У калоніі памёр асуджаны за хабар дырэктар Cкідзельскага цукровага камбіната
Дзмітрый Ягораў атрымаў 11 гадоў калоніі. Яго не выпусцілі нават перад смерцю, ведаючы, што ён памірае ад анкалогіі.

У папраўчай калоніі №1 у Наваполацку памёр Дзмітрый Ягораў, былы дырэктар Скідзельскага цукровага камбіната. Пра гэта даведаўся «Флагшток» ад аднаго з былых вязняў.
За атрыманне хабару Ягораў быў асуджаны ў 2021 годзе на 11 гадоў пазбаўлення волі па так званай «цукровай справе». Паводле інфармацыі крыніцы, у зняволенага была анкалогія, яго накіроўвалі ў турэмны рэспубліканскі шпіталь, але медыкі не змаглі выратаваць жыццё мужчыны.
«Не выпусцілі нават перад смерцю, ведаючы, што ён памірае. Бо з нявыплачанымі пазовамі не вызваляюць, хоць паводле закона смяротна хворых можна вызваляць», — адзначыў суразмоўца.
Паводле ягоных слоў, 7 мая цела памерлага плануюць забраць з калоніі.

Каментары