Грамадства66

Хто жыве ў лукашэнкаўскім эксперыментальным пасёлку побач з прапагандыстам Турам?

Недалёка ад Мінска будуецца катэджны пасёлак Новая Аколіца, які Лукашэнка асабіста праінспектаваў і дазволіў узводзіць там «па-гаспадарску». Выданне «Люстэрка» даведалася, каму дасталіся ў ім участкі. Сярод навасёлаў — прапагандыст, начальнік мінскай ДАІ і супрацоўнік сталічнага крымінальнага вышуку.

Забудова ў Новай Аколіцы. Фота: stroykonkurs.by

«Ідзі і будуй па-гаспадарску»

Асаблівасць Новай Аколіцы ў тым, што дамы там будуюць 12 розных дзяржпрадпрыемстваў. Пабудовы адрозніваюцца паміж сабой: ёсць драўляныя, цагляныя, газасілікатныя. У публікацыях гэта месца называлі «грандыёзным будаўніцтвам» паводле «амбіцыйнага плана»: усяго там збіраюцца ўзвесці больш за 200 малапавярховых дамоў на тэрыторыі амаль у 50 гектараў.

У 2023 годзе будоўлю наведваў Аляксандр Лукашэнка. Ён сцвярджаў, што асабіста ініцыяваў праект і дазволіў віцэ-прэм'еру Анатолю Сіваку дзейнічаць паводле свайго меркавання: «І я яму сказаў: ідзі і будуй па-гаспадарску, так, як ты палічыш патрэбным».

Лукашэнка наведвае будаўніцтва Новай Аколіцы. Фота: прэс-служба палітыка

Палітыку тады расказалі, што ў Новай Аколіцы забудоўшчыкі спрабавалі зрабіць будоўлю таннейшай і паскорыць будаўніцтва прыватных дамоў, называючы цану ў 2400 рублёў за квадратны метр. Праўда, заміналі «бюракратычныя перашкоды», праз якія выніковы кошт дома атрымліваўся вышэйшым. Лукашэнку прапанавалі «ўнесці змены ў наяўныя нарматыўныя прававыя акты, каб прыбраць гэтыя недахопы», — той, відаць з усяго, пагадзіўся.

Палітык дзяліўся, як прыклаў руку да праекта: асабіста папрасіў зрабіць пад'язныя дарогі з бетону, а не з асфальту. Яшчэ адна «інавацыя»: на вуліцах унутры забудовы прадугледжаны аднабаковы рух, а грузавы і тэхнічны транспарт можа ездзіць толькі па ўскраіне тэрыторыі. Па фота з пасёлка можна разгледзець, што паміж дамамі няма агароджаў, таксама не відаць гаражоў і навесаў для аўто.

Фота: mlyn.by

Прапагандыст, кіраўнік ДАІ і начальнік крымінальнага вышуку

Цяпер частка катэджаў у Новай Аколіцы ўжо гатовая. «Люстэрка» атрымала ад крыніцы дакументы пра іх уладальнікаў, а пры дапамозе ініцыятывы «Кіберпартызаны» сабрала пра іх звесткі.

Яшчэ ў лютым 2025 года дом у Новай Аколіцы набыў прапагандыст АНТ Ігар Тур, які пазней з тэлеэкрана тлумачыў беларусам, як правільна працаваць, каб зарабляць. Інтэр'еры ягонага катэджа так часта з'яўляліся ў сацсетках, што журналісты «Нашай Нівы» змаглі па фота нават вылічыць яго дакладны адрас.

Ігар і Ксенія Тур у новым доме. Фота: kuhni_cherry.by, Instagram / nashaniva.com

Непадалёк ад супрацоўніка дзяржТБ пасяліліся высокія чыны мінскай міліцыі: напрыклад, начальнік аддзела вышуковай работы Упраўлення крымінальнага вышуку Андрэй Пятровіч і Сяргей Бабіч, які ўзначальвае сталічную ДАІ. Аднапавярховымі дамамі там абзавяліся і міліцыянеры з райцэнтраў Мінскай вобласці — Капыля, Валожына і Лагойска.

Уласныя метры ў Новай Аколіцы атрымаў Андрэй Прысмыцкі, які ў мінулым узначальваў штаб Дэпартамента аховы МУС (чым ён займаецца зараз, невядома). У ананімным тыкток-акаўнце Андрэй часам дзеліцца краявідамі жыцця ў пасёлку: уборкай снегу перад домам, самалётамі, што пралятаюць над участкам, і шашлыкамі ў двары.

Пейзажы Новай Аколіцы. Скрыншоты: uperr3, TikTok

Мяркуючы па дакументах, навасёлы атрымлівалі жыллё рознымі шляхамі. Некаторыя арандуюць зямлю за 30—40 рублёў, іншым яна дасталася ў «пажыццёвае спадчыннае валоданне» па рашэнні мясцовых уладаў.

Як мінімум чацвёра служачых — у тым ліку Бабіч і Прысмыцкі — аформілі на катэджы іпатэку пры дапамозе структур МУС. Сумы — ад 230 да 338 тысяч рублёў, выплачваць іх трэба на працягу 15 гадоў. Пры гэтым двум сілавікам з Мінскай вобласці аднапавярховікі дасталіся бязвыплатна. Прапагандыст Ігар Тур, мяркуючы па дакументах, купіў свой дом без растэрміноўкі.

Інтэр'ер аднаго з дамоў у Новай Аколіцы. Фота: sb.by

«Спецназ Карпянкова» і дыпламаты

У «старой» частцы вёскі Аколіца размяшчаецца вайсковы гарадок вайсковай часці 3310. Яна адносіцца да ўнутраных войскаў МУС, імі цяпер камандуе намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў. На базе гэтай часці ў 2023 годзе з'явіўся атрад спецыяльнага прызначэння «Тарнада», у задачы якога ўключылі бяспеку «вышэйшых службовых асоб», ахову дзяржмяжы і падтрымку пры затрыманні злачынцаў. Вясной 2026 года ўсю часць вырашылі пераўтварыць у брыгаду спецыяльнага прызначэння.

Сустрэча службоўцаў вайсковай часці 3310 з Мікалаем Карпянковым. Мінскі раён, лістапад 2025 года. Фота: Унутраныя войскі МУС, Telegram

Менавіта в/ч 3310 атрымала ў арэнду 18 участкаў у эксперыментальнай Новай Аколіцы. Верагодна, у катэджах размясціліся службоўцы часці. Дамову заключылі яшчэ ў 2024 годзе на сто гадоў наперад, арэндная плата за ўсё склала 667 рублёў у год.

Па некалькі ўчасткаў выдзелілі і іншым сілавым падраздзяленням: ГУУС Мінгарвыканкама, УУС Мінаблвыканкама, Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС, Дэпартаменту аховы, Дэпартаменту выканання пакаранняў. Умовы падобныя: арэнда на сто гадоў, гадавая плата — ад 34 да 40 рублёў за ўчастак.

Вясной 2026 года яшчэ пяць участкаў перадалі ў пастаяннае карыстанне «Дыпсэрвісу» — гэта дзяржаўная арганізацыя, якая абслугоўвае дыпламатычны корпус і афіцыйныя дэлегацыі. Яна ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, здае ў арэнду адміністрацыйныя плошчы і жыллё, а таксама валодае крамамі бяспошліннага гандлю.

Ці могуць пасяліцца ў Новай Аколіцы звычайныя людзі? Верагодна, так, але пакуль іх няма. Два дамы разам з участкамі выстаўлялі на аўкцыён у ліпені 2025 года. Пачатковая цана за больш прасторны дом склала 365 тысяч рублёў (на той момант — 123 тысячы даляраў), за больш сціплы варыянт — 284,9 тысячы рублёў (95 тысяч даляраў). Падобна на тое, што тады іх ніхто не купіў: аб'екты працягваюць лічыцца за Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Мінаблвыканкама.

Каментары6

  • Цім
    07.05.2026
    Ва ўсіх мафіёзных дзяржавах так: сілавая і ідэалагічная абслуга верхаводаў жыве ў ахоўных спецпасёлках.
  • !!!
    07.05.2026
    Тур быў у бабарыканскім чаце рэфарматараў і рэфарматарак - факт. Нават вы пра гэта пісалі - факт. У чаце тусуюцца розныя бабарыканцы, фемініскі, КР-аўцы і былыя рэдактары Спутніка (Казарцаў цяпер у Еўрарадыё) - факт, пра апошняга вы пісалі.

    У чым праблема з каментаром?
  • Рэд.
    07.05.2026
    !!!, у гэтым - няма праблемы

Цяпер чытаюць

Цапкала і Балкунец атакавалі літоўскага палітыка, які дапамагаў беларусам пасля 2020‑га і спрычыніўся да справы, якую завёў пракурор у Гаазе13

Цапкала і Балкунец атакавалі літоўскага палітыка, які дапамагаў беларусам пасля 2020‑га і спрычыніўся да справы, якую завёў пракурор у Гаазе

Усе навіны →
Усе навіны

Рублёвыя ўклады: якія стаўкі прапануюць банкі і што адбываецца з грашыма з улікам курсаў4

Трамп паведаміў пра фантастычныя здзелкі з Кітаем пасля сустрэчы з Сі7

Трамп сказаў, што Сі Цзіньпін занадта высокі для кітайцаў3

Колькасць загінулых у выніку расійскага ўдару па Кіеве павялічылася да 24 чалавек1

Вызначыліся ўсе фіналісты «Еўрабачання-2026»1

Можа і добра было б, каб мужчыны рабілі гэта 20 разоў на месяц13

Пад Бабруйскам перакулілася маршрутка з пасажырамі

Беларуска выйграла падарожжа за 12 тысяч рублёў і вырашыла яго прадаць1

Вуліцу Мельнікайце ў Мінску перакрыюць на два гады: трэба дастаць «Алесю» і «Марыю»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цапкала і Балкунец атакавалі літоўскага палітыка, які дапамагаў беларусам пасля 2020‑га і спрычыніўся да справы, якую завёў пракурор у Гаазе13

Цапкала і Балкунец атакавалі літоўскага палітыка, які дапамагаў беларусам пасля 2020‑га і спрычыніўся да справы, якую завёў пракурор у Гаазе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць