Якая з карцін Марка Шагала стала самай дарагой на апошнім аўкцыёне Christie’s
У рамках серыі лонданскіх аўкцыёнаў Christie's з 9 па 22 кастрычніка прайшлі чарговыя анлайн-таргі, прысвечаныя працам Марка Шагала са збору яго спадчыннікаў.

Твор Марка Шагала «Святое сямейства ў чырвоным і каза ў зялёным» (1950) быў прададзены на апошніх анлайн-таргах, прысвечаных работам мастака на аўкцыёне Christie’s, за 163 800 еўра. Першапачатковы кошт малюнка на паперы складаў €18 000—28 000. Усяго на апошнім распродажы твораў жывапісца пад тэматычнай назвай «Між небам і зямлёй» былі рэалізаваныя 72 работы з калекцыі яго спадчыннікаў, піша Reformby.org.
Планавалася, што найбольшую цікавасць пакупнікоў выклікае гуаш мастака «Анёл з чырвонымі крыламі ў жоўтым небе», створаная ў 1979 годзе: лот ацэньваўся ў €38 000—55 000, а па выніку быў прададзены за 138 тысяч еўра.
Але за «Святое сямейства ў чырвоным і каза ў зялёным» разыгралася большая барацьба, вынікам якой стала павелічэнне першапачатковага кошту работы, выкананай у змешанай тэхніцы, амаль у шэсць разоў.

У топ-3 найбольш дарагіх твораў у гэтыя таргі трапіў і малюнак «Успаміны пра вясну», напісаны прыблізна ў 1983 годзе. Першапачаткова работа ацэньвалася ў €38 000—55 000, а была рэалізавана за 119 700 еўра.

Кошт многіх твораў Марка Шагала па выніках кастрычніцкага распродажу павялічыўся ў 2-7 разоў. На анлайн таргах былі прадстаўленыя пераважна работы мастака на паперы.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары