Культура22

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі

Беларускі рэжысёр Яўген Карняг працягвае радаваць гледачоў прэм’ерамі ў Тэатры лялек. Гэтым разам Ліза Копша з Onliner наведала «Мроіва» — спектакль пра зніклую вёску, дзе калісьці віравала жыццё. Квіткі на снежаньскія паказы ізноў былі разабраныя адразу.

Пачнём з тэорыі. Хто працаваў над спектаклем?

Рэжысёр Яўген Карняг, мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян, кампазітар Кацярына Аверкава — трыа творцаў, якія падарылі беларускім (і не толькі) тэатрам купу касавых спектакляў. Раней, напрыклад, мы пісалі пра пастаноўкі «На черной-черной улице», «Забалоцце». Цяпер беларусы могуць насалоджвацца работай Яўгена, Таццяны і Кацярыны ў Тэатры лялек.

Пра што спектакль?

Пра зніклую беларускую вёску, а калі дакладней — яе прывід: «кожная хата — асобны сусвет чалавечых лёсаў». Некалі тут віравала жыццё: людзі нараджаліся, жаніліся, выхоўвалі дзяцей, працавалі. Дакументальныя карціны з жыцця звычайных вяскоўцаў, іх успаміны і здымкі пераплятаюцца з «Адвечнай песняй» Янкі Купалы і «Песняй пра зубра» Міколы Гусоўскага.

Слова «Мроіва» беларускія слоўнікі трактуюць як прывід, здань ці смугу. І менавіта з гэтай смугі паўстае вёска — каб паказаць свае жыццё гледачам.

Што адбывалася на сцэне?

Скажу адразу: на спектакль я ішла з думкай пра тое, што яшчэ адну пастаноўку пра памерлую беларускую вёску не пацягну. Але я памылялася.

Карняг часцяком працуе з візуальным тэатрам. Галоўная частка спектакля — не тэкст, а візуальны складнік, вобразы і метафары на сцэне. Гэта робіць гісторыю больш універсальнай: гледача не прывязваюць да пэўнай п’есы, а даюць волю самому сканцэнтравацца на вобразах, што адгукаюцца канкрэтнаму чалавеку.

Агулам сцэнаграфія (мастацкае афармленне спектакля) выклікае дзіцячае захапленне. Мініяцюрныя фігуркі жывёл, вясковыя хаты памерам з лялечныя домікі, выспы з моху… Але важна разумець, што з залы вы ўсё гэта не пабачыце. Прынамсі, не сваімі вачыма.

За акцёрамі ходзіць аператар — і відэа выводзіцца на вялікі экран за сцэнай. Менавіта там можна разглядзець убранне дамоў, могілкі, царкву. Спойлерыць здымкамі не будзем — гэта трэба бачыць на свае вочы (а заадно чуць шэпт суседзяў па зале: «Як яны гэта зрабілі?!»).

На фоне мы чуем аўдыязапіс бабулі адной з акторак. Жанчына распавядае пра памерлага мужа-здрадніка, дадаючы ў расказах колкія фразы: «Лепш бы я цябе на гародзе пахавала», «Трэба было яго спаліць і рассыпаць, каб духу не было». Як кажуць, надпіс смешны — сітуацыя страшная. Жанчына заставалася з мужам, нягледзячы на здрады, трату грошай на алкаголь, нежаданне працаваць. І гэтая сумная гісторыя, няхай і пададзеная бабуляй як камічная замалёўка, кантрастуе з вяселлем на сцэне.

Перад тым, як глядзець спектакль, звярніце ўвагу вось на што: актрысы на сцэне ўвасабляюць не толькі вясковых жанчын, але і поры года. Усё як завяшчаў Купала ў «Адвечнай песні». А напрыканцы вас чакае сучасная апрацоўка «Песні пра зубра» Гусоўскага. Ніякага аркестра, толькі біты і жвавыя рухі. Раю перачытаць школьную класіку, каб загадкавыя вобразы на сцэне не былі такой таямніцай. Прынамсі, мне давялося гэта рабіць ужо пасля прагляду.

Якія высновы?

Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы. Не, мяне туды не адвозілі на вакацыі, хутчэй наадварот — толькі на вакацыі адтуль і забіралі. І таму старыя будынкі на сцэне пахнуць танным мылам, якое набывала бабуля. Царкоўныя спевы адсылаюць да святара, што раз на год абходзіў хаты — і мы чакалі яго, як нейкае свята. Бітоны з малаком, металічны рукамыйнік у двары — усяго гэтага ў маім жыцці ўжо няма, і наўрад ці калісьці яно паўторыцца. Час ляціць і спяшаецца, а закінутыя вёскі гэтак і застаюцца прывідамі ўспамінаў.

Калі ў вас яшчэ ёсць такая магчымасць, завітайце да бабулі. Выслухайце ўсю незадаволенасць дзедам, суседзямі ці шкоднікам-катом. Дапамажыце па гаспадарцы, прылашчыце хатніх жывёл. Горыч ад страты каранёў прыходзіць з разуменнем таго, што сустрэчы з роднымі былі занадта рэдкімі, размовы — кароткімі. І гэта можна выправіць, пакуль ёсць час.

Меркаванні гледачоў пасля спектакля разышліся: хтосьці ў захапленні параўноўваў Карняга с Хічкокам, хтосьці згадваў родную вёску, а хтосьці «анічога не зразумеў, нягледзячы на ўсе намаганні». Тым не менш квіткоў на найбліжэйшыя паказы ўжо няма.

Магчыма, вам пашанцуе ў наступным месяцы — назірайце за афішай на сайце тэатра. Трымаем за вас кулачкі.

Каментары2

  • Gorliwy Litwin
    10.12.2024
    А сыны і ўнукі гэтых шчырых бабуляў выбіліся ў Красаўцы, стварыўшы Этна сілавую карпарацыю, якая будзе кіраваць "Белай" часткай агромністай Русі яшчэ многія стагоддзі. Менавіта на культурным кодзе гэных бабуляў!
  • Ёсік
    10.12.2024
    У "Вечар" РТБД пры дапамозе відэакамеры таксама хаты, могілкі, слупы то далёка, то перад вачыма.

Цяпер чытаюць

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС Украіны: Зяленскі гатовы абмяркоўваць пытанне тэрыторый, але толькі на сустрэчы з Пуціным3

«Дармаедаў» пачалі караць за няяўку на прафілактычныя мерапрыемствы19

«БелДжы» выпускае тры новыя аўто4

Лявончык пра ўцечку «Байхэлп»: Гэта не было пытанне ўзлому нашай базы. Гэта быў чалавечы фактар2

У Беларусі ёсць чатыры вёскі з насельніцтвам больш за 20 тысяч чалавек. Вось яны17

Памёр расійскі прапагандыст Вышынскі, якога Масква выменяла ва Украіны3

Ціманоўская стала чэмпіёнкай Польшчы20

Расійская альпіністка, якая тыдзень была на вышыні 7000 метраў са зламанай нагой і без ежы, загінула41

Прапагандыстка з пула Лукашэнкі пачала працаваць яшчэ і псіхолагам23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць