Крэмль рэгулярна выдае «кансервы» з Пуціным, але дэталі выдаюць пастаноўку
У 2025 годзе прэс-служба Крамля неаднаразова публікавала загадзя запісаныя сустрэчы Уладзіміра Пуціна з рознымі асобамі, прадстаўляючы іх як новыя. Такія відэа атрымалі назву «кансервы» — іх паказваюць у дні, калі расійскі кіраўнік фактычна не з’яўляецца на публіцы. Расследавальніцкі праект «Сістэма» паказаў на прыкладах, што ў такіх сюжэтах не так, піша «Настоящее время».

Каб гэтыя пастаноўкі выглядалі пераканаўча, удзельнікам сустрэч загадваюць апранацца ў тое ж адзенне і з тымі ж аксэсуарамі ў дзень публікацыі «кансервы», калі яны з’яўляюцца на іншых афіцыйных мерапрыемствах. Гэта стварае ўражанне, што сустрэча з Пуціным адбылася «сёння».
Аднак расследаванне праекта «Сістэма» паказала, што выдаюць падман дэталі — упрыгожанні, гадзіннікі, размяшчэнне кніг у кабінеце Пуціна або нават алоўкі і ручкі на яго стале.
Прыклады «кансерваў»
1. Святлана Чупшава, кіраўніца Агенцтва стратэгічных ініцыятыў
- Запіс: не пазней за люты 2025
- Публікацыя: 9 красавіка 2025
У «кансерве» яна ў чорным жакеце з залатымі гузікамі. У той жа дзень, калі відэа паказалі, Чупшава з’явілася на пасяджэнні ўрада і падпісанні дамовы з хірургамі таксама ў тым самым жакеце. Але дэталі не супалі: у Крамлі яна была ў адных завушніцах, а на рэальным мерапрыемстве — у іншых.
Да таго ж па кнігах на паліцы ў кабінеце Пуціна відаць, што запіс зроблены задоўга да красавіка.

2. Дзмітрый Грыгарэнка, віцэ-прэм’ер
- Запіс: не пазней за сярэдзіну жніўня 2025
- Публікацыя: 25 жніўня 2025
На сустрэчы ў Крамлі ён быў у цёмна-сінім гальштуку з кропельным узорам і з масіўным гадзіннікам. Па кнігах у кабінеце Пуціна расследавальнікі заўважылі, што відэа знята раней, бо там яшчэ не было зборніка паэзіі дэсантнікаў, які ўпершыню з’явіўся ў сярэдзіне жніўня.
Каб «кансерва» выглядала свежай, Грыгарэнка ў дзень публікацыі надзеў той жа гальштук і гадзіннік на пасяджэнне ўрада.

3. Святлана Радзіёнава, кіраўніца Федэральнай службы па наглядзе ў сферы прыродакарыстання (Распрыроднагляд)
- Запіс: не пазней за сярэдзіну верасня 2025
- Публікацыя: 21 кастрычніка 2025
Да Пуціна яна прыйшла ў блакітнай блузцы з металічнымі гузікамі. Па зменах на паліцах відаць, што гэта стары запіс. У дзень публікацыі яна ўдзельнічала ў пасяджэнні Савета Федэрацыі — таксама ў гэтай самай блузцы. Але там ужо былі іншыя дэталі: у Крамлі на руцэ быў толькі бранзалет, а ў Савеце Федэрацыі — гадзіннік і пярсцёнак.

Журналісты заўважаюць, што размяшчэнне кніг і розных дробязяў у кабінеце Пуціна пастаянна мяняецца — без логікі, але з дакладным паўторам у пэўных «кансервах». Калі на розных «сустрэчах» кнігі стаяць у аднолькавым парадку, гэта сведчыць, што здымкі зробленыя ў адзін дзень.
Тое ж самае — з ручкамі і алоўкамі на стале Пуціна. Напрыклад, падчас дзвюх розных «сустрэч» (з Чупшавай у верасні і Радзіёнавай у кастрычніку) прадметы на стале размешчаныя ідэнтычна, хоць паміж публікацыямі мінула паўтара месяца і адбылося дзевяць іншых мерапрыемстваў, дзе ўсё стаяла інакш.
На запыты журналістаў у гэтай справе Крэмль ні разу не адказаў, ці сапраўды выкарыстоўвае «кансервы». Але новыя прыклады, якія знаходзяць расследавальнікі, пацвярджаюць: значная частка «свежых» сустрэч Пуціна — гэта папярэдне запісаныя відэа, якія выпускаюць для падтрымання ўражання пастаяннай актыўнасці прэзідэнта Расіі.
Каментары
З народнага.
Проста як пра камунізм напісана.