Анжаліка Мельнікава тыдзень правяла на Шры-Ланцы і вылецела з дзецьмі ў Дубай
Польскае выданне Polityka апублікавала другую частку свайго расследавання.

6 мая на сайце польскага выдання Polityka выйшла расследаванне «Знікненне Анжалікі». Ягоныя аўтары — паляк Павел Рэшка і расіяне Цімур Алеўскі і Яўгенія Тамарчанка — сцвярджалі, што знікненне Анжалікі Мельнікавай можа быць звязана з грашыма, якія былі на рахунку фундацыі Bialorus liberty. У тым жа артыкуле ўпершыню была агучаная версія, што з Лондана Анжаліка Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, пры гэтым яе суправаджаў каханак-беларус спартыўнага выгляду, які можа быць супрацоўнікам КДБ.
10 мая ў тым жа выданні выйшла другая частка расследавання.
Адпаведна з інфармацыяй часопіса, Анжаліка Мельнікава падарожнічала з дочкамі Ганнай і Таццянай. Толькі 25 лютага, за дзень да вылету ў Лондан, яна забраніравала гатэль Araliya ва Унаватуне на Шры-Ланцы. Гэта выглядае так, быццам ідэя паехаць на востраў прыйшла ёй у апошнюю хвіліну альбо што яна не хацела, каб нехта загадзя даведаўся пра яе планы.
Бронь яна зрабіла не праз папулярныя сайты, а праз невялікую турыстычную фірму, якая працуе 17 гадоў на Шры-Ланцы і арыентаваная на рускамоўных кліентаў. Атэль Araliya Beach Resort & Spa — пяцізоркавы. Анжаліка ўжо жыла ў ім летась у студзені. Гэта адно з упадабаных месцаў адпачынку рускамоўных турыстаў.
У выніку сумеснага расследавання Polityka і The Insider пры садзейнічанні журналістаў Sunday Times in Sri Lanka атрымалася ўстанавіць: 28 лютага Анжаліка з дзвюма дочкамі перасекла мяжу Шры-Ланкі і паехала ва Унаватуну.
Па атрыманай інфармацыі, падчас гэтага знаходжання там з банкаўскага рахунку фонду, якім кіравала Анжаліка, быў зроблены адзін, але буйны перавод.
Пасля сямі дзён у гатэлі 7 сакавіка на Шры-Ланцы ўся тройца вылецела рэйсам Fly Dubai у Дубай.
Выданне паведамляе, што ва ўсёй паездцы Анжаліка карысталася польскім пашпартам (нумар FG 6*****7), які атрымала нядаўна, стаўшы грамадзянкай Польшчы толькі напрыканцы 2024 года. Гэта была яе трэцяя паездка ў Дубай за апошні год.
Калі журналісты збіралі матэрыял для артыкула пра знікненне жанчыны, складалася ўражанне, што расследаванне буксуе. Працоўнае месца Мельнікавай заставалася некранутым, паперы ніхто не глядзеў, калег не дапытвалі, сяброў не шукалі, месцы, дзе яна бывала, не наведваліся.
Пасля выхаду першага тэксту ў Polityka стала вядома, што пачаліся першыя допыты. Гэта адбылося праз два з паловай месяцы пасля яе ад'езду і паўтара месяца пасля паведамлення аб знікненні.
Нагадаем, што пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.
10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома.
14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.
Каментары