Свет11

«Ніякага апавяшчэння не было». Беларусы расказалі, як перажылі найбуйнейшую за паўстагоддзя паводку ў Іспаніі

Па апошніх звестках, 218 чалавек сталі ахвярамі шторму DANA, які абрынуўся на Іспанію на мінулым тыдні. Асноўны ўдар прыйшоўся на правінцыю Валенсія. Сама сталіца рэгіёну не пацярпела — там зрабілі высновы з разбуральнай паводкі 1957 года і ўзвялі адпаведныя ўмацаванні, а вось прыгарады літаральна змыла. Пасля шторм перамясціўся ў Каталонію, дзе таксама выклікаў транспартны калапс. «Зялёны партал» пагаварыў з нашымі суайчыннікамі, якія воляй лёсу апынуліся ў эпіцэнтры гэтай стыхіі.

Вуліцы Валенсіі пасля ўдару стыхіі
Вуліцы Валенсіі пасля ўдару стыхіі

Фота і відэа з прыгарада Валенсіі Пайпорты можна было пабачыць, напэўна, ва ўсіх СМІ свету: гарадок не толькі стаў сімвалам разбуральнай стыхіі, а яшчэ апынуўся ў цэнтры палітычнага скандалу: менавіта сюды прыехала кіраўніцтва краіны разам з іспанскай каралеўскай парай, каб выказаць падтрымку мясцовым жыхарам.

Але тыя жэст спачування не ацанілі і закідалі высокіх гасцей гразёй. Такім чынам жыхары правінцыі выказвалі сваё стаўленне да ўлад, якія на іх думку, нічога не зрабілі, каб, па-першае, прадухіліць разбуральныя наступствы стыхіі, а, па-другое, дапамагчы пацярпелым.  

За штормам DANA з балкона кватэры на ўласныя вочы назірала беларуска Вікторыя, якая жыве ў Пайпорце з сям’ёй два з паловай гады. Кажа: нішто не прарочыла стыхіі, бо за час іх жыцця ў Іспаніі было толькі пару даждлівых дзён, а ўвесь астатні час надвор’е было сонечным, пра ўраган нават не з’яўлялася і думкі. Тое, што адбылося напрыканцы кастрычніка, стала непрыемным сюрпрызам.

Кватэра беларусаў у доме на трэцім паверсе засталася цэлай, а вось усё, што ў Пайпорце было на ніжніх паверхах — крамы, пошта, паліклінікі, дзіцячыя ўстановы — проста змыла. Да прыкладу, дачка Вікторыі засталася без школы: ужо вызначылі, што будынак аднаўленню не падлягае.

Самым драматычным днём для Пайпорты стаў аўторак, 29 кастрычніка. З раніцы, узгадвае Вікторыя, было вельмі цёмна, нібыта палярная ноч апусцілася, вельмі моцны вецер, але дажджу, як такога, не было.

На вуліцах Валенсіі пасля паводкі
На вуліцах Валенсіі пасля паводкі

Жанчына ў 17:30 забрала дачку са школы, на развівальныя гурткі вырашылі ў гэты дзень не ісці з-за надвор’я, таму вярнуліся дадому. А праз гадзіну па вуліцах Пайпорты ўжо несліся патокі вады, якія змывалі ўсё на сваім шляху, у тым ліку аўтамабілі з людзьмі.

«Ніякага апавяшчэння не было. Ну ёсць жа сіноптыкі, яны ж для чагосьці выконваюць сваю працу і павінны былі прадбачыць гэтую стыхію. Напрыклад, маглі б быць апавяшчэнні, каб людзі на вуліцу не выходзілі, каб падымаліся з першых паверхаў. Але нічога такога не было.

Першыя апавяшчэнні прыйшлі праз дзве гадзіны пасля трагедыі. У іншых гарадах рэгіёну ўлады людзей папярэдзілі: тэлефанавалі і казалі не весці дзяцей у школу, ці забраць са школы раней. У нас нічога такога не было».

Мясцовыя жыхары не толькі па гэтай прычыне злуюцца на ўладу. Фактычна тыдзень горад, які знаходзіцца на мяжы гуманітарнай катастрофы, выжывае сіламі валанцёраў.

Дзясяткі тысяч людзей з усёй Іспаніі цягнуцца ў Пайпорту, каб дапамагчы разбіраць завалы, аказваць медыцынскую дапамогу, дастаўляць ваду і ежу. Зараз, па словах Вікторыі, у горадзе ёсць сувязь і электрычнасць, праўда, не паўсюль. Назіраюцца перабоі з вадой і каналізацыяй. Харчавання хапае: гуманітарныя пункты адкрытыя на кожным рагу, вялікая колькасць гарачай ежы і сухпайкоў, вады.

«Прайшоў тыдзень, і нібыта толькі зараз усе пачынаюць варушыцца. На шмат пытанняў у першыя дні мы не змаглі атрымаць адказаў. А зараз больш-менш становіцца зразумела, што са школамі, з транспартам. Але ўсё рухаецца вельмі марудна. Хоць валанцёраў у горадзе шмат».

Сталіцу правінцыі, Валенсію, стыхія зачапіла ўскосна. Тут зрабілі высновы з разбуральнай паводкі 1957 года. Тады падобны цыклон выклікаў гібель 80 чалавек, і горад задумаўся пра неабходныя ўмацаванні: старое рэчышча ракі Турыя асушылі, раку пусцілі па новым шляху, і таму цяпер асноўны ўдар прыйшоўся менавіта на прыгарады, дзе знаходзяцца прытокі.

Беларус Сяргей (імя зменена), які жыве ў Валенсіі, кажа: пра шторм нагадваў толькі моцны вецер.

«У аўторак яшчэ а 6-й увечары мы хадзілі глядзець на мора, што адбываецца. Проста дзьмуў моцны вецер і ўсё засыпала пяском. Аказваецца, што прыгарады ў гэты час актыўна тапіла, а мы нічога пра гэта не ведалі. Пяпярэджанне не выходзіць на вуліцу прыйшло ўсім, але толькі а 20-й гадзіне ўвечары. З-за моцных дажджоў было рэкамендавана не перасоўвацца па Валенсіі».

У школах сталіцы рэгіёну па сённяшні дзень прыпыненыя заняткі, не працуюць ўніверсітэты. Ёсць праблемы з транспартам, паколькі пашкоджанае дэпо мясцовага метрапалітэна. Сяргей заўважыў і змену ў настроі людзей.

«Звычайна вяселыя іспанцы зараз вельмі злыя. У мяне асабіста ёсць адчуванне бездапаможнасці — што я яшчэ магу зрабіць і чым дапамагчы? Нават нягледзячы на тое, што гэта не нашая бяда, наша кам’юніці вельмі добра арганізавана і ўдзельнічае ў агульным руху салідарнасці».

Зараз прагноз надвор’я па Валенсіі больш-менш стабільны, новых залеў не чакаецца. У панядзелак DANA пайшла ў Каталонію, дзе таксама выклікала транспартны калапс — былі адмененыя авіярэйсы, спынены рух на чыгунцы.

Жыхары рэгіёну атрымалі папярэджанне аб павышанай небяспецы і рэкамендацыі заставацца дома. Але непагадзь працягвалася нядоўга, расказаў жыхар Барселоны Павел.

«У Барселоне ў панядзелак усё вельмі хутка здарылася: у 10:30 прыйшло штармавое папярэджанне па горадзе і ваколіцах, і літаральна адразу ж пачало заліваць. Я выйшаў на працу, але амаль адразу вярнуўся назад, атрымаўшы папярэджанне на тэлефон. Напісалі, што не варта нікуды хадзіць ці ездзіць і трэба пазбягаць рэчак і ручаёў.

Недзе гадзіну-паўтары ішоў вельмі моцны дождж, затапіла некалькі станцый метро, ​​аэрапорт, спыніўся рух усіх цягнікоў. Знаёмых студэнтаў літаральна закрылі ў памяшканні ўніверсітэта на пару гадзін. Але пасля дождж гэтак жа рэзка спыніўся і ўжо па абедзе ззяла сонца.

У Барселоне, наогул, вельмі добрая сістэма ліўнёўкі і калектараў, таму пашкоджанняў асаблівых не было. Толькі сотню рэйсаў з аэрапорта адмянілі ці перанеслі».

Каментары1

  • Няякасная праца
    07.11.2024
    Рэд. Дзякую, выправіў.

Цяпер чытаюць

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей10

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп не стаў лічыць Пуціна перашкодай на шляху да міру8

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў, як працаваў разам з будучым Папам Львом XIV1

Ціханоўская пра ўдар па маршрутцы ў Сумскай вобласці: Відавочна, што Расія не хоча міру4

У панядзелак павінна стаць цяплей

Эйсмант пра перамовы ў Стамбуле: Мы не напрошваліся на ролю пасярэдніка, але калі неабходна — арганізуем15

Пад Оршай злавілі гіганцкага залатога карася7

Пяць гадоў таму памёр Юрый Зісер3

Маладая пара вырашыла абысці ўвесь Мінск уздоўж МКАД: «Ногі потым яшчэ тры дні балелі»1

Запальныя шведы, вясёлыя эстонцы, Ізраіль рве сэрца: сёння захапляльны фінал Еўрабачання9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей10

На Купянскім кірунку загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей «Рыжы» Аўдзей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць