Таямнічы «Фонд першага», які з’явіўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, стварыў «дачку» ў Расіі. Там арганізацыя называецца «Криница», а ўзначальвае яе экс-начальнік упраўлення асабістай аховы палітыка і цяпер яго памочнік па агульных пытаннях, піша «Люстэрка».

Абяцалі празрыстую працу, а стварылі таемную структуру. Пра які фонд гаворка
У кастрычніку 2022 года з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі быў заснаваны «Фонд першага». Са словаў палітыка, ён мусіў замяніць закрытыя праз рэпрэсіі дабрачынныя арганізацыі. «Мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя не будуць», — казаў палітык у кастрычніку 2023-га — праз год пасля стварэння фонду. А беларусам абяцалі поўную празрыстасць працы структуры — маўляў, «кожны ахвотны можа паглядзець, куды скіраваныя ягоныя грошы».
Аднак праз больш чым два гады структура альбо наогул не вядзе ніякай дзейнасці, альбо старанна яе хавае. Так, у звестках адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асобаў і ІП у фонду, як высветліла «Люстэрка», па-ранейшаму няма ні адрасу, ні кіраўніка, ні роду дзейнасці. Раней таксама расказвалі, што гэты праект падобны да мёртванароджанага альбо фіктыўнага. Цяпер жа нам удалося высветліць, што там усяго адзін супрацоўнік, а фінансавых справаздач за мінулыя гады структура не публікавала.

Што вядома пра «дачку» фонду ў Расіі
Адзінае змяненне па фондзе, якое фігуруе ў публічнай плоскасці, — гэта тое, што ў лютым 2025 года ён заснаваў сваю «дачку» ў Расіі. Там дабрачынны фонд назвалі«Криница». Яе дырэктарам прызначылі Мікалая Леанідавіча Латышонка — поўнага цёзку вайскоўца і былога кіраўніка ўпраўлення асабістай аховы Лукашэнкі, а цяпер — памочніка палітыка.
Зарэгістраваная арганізацыя ў Маскве па тым жа адрасе, па якім знаходзіцца амбасада Беларусі (вуліца Марасейка, 17/6).
Праз чатыры месяцы з моманту заснавання ў гэтай структуры таксама не зафіксавана ніякай дзейнасці. Прынамсі, публічна.
Што вядома пра дырэктара «дачкі» фонду ў Расіі
Беларус Мікалай Латышонак — вайсковец, які адвучыўся ў Разанскім вышэйшым паветрана-дэсантным вучылішчы. З 1995 года ўваходзіў у службу бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. А ў 2003-м узначаліў упраўленне асабістай аховы палітыка.
З 2018 года Лукашэнка прызначыў яго сваім памочнікам па агульных пытаннях.
Менавіта Латышонак 30 жніўня 2020 года пасля завяршэння нядзельнага маршу выйшаў з Палаца незалежнасці да людзей, якія там засталіся. Як пісаў Tut.bt, пра пратэстоўцаў Латышонак тады сказаў наступнае:
— Ну якая вас большасць?! Вы нашую краіну заганяеце (жэст, які паказвае «ўніз»). Ён (Лукашэнка) не прайграў адназначна. Большасць на баку прэзідэнта. Вось праз вашыя ўсе акцыі — паглядзіце на курс даляра (ён рос на той момант больш за 10 дзён). У вас ёсць выбар, тут няма заслоны.
— Вы адмаўляеце катаванні на Акрэсціна? — спыталі тады Латышонка.
— Пачакайце. Усё, што паказана ў СМІ, — гэта памножана на 100. Як мінімум, — адказаў ён.
— Пяць амапаўцаў на аднаго чалавека — гэта нармальна? — спыталі ў той жа размове грамадзяне ў адказ на ягоную заяву, што сілавікі дзейнічалі правамерна.
— Нармальна, — адказаў Латышонак.
Тады ж ён абвінаваціў людзей у скачках курсу даляра: Праз вашыя ўсе акцыі паглядзіце на курс даляра. Да чаго вы штурхаеце [эканоміку]». Незадаволеным сітуацыяй у краіне памочнік Лукашэнкі ў той размове параіў з’ехаць за мяжу.
Каментары