Кіно1111

У фільме «Д'ябал носіць Prada — 2» знялася беларуска. Яна іграе «знакамітую актрысу» побач з Мэрыл Стрып

Атрымаць гэтую ролю былая беларуская журналістка Ганна Трубачова змагла дзякуючы свайму стылю.

Ганна Трубачова. Тут і далей фота з яе фэйсбуку

У фільме «Д'ябал носіць Prada — 2» Міранда Прыстлі (Мэрыл Стрып) перажывае заход кар'еры і крызіс традыцыйнага часопіснага бізнэсу. Каб ажывіць сваё выданне, яна просіць дапамогі ў былой асістэнткі Эмілі (Эн Хэтэўэй), якая займае высокую пасаду ў групе люксавых брэндаў.

Былая беларуская журналістка Ганна Трубачова ў фільме «Д'ябал носіць Prada — 2» павінна была стаць адной са статыстаў — ці то зявакай, ці то папарацы. Але дзякуючы свайму арыгінальнаму стылю атрымала ролю «знакамітай актрысы».

Але пра ўсё па парадку. Дзесяць гадоў таму беларуская журналістка Ганна Трубачова пераехала ў ЗША. Час ад часу яна здымаецца ў масоўцы кіно. Пра свае прыгоды распавядае ў фэйсбуку.

Летась Ганне неймаверна пашанцавала: яна атрымала ролю ў адным з самых доўгачаканых сіквелаў — «Д'ябал носіць Prada — 2». Прытым тую ролю, на якую не разлічвала, бо не ўваходзіла ў прафсаюз акцёраў масоўкі.

Пашанцавала праз тое, што паўсядзённы стыль Ганны даволі яркі і небанальны. У той знакавы дзень яна прыехала на ўскраіну Нью-Ёрка да гіганцкага будынка студыі, каб атрымаць убор для здымкаў.

Вобраз беларускі (а ў ім можна было пабачыць аксаміт, скуру і пёры) уразіў касцюм-дызайнераў. Пасля традыцыйнага «good to see you again» яны параіліся і прынеслі сукенку, якая больш нікому не падышла.

«Мне выдаюць тую самую дызайнерскую сукенку, якая, клянуся богам, сапраўды ні на кім больш не села б — не толькі таму, што трэба быць вельмі высокай і худой, але і харызматычнай — не кожны яшчэ пацягне, як тут кажуць: чорнае ў падлогу з даўжэзным хвастом, каўнер — вароніна пяро, а паміж кавалкамі, з якіх пашыта сукенка, праглядае мая белая скура.

Прыбраная, выходжу і тут жа пачынаю глядзець звысоку, а ўсіх нязгодных са мной ператвараць у жаб. «Нібыта нарадзілася ў гэтай сукенцы», — паведамляю касцюмерам. Звычайная працэдура — сфатаграфаваць касцюм на акцёры, — але замест пратаколу пачынаецца імправізацыя».

Паклікалі аператараў — «Здымайце яе, яна асаблівая». Ганна ўвайшла ў вобраз і атрымлівала бясконцыя кампліменты.

У выніку Ганну зацвердзілі на ролю «знакамітай актрысы №61», якая павінна ўдзельнічаць у сцэне Met Gala (гэта штогадовы дабрачынны баль Інстытута касцюма Музея Метраполітэн у Нью-Ёрку).

Кадр з фільма «Д'ябал носіць Prada — 2»

Вось як беларуска згадвае дзень здымак: «У масоўцы як мінімум паўтысячы чалавек, у арганізатараў галава кругам. Але схема звыклая: касцюмеры, макіяж, стылісты па прычосках, фатаграфіі, бясконцае чаканне ў перапынках».

Здарылася і кур’ёзная сітуацыя ў прыбіральні: адна з жанчын, якая здымалася ў масоўцы, з надзеяй звярталася да кожнай, хто заходзіў, ці няма ў яе зубной ніткі. Маўляў, гэта яе першыя здымкі ў масоўцы, магчыма, пашанцуе ўбачыць Мэрыл Стрып, а тут зубы не пачышчаныя. Ні ў кога ніткі не было.

Ганна ж прыдумала арыгінальнае рашэнне праблемы — вырвала некалькі валасоў з накладных пасмаў, якія ёй давялося прычапіць дадаткова да гнязда ў стылі «Марыя-Антуанэта ўдала правяла ноч».

«Дама анямела, бясконца дзякуе, а пасля ў дадатак атрымлівае маё нечаканае прызнанне: не ўспрымайце сябе занадта сур’ёзна».

За Ганну вельмі хвалявалася яе сястра, якая марыла, каб Ганна сустрэлася з Мэрыл Стрып на здымачнай пляцоўцы.

«І на 14‑й гадзіне 16‑гадзіннай змены я пішу ёй, што больш не магу глядзець на Мэрыл Стрып, што яна толькі што сама абрынулася на прыступках проста побач са мной, між іншым спытала ў спадара Тучы, ці варта ім вяртацца на зыходную кропку. Напэўна, варта, кажа яна, таму што калі вернешся, то хутчэй за ўсё пачуеш, што «we are wrapped», маўляў, «усё, скончылі», а не вернешся — дык будзеш зноў і зноў узыходзіць па лесвіцы, каб цалаваць каленку каралевы балю».

У выніку працоўны дзень для Ганны цягнуўся 16 гадзін і 6 гадзін — для Мэрыл Стрып. Ці адчувала беларуска сябе нейкай асаблівай у момант здымкаў побач з сусветнай зоркай? Кажа, што не.

«Але, прызнацца, нешта займальнае я ўсё ж адчула, калі мяне вывелі ў, так бы мовіць, ушчыльненую сцэну, дзе акцёры, фанаты, фатографы і журналісты ўжо выстраіліся ўздоўж дывановай дарожкі. Мяне першую паставілі на яе даваць бязгучнае інтэрв’ю. І вось стаю я на верхніх прыступках лесвіцы, гляджу ў бок парка і бачу неверагодную колькасць людзей, што выстраіліся ўздоўж агароджы Цэнтральнага парка: усе яны прыйшлі паглядзець на здымкі фільма і не разыходзіліся да пятай раніцы, пакуль мы ўсе працавалі дубль за дублем. Цікавая гісторыя, думаю: ці буду я калі-небудзь бліжэй да ўдзелу ў сапраўдным кіно…».

Ужо дома, вярнуўшыся са здымак, Ганна даведалася, што роля, якую ёй даверылі прадзюсары, прадугледжвала ўдзел у прафсаюзе (для акцёраў масоўкі, якія туды ўваходзяць, значна лепшыя ўмовы працы). Упершыню Ганна атрымала чэк з ашаламляльнай сумай — кажа, пасля яго ніколі ў жыцці не заікнецца, што 16‑гадзінная змена можа быць стамляльнай.

А агент беларускі напісаў, што за яе ўжо падалі прашэнне на прыняцце ў той самы прафсаюз.

«Каб вы разумелі: прафсаюзныя акцёры атрымліваюць значна больш, ім усюды першым зялёнае святло, лепшыя ролі і перспектывы».

Цяпер Ганна лічыць тую ролю «знакамітай актрысы №61» лёсавызначальнай — пасля яе кар’ера пайшла ў гару.

«Нядаўна я была на здымках, грым да якіх мне рабіла двойчы ўладальніца «Оскара». «Я цябе памятаю з «Д’ябал носіць Prada — 2», — сказала Джудзі».

Ганна раіць усім заўсёды заставацца самім сабой — бо менавіта ў гэтым ёсць сіла.

І сапраўды, хто яго ведае, ці атрымала б яна ролю побач з галівудскай зоркай, калі прыехала б за касцюмам не ў сваім звычайным эпатажным вобразе, а ў сціплых джынсах ды джэмперы.

Каментары11

  • бабруйчанін
    05.05.2026
    Менавіта аб гэтым каментую кажу
    Паклікалі аператараў — «Здымайце яе, яна асаблівая».
    Шмат чул чытал сустракался
    Беларуска ( беларус) ?? Ад вас нейкі свет ідзе ??
    І яшчэ людзкасць прыстойнасць Прафесійнасць адукаванасць выхаванасць ўсё наша Свае Возьме....І ні свае)))
  • Вау
    05.05.2026
    Супер навіна!
  • маскультпрасвет
    05.05.2026
    "пачынаю глядзець звысоку, а ўсіх нязгодных са мной ператвараць у жаб"

    Магла б у мусарні служыць. Дастаткова паставіць яе на высокія абцасы, і нават пер'я не трэба.

    Дзіўна, якія нездаровыя цяпер стандарты жаночых паводзінаў.

Цяпер чытаюць

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс15

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп лічыць «вельмі класнай» ідэяй аб’яднанне Ірландыі9

На наступны тыдзень прагназуюць бабіна лета

У Баварыі на Дунаі злавілі анаконду1

Па колькасці самагубстваў у Еўрасаюзе лідзіруе Літва. А што з гэтым у Беларусі?10

У Францыі сышоў з рэек пасажырскі цягнік, падобна да дыверсіі2

Змялелую Прыпяць можна пераехаць на грузавіку ВІДЭА9

У Мінску збіраюцца ўзвесці некалькі мастоў5

Аўстрыйская пякарня пачала прадаваць у Нью-Ёрку хлеб па 60 даляраў за бохан4

На Венецыянскім фестывалі ўпершыню за 40 гадоў паказалі фільм пра Беларусь1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс15

Віктар Лукашэнка засвяціў на пасяджэнні НАК свой гадзіннік — цяжкі люкс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць