраінскі бок не раскрывае да канца.
На сустрэчы з журналістамі міжнародных інфармацыйных агенцтваў 5 чэрвеня 2024 года Уладзімір Пуцін заяўляў, што ў расійскім палоне знаходзіцца 6465 украінскіх вайскоўцаў. Тады ж ён назваў лічбу ў 1348 расійскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца ва ўкраінскім палоне.
Украінскі бок, у прыватнасці, прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Андрэй Юсаў, абверг гэтыя лічбы, назваўшы іх прапагандай. Украіна не раскрывае сваіх афіцыйных даных па агульнай колькасці палонных.
Гэтая лічба не была пацверджаная і міжнароднымі арганізацыямі, напрыклад, Міжнародным Чырвоным Крыжам, які ўсё яшчэ не атрымаў паўнавартаснага доступу да ўсіх месцаў утрымання палонных.
Той факт, што Украіна не называе даных аб палонных, ускосна паказвае на дысбаланс: украінцаў у расійскім палоне ўсё яшчэ больш, чым расіян ва ўкраінскім. І гэта мае тлумачэнне.
У першыя ж дні вайны, карыстаючыся эфектам нечаканасці, кліны расійскіх войскаў глыбока ўвайшлі на тэрыторыю Украіны. У першыя ж тыдні вайны ў акружэнне трапіў гарнізон Марыупаля — гэты горад пратрымаўся даўжэй, чым Брэсцкая крэпасць. Яны прынялі ўдар на сябе, адцягнулі на сябе баяздольны кулак расійскай арміі. Вынікам такой абароны Марыупаля стаў непазбежны палон. У першыя тыдні расіяне ў палон амаль не траплялі, а ўкраінцаў здавалася шмат: памежнікі, байцы Унутраных войскаў, якія сцераглі Чарнобыльскую АЭС, сілавікі-тылавікі ў захопленых першым ударам гарадах.
Украінцы моцна папоўнілі абменны фонд падчас разгрому расійскіх калонаў пад Кіевам і ў Мікалаеўскай вобласці ў сакавіку-красавіку 2022 года, а пасля — падчас Ізюмскага контрудару ў жніўні 2022-га і Курскай аперацыі ў 2024-м.
Палонных бяруць пры наступе, а з восені 2024 года ўкраінская армія толькі абаранялася і адступала. Кіеў выбраў тактыку глухой абароны, таму што Украіна мае менш жывой сілы і вымушаная яе берагчы. Здавалася б, пры такой тактыцы колькасць палонных украінцаў павінна расці хутчэй, чым колькасць палонных расіян. Але лічбы абменаў паказваюць, што гэта не так. Розніца, здаецца, не вырасла, а можа быць нават зменшылася.
Глядзіце: з 5 чэрвеня 2024 года, дня той заявы Пуціна, Расія сумарна вярнула 1769 палонных. Гэта ўжо больш, чым лічба, агучаная кіраўніком Расіі.
Так, сярод абмененых не толькі палонныя вайскоўцы, ёсць і цывільныя калабаранты, якіх вырашылі аддаць Расіі.
Але ва Украіне ўсё яшчэ застаюцца шматлікія палонныя, рыхтуюцца новыя абмены.

Гэтыя лічбы пацвярджаюць, што наступ расіян ідзе не так гладка, як ім хацелася б, і што матывацыі расійскім вайскоўцам бракуе.
«Гэта новы тып вайны. 15 км ад лініі фронту — цяпер зона суцэльнай смерці», — адзначыў нядаўна генерал Валер Залужны. Як бачым, многія расіяне не хочуць паміраць, а аддаюць перавагу палону.
Ужо сам факт таго, што тысячы расійскіх вайскоўцаў трапілі ў палон, сведчаць пра невысокую баяздольнасць расійскай арміі. Для параўнання: за час войнаў у Іраку і Афганістане, калі амерыканцы працяглы час акупавалі варожа настроеныя тэрыторыі, у палон трапіла ўсяго 7 амерыканскіх вайскоўцаў.
Расійскі перамоўнік Уладзімір Мядзінскі, пагражаючы Украіне, нядаўна ў Стамбуле правёў паралель з Паўночнай вайной, якая доўжылася 21 год.
Аднак цана, якую плаціць Расія, можа быць завялікая нават для маскоўскага кіраўніцтва.
Каментары